Навагрудскай спецшколе-інтэрнату — 75

- 20:48После уроков, Юбилеи

Навагрудская спецшкола-інтэрнат адзначыла 75-гадовы юбілей. Згэтай нагоды сабралася шмат выпускнікоў розных гадоў, педагогаў-ветэранаў, павіншаваць прыйшлі прадстаўнікі адміністрацыі горада і вобласці, калегі з іншых устаноў адукацыі.

Гісторыя нашай школы вядзе свой адлік з канца 1944 года, калі, згодна з пастановай СНК БССР ад 9 кастрычніка 1944 года № 699 “Аб арганізацыі спецыяльных дзіцячых дамоў для глуханямых вучняў”, выканаўчы камітэт Баранавіцкага абласнога Савета вырашыў: адкрыць школу для глуханямых дзяцей з ахопам у 100 чалавек у горадзе Навагрудку, абавязаць старшыню Навагрудскага райвыканкама выдзяліць памяшканне пад рэспубліканскую школу для глухіх.

Вучні пачалі паступаць у школу з сакавіка 1945 года (5 чалавек). У чэрвені навучалася 10 дзяцей, у жніўні 1945 года — 20 школьнікаў, у верасні —34 вучні, у лістападзе 1945 года — 41. У школе працавалі 4 класы і адзін падрыхтоўчы для дашкольнікаў. Узроставы склад вучняў: ад 7 да 14 гадоў — 37, звыш 14 гадоў — 4. У школе ў гэты час працавала 6 педагагічных работнікаў.

Школа мела ўласную падсобную гаспадарку: 2,5 га ворнай зямлі, двух коней, дзве цялушкі.

За перыяд існавання школы-інтэрната тут навучаліся дзеці з 98 рэгіёнаў СССР, з 91 рэгіёна БССР і з 7 рэгіёнаў за межамі БССР (Літоўская ССР і РСФСР).

Школа-інтэрнат некалькі разоў мяняла сваю назву, сёння гэта — Навагрудская школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжкасцямі ў навучанні.

Напрацягу 75 гадоў ва ўстанове адукацыі працавала больш за 800 работнікаў (як педагогі, так і абслуговы персанал). Безумоўная заслуга — у згуртаванасці калектыву, яго накіраванасці на выкананне пастаўленых задач кіраўнікоў. За гэты перыяд на “капітанскім мосціку” знаходзілася 12 чалавек: Г.Б.Шулевіч, А.В.Сурыновіч, В.А.Кацалапаў, Р.І.Няхай, В.І.Барабашова, Л.Ф.Пашынскі, У.Ц.Дзедавец, У.В.Іваноў, В.І.Русецкая, А.Я.Ермакова, М.А.Жыдко, А.А.Анікевіч.

Большасць “капітанаў” — мужчыны. Самы працяглы час кіравалі школай Уладзімір Віктаравіч Іваноў — 15 гадоў і Раман Іосіфавіч Няхай — 13 гадоў. Але кожны з кіраўнікоў у пэўнай ступені адказваў і забяспечваў прыярытэтны кірунак у развіцці школы.

Так, для Васіля Анатольевіча Кацалапава і Рамана Іосіфавіча Няхая гэта было станаўленне школы як самастойнай адзінкі, падбор і расстаноўка кадраў. Для Валянціны Іванаўны Барабашовай, Леаніда Фёдаравіча Пашынскага — гэта перакваліфікацыя школы, забеспячэнне метадычным суправаджэннем педкалектыву па карэкцыі маўлення, заваяванне аўтарытэту ў асяродку прафесіяналаў. Для Уладзіміра ВіктаравічаІванова — утрыманне заваяваных пазіцый і выхад на якасна новы ўзровень у матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні. Для Алены Яўгеньеўны Ермаковай — выхад на ранняе выяўленне дзяцей з ЦПР і аказанне комплекснай дапамогі, маштабная рэканструкцыя памяшканняў, забеспячэнне камфортных умоў для навучання і выхавання. Для Маі Ахмедаўны Жыдко — станаўленне школы як апорнай у рабоце з ЦПР, стварэнне абласнога рэсурснага цэнтра.

З 1944 па 2019 гады ў спецшколе навучалася 2564 вучні. Скончылі і атрымалі пасведчанне аб базавай адукацыі за перыяд з 1967 па 2019 гады 593 вучні. Выпускнікі працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі. Аксана Шымановіч, якая скончыла Навагрудскую спецшколу-інтэрнат, з’яўляецца чэмпіёнкай Еўропы ў эстафеце па біятлоне ў 2013 годзе. Рознымі шляхамі ідуць нашы выпускнікі,але ў памяці кожнага з іх застаюцца цёплыя ўспаміны пра школу.

З таго часу змянілася многае: пачынаючы з матэрыяльна-тэхнічнай базы вучэбнай установы і заканчваючы метадалагічным падыходам. У школе створаны добрыя ўмовы для вучобы,спорту, пазаўрочнай развіццёвай дзейнасці і культурнага правядзення вольнага часу.

75 гадоў — гэта працягласць жыцця аднаго пакалення, жыцця, напоўненага яркімі, незабыўнымі старонкамі, асвечанага дзіцячымі ўсмешкамі. Мы верым, што так было, ёсць і будзе…

Ірына ГАВАРОЎСКАЯ, Таццяна МУРЗІЧ,
выхавальнікі Навагрудскай спецшколы-інтэрната

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий