- МІНСК, Рэгiёны

Шчырая размова з пісьменнікамі

 

 

У нашай школе склалася добрая традыцыя праводзіць сустрэчы з пісьменнікамі. Ужо другі раз навучэнцы-актывісты рэсурснага цэнтра “Шанс” у цёплай творчай атмасферы сустракалі пісьменнікаў роднай краіны і гасцей замежжа.

Вучні рады прымаць ужо знаёмую для іх пісьменніцу Сафію Ворса. Сафія — іх равесніца, таму яе творчасць прыцягвае сучасных падлеткаў. Яны захапляюцца яе поспехам. Цікавіць манера напісання твораў, тэмы і героі. Новым для нас госцем стала Зоя Падліпская. Зоя Іванаўна — педагог, паэт, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Слухаючы Зою Іванаўну, мы былі ўражаны і зачараваны прыгажосцю роднай мовы.

Госць з ЗША Лара Продан распавяла дзецям пра каханне ў літаратуры, пра тое, што галоўнае — жаданне дзейнічаць і ствараць, тады ўсё атрымаецца. Лара прызналася, што Мінск уваходзіць у тройку яе самых любімых гарадоў. Вядома ж, дзеці не ўтрымаліся пацікавіцца гэтай тройкай, і мы з гонарам даведаліся, што наш горад пісьменніца любіць нароўні з Прагай і Буэнас-Айрасам.

Завяршала выступ на круглым стале беларуская дзіцячая пісьменніца Тамара Бунта. Яна самы часты госць у нашай школе, і вучні добра знаёмыя з яе творчасцю. Гэтым разам Тамара Пятроўна чытала новае апавяданне “Шпіёны з нашага завулка” — гісторыю з далёкага мінулага аб праблеме булінгу.

Па традыцыі ў канцы сустрэчы вучні дзеляцца ўражаннямі: “Сённяшняя сустрэча пакінула шмат эмоцый і ўражанняў. Вельмі цікава слухаць пісьменнікаў ужывую, адразу з’яўляецца цікавасць чытаць яшчэ больш”. “Гледзячы на дасягненні Сафіі, з’яўляецца жаданне і самой напісаць апавяданне!”. “Чытаць кнігі хочацца яшчэ і яшчэ!”. “Такія сустрэчы натхняюць, прымушаюць задумацца пра тое, каб спрабаваць нешта пісаць”.

Навучэнцы прапанавалі апісаць свае ўражанні ад сустрэчы і пісьменнікам. Перачытваць іх цёплыя словы было вельмі прыемна: “Светлая атмасфера, адчуванне ўзаемапаразумення… Прыемна ўдзельнічаць у такім інтэлектуальным мерапрыемстве”, “Святло на душы ад зацікаўленых позіркаў вучняў… Прыемна, што ў сярэдняй школе № 94 Мінска паважаюць родную мову і любяць чытаць”. “Вельмі радасна, калі старшакласнікі праяўляюць цікавасць да літаратуры, жаданне пагутарыць з сучаснымі пісьменнікамі, бо менавіта кнігі дапамагаюць ім у выбары жыццёвага шляху!” “Такія сустрэчы вельмі прыгожыя! Дзякуй вам вялікі, што даеце магчымасць натхняцца іншымі аўтарамі!”.

Арганізатарам ужо другога круглага стала, як актывістам вучнёўскага самакіравання, так і педагогам, прыемна, што сустрэчы ўражваюць і навучэнцаў, і пісьменнікаў. Па аўтографы вучні сталі ў чаргу. Цёплыя словы пажаданняў атрымалі ўсе ўдзельнікі.

Дзіяна РАМАНАВА,
кіраўнік рэсурснага цэнтра “Шанс” сярэдняй школы № 94 Мінска

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ