Насычана, ярка і цікава прайшоў у сярэдняй школе № 41 Магілёва тыдзень беларускай мовы і літаратуры пад назвай “Спачатку АЗ ды БУКІ, а потым іншыя навукі”.
Кожны дзень тыдня вучні з задавальненнем удзельнічалі ў акцыях, конкурсах, інтэлектуальных спаборніцтвах, пазнавальных гульнях.
Так, Міжнародны дзень роднай мовы пачаўся акцыяй “Сэрцам роднага слова краніся”. У гэты ж дзень прайшоў конкурс чытальнікаў вершаў “Люблю мой край”. Вучні восьмых класаў у ЦГБ імя Карла Маркса напісалі дыктоўку “Прага ведаў”.
Інтэлектуальнае спаборніцтва “Гавары са мной па-беларуску”, удзельнікамі якога сталі вучні 7-8 класаў, суправаджалася вострай і напружанай барацьбой. Пытанні аказаліся складаныя, але тры каманды ўдзельнікаў працавалі актыўна і дружна.
Гульня “Хто жадае стаць выдатнікам?” выявіла найлепшых знаўцаў беларускай мовы і літаратуры сярод вучняў 5—11 класаў.
Цікава прайшло завочнае падарожжа “Мой родны кут, як ты мне мілы” для вучняў 9, 11 класаў. Наведванне школьнай экспазіцыі “Беларуская хатка” садзейнічала фарміраванню любові да сваёй Айчыны, абуджала цікавасць да мінулага малой радзімы, гонар за свой народ, яго неўміручую спадчыну.
Літаратурная кампазіцыя “Быў. Ёсць. Буду” была прысвечана пісьменніку-юбіляру У.Караткевічу. Вучні чыталі вершы паэта, знаёміліся са старонкамі яго біяграфіі.
Завяршыўся тыдзень беларускай мовы і літаратуры літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Якая цудоўная і таямнічая родная мова!”.
Ларыса АЎЧЫННІКАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 41 Магілёва