- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

“У любімай мове, роднай, наскай — ах, якія словы…”

 

 

Пад такім дэвізам прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Лелюкінскім дзіцячым садзе  — сярэдняй школе Іўеўскага раёна.

17 лютага вучні сталі ўдзельнікамі інтэлектуальнай гульні “Знаўцы роднай мовы”. У пераможцах — вучні 5—8 класа (каманда “Валошкі”). У гэты ж дзень была аформлена выстава кніг “Творцы праўдзівага жыцця”, прысвечаная пісьменнікам-юбілярам Рыгору Барадуліну і Івану Навуменку.

18 лютага навучэнцы 6—7 класаў удзельнічалі ў квест-гульні “Пуцявінамі Беларусі”. Зрабілі экскурс у гісторыю нашай краіны, мовы і літаратуры.

Захапіла акцыя “Гавары са мной па-беларуску”. На працягу дня вучні стараліся вітацца і размаўляць па-беларуску, а таксама мелі магчымасць даведацца пра значэнні беларускіх слоў.

19 лютага выправіліся ў падарожжа-віктарыну для вучняў 9—11 класаў “Жыве ў вяках беларускае слова…” Працавалі з выказваннямі мастакоў слова пра родную мову. Настрой узяў флаер-фэст “У любімай мове, роднай, наскай — ах, якія словы…” Навучэнцы 5—9 класаў стваралі лістоўкі-рэкламы, працягнуўшы словы П.Броўкі. Выбралі найлепшыя работы.

20 лютага прайшоў турнір “Адкрываем нанова беларускае роднае слова”. Вучні чыталі вершы, спявалі песні, спрабавалі сябе ў ролі паэтаў, перакладчыкаў.

Вельмі ажыўлена прайшоў дзень 21 лютага з турнірам “Родная мова, цудоўная мова”. Дзеці прынялі ўдзел у напісанні агульнанацыянальнай дыктоўкі на тэму, прысвечаную 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

22 лютага адбылося чарговае мерапрыемства пад назвай “У пошуках скарбаў”. Удзельнічалі вучні 9—11 класаў. Гульня дала магчымасць яшчэ раз дакрануцца да нашай спадчыны — народных свят, традыцый беларускага народа. Вучні з задавальненнем адгадвалі рэбусы, успаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі, загадкі, песні, пазнавалі творы па зачытаных урыўках. Інтэлектуальна-пазнавальная гульня “У пошуках скарбаў” завяршыла тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

На працягу тыдня вучні глыбей пазнаёміліся з біяграфіяй паэтаў, з іх творчай спадчынай, праслухалі многа твораў аб роднай мове, яе багацці, непаўторнасці, мелі магчымасць паспаборнічаць, паказаць свае здольнасці. У канцы тыдня зрабілі выснову, што праведзеныя мерапрыемствы развіваюць творчыя здольнасці, узбагачаюць слоўнікавы запас, актывізуюць маўленчую дзейнасць, эмацыянальную сферу. Мы за беларускую мову!

Наталля ПАЎЛОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ