- Метадычка, Пачатковая школа. Iдэi

Цуда-соты

Вольга КАВАЛЁВА,
настаўнік пачатковах класаў Старасельскага ясляў-сада – сярэдняй школы 
Рагачоўскага раёна

Выкарыстанне ў сучаснай педагагічнай практыцы розных метадаў, прыёмаў і спосабаў навучання абумоўлена неабходнасцю пошукаў найбольш эфектыўных шляхоў рашэння пастаўленых задач. Існуе шмат спосабаў перадачы ведаў вучням. Вялікае мноства прыёмаў і метадаў дапамагае здабываць, запамінаць і сістэматызаваць атрыманыя веды. Настаўніку важна абраць самыя эфектыўныя і цікавыя метады, якія можна выкарыстаць у сваёй працы.

У пошуках натхнення і матэрыялаў для папаўнення метадычнай скарбонкі я звярнулася да вопыту не толькі беларускіх, але і замежных педагогаў. Найбольш цікавым прыёмам для выкарыстання на ўроках па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет” з’явіўся прыём шасцівугольнага навучання. Працаваць з нечым новым заўсёды цяжка і цікава. Але, як вядома, у любой справе самым складаным з’яўляецца пачатак.

У мяне знаёмства з гексамі пачалося ў 2017 годзе. Маю ўвагу прыцягнулі маленькія соты з кароткімі (і не толькі) запісамі. Спадабаўся новы прыём адразу. Шасцівугольнікі ў педагогіцы ўпершыню пачаў выкарыстоўваць англічанін Рассел Тарр.

Прыём шасцівугольнага навучання яшчэ называюць гексагон-метадам, шасцібаковым прыёмам, прыёмам гексаў, або проста сотамі. Слова ўтворана ад англійска гаhexagon–шасцівугольнік. Прыём вельмі просты ў рабоце, але патрабуе пэўнай папярэдняй падрыхтоўкі. Сутнасць прыёму заключаецца ў выкарыстанні маленькіх шасцівугольных картак, на якіх змешчаны веды па пэўнай тэме. Падчас працы кожны з гексаў злучаецца з іншымі гексамі рознымі сувязямі. Вучні раскладаюць карткі паводле лагічных сувязей, будуюць з іх розныя фігуры, напрыклад, круг, лінію, кветку і г.д. 

Выкарыстанне дадзенага прыёма на ўроках у пачатковай школе аказалася даволі эфектыўным. Прыём дазволіў хутка сістэматызаваць веды вучняў 1 класа па тэме “Жывая і нежывая прырода”. Вакол шасцівугольнай карткі з надпісам “Жывая прырода” вучні расклалі і замацавалі шасцівугольнікі з надпісамі: “расліны”,“грыбы”, “чалавек”, “жывёлы”. Затым да паняцця “расліны” вучні дабавілі тлумачэнні: “дрэвы”, “травы”, далей да іх дабавілі шасцівугольнікі з тлумачэннямі:  “дуб”, “сасна”, “бяроза”, “ліпа”, “ружа”, “рамонак” і г. д. Такую ж работу вучні выканалі з шасцівугольнікамі па тэме “нежывая прырода”. Дадзенае заданне для першакласнікаў аказалася цікавым, вельмі яскрава раскрыла сэнс гексагон-метаду, паказала сувязі паміж прадметамі.

Гексы можна выкарыстоўваць і на іншых уроках, напрыклад, усе з’явы і паняцці, якія можна паказаць у выглядзе схемы ці табліцы, лёгка можна адлюстраваць у выглядзе “сотаў”.

Універсальнасць прыёма шасцівугольнага навучання дазваляе выкарыстоўваць гексы на любым уроку і на розных этапах урока. Прыём дазваляе працаваць са шматлікімі паняццямі і знаходзіць паміж імі лагічныя сувязі, развівае крытычнае мысленне вучняў і садзейнічае развіццю навыкаў класіфікацыі прадметаў і паняццяў.

 

 

 

 

Поделиться ссылкой:

About Наталья

Read All Posts By Наталья

Пакінуць адказ