Лінгвістычны эксперымент на ўроку беларускай літаратуры

- 12:26Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Ёдкаўскай сярэдняй школы
Лідскага раёна Гродзенскай вобласці

Зніжэнне ў вучняў цікавасці да такой школьнай дысцыпліны, як беларуская літаратура, – гэта не толькі мой галаўны боль, але праблема і іншых настаўнікаў-філолагаў. І на гэту праблемунеабходна рэагаваць маланкава: шукаць найбольш эфектыўныя метады навучання, якія утрымаюць інтарэс да вывучэння літаратуры.

У сёмым класе, калі вучням прыходзіцца вывучаць вялікую колькасць  прадметаў, на беларускую літаратуру, як паказвае анкетаванне, застаецца мала часу. Многія вучні лічаць так: калі прачытаў твор, то нешта раскажу. І вельмі часта дзеці могуць сказаць няшмат. Але ўжо ў гэтым узросце навучанне беларускай літаратуры накіравана на выхаванне ўдумлівага, дасведчанага чытача, які разбіраецца ў асноўных вартасцях мастацкіх твораў, умее ацэньваць іх змест, мае добрае адчуванне і разуменне спецыфікі літаратуры. У гэты час фарміруецца дастатковы чытацкі вопыт, уласны эстэтычны густ. Як тады ва ўмовах адсутнасці цікавасці да прадмета сфарміраваць пералічаныя вышэй кампетэнцыі?

Часам вырашэнне гэтага складанага пытання падказвае само жыццё.

Так, напрыклад, пры вывучэнні ўрыўка “Дзядзька-кухар” з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” сямікласнікі добра зразумелі сюжэт твора. Але на некаторыя мае пытанні, якія б характарызавалі іх як удумлівых чытачоў, не змаглі адказаць. Ніхто з прысутных на ўроку таксама не змог растлумачыць вартасць гэтага мастацкага твора і яго ролю ў беларускай літаратуры. А пытанне пра ролю фразеалагізмаў ва ўрыўку “Дзядзька-кухар” выклікала сустрэчнае пытанне: “А яны тут ёсць?”

Што рабіць? Вучні самі падказалі мне выйсце. “На ўроках хіміі і біялогіі мы праводзім розныя эксперыменты, на ўроках фізікі пішам лабараторныя. Добра было б, каб і на ўроках літаратуры мы займаліся якімі-небудзь эксперыментамі. Але ці гэта магчыма?” – чатырнаццаць пар вачэй глядзелі на мяне з цікавасцю. “Будзе вам эксперымент!” – згадзілася я. І на наступным уроку мы праводзілі калі не лабараторную работу па беларускай літаратуры, то сапраўдны лінгвістычны эксперымент.

Па-першае, вучням неабходна было адшукаць ва ўрыўку “Дзядзька-кухар” фразеалагізмы, растлумачыць іх значэнне і вызначыць, якую ролю яны адыгрываюць у тэксце. Затым трэба было падабраць сінонімы да слоў тралюе, квапіць, хвацкі, забіяцкі і растлумачыць, чаму Якуб Колас выбраў менавіта гэтыя лексемы, а не іншыя. Далей вучні шукалі словы, з дапамогай якіх у паэме ствараецца камічны эфект, замянялі іх на нейтральныя і аналізавалі, што згубіў пасля гэтага твор. Пасля мы зрабілі перастаноўку некаторых лексем, каб зразумець сэнс складаных урыўкаў твора. Акрамя таго, вучні звярнулі ўвагу на вялікую колькасць прастамоўных слоў у тэксце. Дзеці замянілі іх на агульнаўжывальныя і вызначылі, з якой мэтай аўтар уводзіць іх у паэму. У канцы сямікласнікі вызначылі адхіленні ад нормаў літаратурнага вымаўлення і напісання і іх прычыны ва ўрыўку “Дзядзька-кухар”.

На працягу ўрока вучні працавалі вельмі плённа. Не заўважылі нават, як закончыўся ўрок. З яго сямікласнікі выйшлі з больш глыбокім разуменнем твора Якуба Коласа. Асабліва мяне ўразілі вочы дзяцей: пасля лінгвістычнага эксперыменту яны загарэліся яшчэ мацней.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий