Горад мары, ці Чаму хочацца вярнуцца ў Тбілісі

- 14:29Вояж, После уроков

Наталля ЛУТЧАНКА

Неяк чытала, што, згодна з даследаваннямі, напрыканцы жыцця часцей за ўсё людзі шкадуюць аб тым, што не падарожнічалі. І я ў гэта веру. Свет такі дзівосны, у ім столькі неверагодна прыгожых месцаў! Куды б вы ні адправіліся, вы не проста ўбачыце іншую краіну, горад, раскошныя і незвычайныя будынкі. Падарожжа — гэта магчымасць даведацца пра жыццё, побыт і культуру іншых народаў, дакрануцца да гісторыі, нечаму навучыцца, пазнаёміцца з новымі людзьмі, нарэшце, атрымаць мноства эмоцый. Прапаную чытачу адправіцца на ўзбярэжжа Чорнага мора, у заходнюю частку Закаўказзя, дзе раскінулася прыгожая Грузія, ці, як называюць сваю краіну самі грузіны, Сакартвела. Мы адправімся не на мора, куды звычайна цягнецца душа ў адпачынак, а ў сталіцу — горад, гісторыя якога пішацца ўжо на працягу 16 стагоддзяў.

Турыст, які гуляе сам па сабе

Тбілісі цудоўны. У ім выдатна ўсё: і вузкія вулачкі са старымі абшарпанымі дамамі, і новыя арыгінальныя архітэктурныя рашэнні, і паркі, і паветра, і серпанцін, па якім ты імчыш з аднаго месца ў іншае, і, вядома ж, горы. Такое ж прыгожае і наваколле грузінскай сталіцы. А яшчэ людзі. Гасціннасць і дабрыня — вось галоўная рыса грузінскага народа. Менавіта людзі становяцца прычынай таго, што, пабываўшы ў Грузіі аднойчы, ты назаўсёды пакінеш там кавалачак сваёй душы.

Тэатр Габрыадзэ на пешаходнай вуліцы Шаўтэлі. Першы грузінскі тэатр марыянетак у Тбілісі. Ля ўваходу ў тэатр знаходзіцца вежа з гадзіннікам, дзе кожную гадзіну з’яўляецца анёл, каб паведаміць дакладны час

Даўно зрабіла выснову: сапраўдную асалоду ад падарожжа можна атрымаць толькі адпраўляючыся ў яго самастойна. З арганізаванай турыстычнай групай, магчыма, прасцей, але вельмі многае застаецца па-за ўвагай, губляецца ад загадзя распісанай праграмы і абмежаванасці часу. Таму я звычайна планую экскурсійны адпачынак па прынцыпе “сам сабе рэжысёр”.

Я трымаю ў руках набытую ў кніжным магазіне карту Тбілісі і яго наваколля з абазначанымі на ёй помнікамі культуры, гісторыі і архітэктуры, месцамі, якія абавязкова раяц­ь наведаць турыстам. Маёй рукой на карце ўжо памечаны мае жаданні, і пакуль чакаю самалёт у горад мары, спрабую знайсці ў інтэрнэце як мага больш інфармацыі аб месцы назначэння.

Яшчэ адзін мой набытак — самавучыцель грузінскай мовы. Некалькі месяцаў настойлівай працы, і мудрагелістыя літары ўжо не падаюцца неверагодна цяжкімі ў чытанні і напісанні, а неабходныя для бытавых зносін словы вымаўляюцца з лёгкасцю. Грузін­ская мова — афіцыйная мова Грузіі, якая ўвахо­дзіць у картвельскую сям’ю і мае свой алфавіт, не падобны да звычных нам кірыліцы ці лацініцы. Так я пазнаёмілася з пісьмом мхедрулі.

Зразумела, вывучэнне мовы — гэта зусім не абавязковы складнік. Тым больш калі размова ідзе пра Грузію, адну з краін былой савецкай дзяржавы. Старэйшае пакаленне добра ведае рускую мову, свабодна на ёй размаўляе. Пра моладзь гэтага сказаць нельга. Як і ўвесь сучасны свет, хлопцы і дзяўчаты робяць упор на англійскую. Таму калі вы валодаеце гэтымі дзвюма мовамі, то будзеце адчуваць сябе ў прыгожай краіне Закаўказзя як дома. Толькі вазьміце пад увагу, што ўсе шыльды, назвы вуліц, магазінаў і розных грамадска-культурных месцаў у Тбілісі даюцца на нацыянальнай мове і дубліруюцца толькі на англійскай.

У чым яшчэ плюс самастойнага падарожжа, дык гэта ў тым, што месца для пражывання вы выбіраеце па душы. Тут можна знайсці атэль ці арандаваць кватэру на любы густ і кашалёк. Я спынілася ў атэлі, які знаходзіўся ля падножжа скалістай гары, недалёка ад Чарапашага возера. Мора ў Тбілісі няма, таму гэтае невялічкае возера з добрым галечным пляжам стала папулярнай зонай адпачынку тбілісцаў і гасцей горада і значыцца ў спісе гарадскіх славутасцей.

Да месца дабралася ноччу. Вуліцы ў агнях, але ж нічога не разгледзець. Невялічкі будынак, які на дзесяць дзён стаў для мяне домам, хаваўся ў зеляніне дрэў і тануў у салодка-кіслым водары кветак. Удыхнуўшы на поўныя грудзі тбіліскага паветра, стомленая дарогай, але шчаслівая, правалілася ў сон. Раніцай мяне разбудзіла гаспадыня атэля і запрасіла на снеданне. Пах кавы ўжо пранікаў праз дзверы і нібы цягнуў мяне за руку ў гасцёўню, дзе за вялізным сталом сабраліся пастаяльцы і гаспадары маленькай гасцініцы. Але ж жаданне выйсці на балкон і сказаць добрай раніцы новаму гораду аказалася мацнейшым. Залітая ранішнім сонцам гара злівалася з небам, па вуліцы павольна ішлі людзі і аднекуль даносіўся пах свежаспечанага грузінскага хлеба шоці. З гэтай хвіліны я палюбіла гэты горад і гэтую краіну. Палюбіла назаўсёды.

З чаго пачынаецца Тбілісі

Можна смела сказаць, што Тбілісі пачынаецца са знакамітага ландшафтнага парку Мтацмінда, які раскінуўся на вяршыні гары з аднайменнай назвай. Ён размешчаны на вышыні амаль 800 м, самым высокім пункце грузінскай сталіцы, а яго плошча займае больш за 100 га. Трапіўшы сюды па аўтамагістралі ці на фунікулёры, вы адразу зразумееце, які ён, старадаўні Тбілісі. Адсюль адкрываецца цудоўны від на горад, з яго храмамі і замкамі, хвалістымі дарогамі, мастамі і ракой Курай. Тбілісі — былы Тыфліс — дзіўны тым, што ў ім гарманічна пераплятаецца гісторыя і сучаснасць. Побач са старымі будынкамі нечакана вырастаюць незвычайныя архітэктурныя рашэнні.

Пабываць у сталіцы Грузіі і не наведац­ь такое месца, як Сухі мост, — проста злачынства. Сухі мост — гэта “блышыны рынак”. Месца, дзе можна купіць што заўгодна. Нават калі вы не з’яўляецеся аматарам даўніны і антыкварыяту, гэты своеасаблівы музей пад адкрытым небам зацягне вас на некалькі гадзін. Велізарны і разнастайны асартымент антыкварных вырабаў, старадаўніх ювелірных упрыгажэнняў, кніг розных часоў, значкоў, сталовых прыбораў і шмат чаго іншага — тут ёсць што пагля­дзець. Праўда, амаль немагчыма ўстаяць перад жаданнем купіць хоць што-небудзь.

Сухі мост уваходзіў у мае планы яшчэ на пачатку абдумвання паездкі. Я шукала падарунак для любімага дзядзькі — курыльную люльку. Прадаўцоў гэтай рэчы аказалася нямала. Спыняешся, глядзіш, круціш у руках, а табе расказваюць падрабязна пра тавар. Кошт трымаюць упэўнена, ніякіх уступкаў. Праўда, калі я сказала, што прыехала з Беларусі, каларытны грузін пачаў мяне абдымаць, гаварыць, як ён паважае беларусаў і толькі таму гатовы мне крыху ўступіць. Так я набыла курыльную люльку, вырабленую ў Паўночным рэгіёне Францыі — Нармандыі— у 1887 годзе.

Увогуле, не хопіць часу і паперы, каб апісаць усе тыя месцы раскошнага горада, якія можна і трэба наведаць. Тут, у Тбілісі, як, па сутнасці, і ва ўсёй Грузіі, кожнае месца — гісторыя. Добра, што мы жывём у час развіцця тэхналогій, і з дапамогай інтэрнэту можна лёгка распланаваць сваё падарожжа. Чытайце, вывучайце і адпраўляйцеся ў тыя куточкі, якія кранулі ваша сэрца, бо, насамрэч, лепш адзін раз убачыць, чым шмат разоў пачуць.

Смачна есці, спадары турысты

Вы здзівіцеся, але многія турысты выбіраюць для наведвання Грузію, каб пазнаёміцца з яе смачнай кухняй, пакаштаваць нацыянальныя стравы. Ну, падумае нехта, навошта ехаць за свет, каб пакаштаваць хінкалі, калі яны прадаюцца ў нашых магазінах? Я кажу вам катэгарычнае “не”. Нідзе вы не пакаштуеце сапраўдныя хінкалі, акрамя як у самой Грузіі.

Хінкалі, лобіа, аджахуры, хачапуры… Спіс дзіўных грузінскіх кулінарных страў, добра прыпраўленых мясцовымі спецыямі, можна пералічваць доўга. Грузінскі стол — гэта багацце прысмак. Перакус бутэрбродам не тое што непапулярны, а проста недапушчальны. Снеданне, абед ці вячэра — на стале заўсёды поўна ўсялякай ежы, а порцыі ў кафэ і рэстаранах нязвыкла вялікія, часта ўжо проста не хапала сілы пакінуць талерку пустой. Ежа для грузін — не проста патрэба арганізма. Гэта — непарушная традыцыя, якая нязменна суправаджае дзелавыя сустрэчы і сяброўскія пасядзелкі.

— Сёння ўжо зусім не тое, што было раней, — дзеліцца са мной грузінка Хатуна, у якой мне пашчасціла пабываць у гасцях. — Раней рэцэпты перадаваліся ад маці дачцэ, у кожнай свае сакрэты былі. Цяпер жа тэхніка ўсялякая з’явілася. Так, палёгка для жанчыны, але ж смак псуе.

Я слухаю гэтыя скаргі і не разумею: усё ж такое смачнае, хіба можа быць яшчэ смачней! Праз некалькі дзён зноў была ў грузінскіх сяброў. На гэты раз адпачывалі ў вёсцы непадалёк Тбілісі. Гаваркая Лала шпарка наразала мяса, агародніну і зеляніну і тараторыла мне адзін рэцэпт за другім, быццам я магла ўсё гэтае запомніць. Мы сядзім пад вінаграднікам, побач дыміцца-разгараецца цудоўнае прыстасаванне — нешта накшталт печкі-буржуйкі з вялізным казаном. Лала чакае, пакуль казан добра разагрэецца, і пачынае гатаваць.

— Запомні, — гаворыць яна мне, — без кінзы ежа не ежа.

— А спецыі? — дапытваюся я.

— Без спецый Грузія — не Грузія, — смяецца мая сяброўка і бяжыць у хату.

Вяртаецца Лала з вялікім падносам, на якім брынкаюць розных памераў і форм шклянкі. Штосьці з прыпраў яна дабаўляе ў сваю страву, потым складае шклянкі ў торбу і працягвае мне.

— Трымай, гэта табе, — рашуча аддае яна мне ружовы клунак з тбіліскім пейзажам.

— Як гэта, — аднекваюся я, бо адчуваю сябе неяк няёмка. — А табе ж нічога не застаецца.

Лала, усё яшчэ трымаючы на выцягнутай руцэ льняную торбу, падняла галаву, зірнула на мяне, прышчурыўшы вочы, і выпаліла:

— Не, не разумею, за што ты мяне пакрыўдзіць хочаш? Бяры, потым раскажу, што для чаго. Будзеш дома гатаваць, нас успамінаць.

Гэты эпізод — тыповы. Вось такія яны, грузіны. Гасціннасць і жаданне чым-небудзь падзяліцца ў іх, здаецца, у крыві. У такую сардэчнасць і дабрыню ўлюбляешся. А яшчэ табе самому хочацца стаць лепшым, чым ты ёсць.

Вазьму твой боль

Грузія — краіна з багатай гісторыяй і культурай, якую самі грузіны ведаюць, шануюць і беражліва захоўваюць. Асаблівыя адносіны да храмаў і манастыроў. Іх тут незлічонае мноства. Што ўразіла, старажытныя храмы — некаторыя датуюцца IV—VI стагоддзямі — не проста гістарычная спадчына, якая ператворана ў музеі і спрабуе выжываць дзякуючы наплыву турыстаў. Усе яны адкрыты для вернікаў і, канечне, для турыстаў таксама.

Цмінда Самеба (“Найсвяцейшая Тройца”) — другі пасля Свеціцхавелі кафедральны сабор Грузінскай праваслаўнай царквы, які знаходзіцца ў Тбілісі

Грузія не проста праваслаўная краіна. Веру тут прымаюць як аснову жыцця. Здаецца, гэтая краіна — самае вялікае сховішча праваслаўных помнікаў. Самі грузіны, ва ўсялякім разе многія, успрымаюць іх не столькі як гістарычныя і архітэктурныя славутасці, колькі як месца, якое дазваляе ім мець сувязь з Богам.

У грузінскай мове існуе цудоўны выраз შენიჭირიმე (шэні чырыме), які можна перакласці як “бяру ўвесь твой боль на сябе”. Для сапраўдных вернікаў гэта аснова.

Манастыр і храм першай паловы VII ст. Джвары (“Крыж”) непадалёк ад былой сталіцы Грузіі Мцхеты. Размешчаны на вяршыні гары каля зліцця Куры
і Арагві, дзе, паводле гістарычных крыніц, узвяла крыж святая Ніна. Першы ў Грузіі помнік Сусветнай спадчыны

Ці звязана дабрыня, спагадлівасць і гасціннасць грузінскага народа з верай? Не выключана. Аднак няма сумненняў, што гэтыя чалавечыя якасці закладзены гістарычна, гэта менталітэт нацыі. Мабыць, таму любоў да Грузіі прачынаецца адразу, як толькі нага ступае на гэтую шчырую і пакутлівую зямлю.

Прыродная і архітэктурная прыгажосць, гісторыя, культура, смачная ежа і неверагодна добрыя, шырокай душы людзі — вось што такое Грузія для мяне. Бываюць гарады і краіны, дзе ты пабываў аднойчы, уразіўся, і гэтага хапіла. А бываюць такія, што нібыта прывязваюць цябе нябачнай ніткай, туды хочацца вярнуцца зноў і зноў. Гэта Грузія. Гэта Тбілісі.

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий