- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Лясное багацце

Увесну ён напоўнены звонкімі птушынымі галасамі, маладымі лісточкамі, чароўным пахам чаромхі. Улетку ён сустракае смалістым водарам, гудзеннем пчол, шчодрым ураджаем духмяных ягад. Увосень ён радуе каляровым убраннем дрэў і кустоў, пахам грыбоў. Узімку ён уражвае і захапляе сваім срэбна-белым спакоем.

Здагадаліся аб чым ідзе размова? Так, гэта лес, ён прыгожы ў любую пару года.

Зараз агульная плошча лясоў на планеце складае прыкладна 38 млн. кв. км (гэта каля трэці плошчы сушы), з якіх 13 % адносяцца да ахоўных прыродных тэрыторый.

Лясы – лёгкія нашай планеты, яны маюць неацанімае экалагічнае, сацыяльнае і эканамічнае значэнне: удзельнічаюць у фарміраванні клімату планеты, забяспечваюць кіслародам, перапрацоўваюць шкодныя выкіды, захоўваюць водныя рэсурсы, з’яўляюцца асяроддзем існавання мноства раслін і жывёл, забяспечваюць ежай людзей, дапамагаюць захаваць урадлівасць глебы. Яны даюць прадукты харчавання, з’яўляюцца сыравінай для лекавых прэпаратаў і паліва, забяспечваюць дахам і служаць крыніцай даходаў для многіх людзей.

Аднак з кожным днём плошча сусветных лясоў няўхільна скарачаецца. Еожную секунду Зямля губляе больш за 1,5 гектара лесу. Перш за ўсё гэта звязана з ростам колькасці насельніцтва і пераўтварэннем лясных тэрыторый для розных чалавечых патрэб. Па некаторых экспертных ацэнках, за апошнія 10 тысяч гадоў чалавек знішчыў 26 млн. кв. км лясоў. Разам з гэтым, лясы гінуць ад пажараў, незаконнай высечкі, прыродных катастроф, уздзеяння насякомых-шкоднікаў, хвароб і іншых прычын. А скарачэнне плошчы лясных масіваў вядзе да непапраўных негатыўных працэсаў, якія маюць глабальнае значэнне для ўсёй прыроды і жыццядзейнасці ўсяго чалавецтва.

У сувязі з гэтым асноўнай задачай Міжнароднага дня лясоў з’яўляецца прыцягненне ўвагі жыхароў планеты да праблемы захавання лясоў, інфармаванне аб значнасці лясных экасістэм, іх сапраўдным становішчы, асноўных мерах іх абароны і павелічэння лясных тэрыторый.

Мы, беларусы, любім, шануем і паважаем лес. Усё больш людзей ў свеце старанна клапоцяцца аб тым, каб захаваць старыя лясы і вырошчваць новыя. Нездарма ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень лясоў ці Сусветны дзень абароны лясоў, які быў заснаваны ў 1971 годзе і з таго часу адзначаецца штогод 21 сакавіка. Ініцыятарам заснавання дадзенага Дня выступіла Еўрапейская канфедэрацыя сельскай гаспадаркі на 23-й Генеральнай Асамблеі, ідэя была падтрымана Сусветнай Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй пры ААН (ФАО).

Вучні нашай школы вучацца любіць прыроду з маленства. Дапамагае ім гэта зрабіць школьны экалагічны музей “Прырода і чалавек”. Напярэдадні Сусветнага дня абароны лясоў навучэнцы пачатковай школы наведалі музей з мэтай знаёмства з жывёламі роднага краю, раслінамі, разгледзелі гербарыі, даведаліся аб лекавых раслінах, іх зборы і захаванні.

Дзеці ведаюць, што нас акружаюць лясы, палі, рэкі, азёры, сады. Гэта наша прырода. Яна дае нам ежу, вопратку, сагравае нас… Прырода наша шчодрая і адорвае нас усім тады, калі мы яе беражэм. Чалавек у прыродзе з’яўляецца гаспадаром, таму што ён валодае гэтымі багаццямі, карыстаецца імі, але сапраўдны гаспадар павінен абавязкова працаваць, каб зямныя скарбы служылі не толькі нам, але і нашым нашчадкам.. Хоць і вялікія нашы запасы, але калі іх не прымнажаць, яны будуць прападаць. Сапраўдны гаспадар не павінен забруджваць ваду і навакольнае асяроддзе, а павінен клапаціцца аб усім, што яго акружае.

Я думаю, што нашы дзеці вырастуць сапраўднымі гаспадарамі сваей роднай зямлі, будуць люблю прыроду, свой край, сваю  радзіму.

 

Алена КВІРЫНГ,
настаўнік 2 класа Дзярэчынскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці

Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий