Арэшак ведаў

- 14:27ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Назву «Кракатук» для навуковага аб’яднання нашай школы выбралі не выпадкова. У фантастычнай казцы Э. Гофмана кракатук – гэта чароўны арэх з вельмі цвёрдай шкарлупінай, які выспявае раз у год у калядную ноч і выконвае адно самае запаветнае жаданне. Навуковае аб’яднанне – гэта калектыў аднадумцаў, які ўключае крэатыўных, творча настроеных педагогаў і пазнавальна актыўных навучэнцаў, жадаючых пашыраць свой кругагляд і спасцігаць нязведанае.

   

Мэтанакіраваная праца ў гэтым напрамку прынесла доўгачаканыя высокія вынікі. У 2017 годзе прызёрам Рэспубліканскай навукова-даследчай канферэнцыі па вучэбным прадмеце «Інфарматыка» стаў Хадакоў Арцём (настаўнік – Жывушка І.С.). У 2019 годзе ў абласным конкурсе даследчых работ «Крыштальная Альфа» пераможцам у секцыі «Руская мова» стала Арбузава Аліна, вучаніца 10 «Б» класа (настаўнік – Кулік Л.М.), дыпломам 3 ступені адзначана работа Сачко Настассі, вучаніцы 10 «А» класа (настаўнік – Кабылянская А.І.).

З перамогі пачаўся і 2020 год. Цудоўнага выніку дасягнулі вучаніцы 11 «К» і 10 «Б» класаў Духоўнік Паліна і Арбузава Аліна (настаўнік – Кулік Л.М.), якія паспяхова выступілі на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару і атрымалі дыплом 3 ступені.

Перамогі, якія даюцца нялёгка, заўсёды цэняцца асабліва, бо прыносяць масу станоўчых эмоцый, натхняюць на новыя, няпростыя, але вельмі смелыя і цікавыя рашэнні.

Мы не спыняемся на дасягнутым. У сакавіку ў мэтах стварэння ўмоў для актывізацыі пазнавальнай цікавасці навучэнцаў, навыкаў валодання прадметам даследавання адбылася штогадовая школьная канферэнцыя навукова-даследчых работ, якая праходзіла ў секцыях «Гуманітарныя навукі» і «Прыродазнаўчыя навукі». У канферэнцыі прынялі ўдзел 23 навучэнцы. Заслугоўваюць асаблівай увагі пераможцы Салагуб Эвеліна, Карповіч Сняжана, вучаніцы 6 «К» класа (руская мова), Касцюк Арцём, вучань 8 «А» класа (інфарматыка). Выдатныя выступленні дзяцей, якія ўразілі сваімі адкрыццямі, шырынёй кругагляду, даюць падставы разлічваць на далейшыя перамогі ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і канферэнцыях.

У навукова-даследчую працу штогод уключаецца ўсё большая колькасць педагогаў. А мяркуючы па шматлікай групе навучэнцаў – членаў супольнасці «Кракатук», можна з упэўненасцю сцвярджаць, што наш «моцны арэшак» досыць шчодры і гатовы ажыццявіць запаветнае жаданне кожнага зацікаўленага вучня.

Галіна КАЧАРВЕЙ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры СШ № 37 г. Гродна

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий