Для плённай працы па патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту ў нашым цэнтры створаны міні-музей “Беларуская хатка”, які дапамагае выхоўваць беражлівыя адносіны да гістарычнага мінулага Беларусі.
Мы лічым, што любоў да радзімы трэба прывіваць з самага ранняга ўзросту. Менавіта таму арганізуем міні-экскурсіі для дзяцей малодшай групы і знаёмім іх з культурай і побытам беларускага народа.
Завітаўшы ў “Беларускую хатку”, выхаванцы трапілі ў іншы свет, не знаёмы для іх. Там яны пакруцілі кола калаўрота, палюбаваліся прыгожымі ручнікамі, патрымалі ў руках верацяно, чапялу, запалілі старажытны ліхтар, прасеялі муку праз рэшата і замясілі цеста ў дзежцы. Даведаліся аб прызначэнні ступы, маслабойкі, паспрабавалі пакачаць ільняны ручнік, разгледзелі сялянскі гардэроб.
Мы пастараліся простымі словамі расказаць дзецям пра жыццё нашых продкаў. І нам здаецца, што ў нас гэта атрымалася. Дзеці засталіся вельмі задаволеныя экскурсіяй.
Ганна ШМЫК,
выхавальнік ДУА “Любчанскі дашкольны цэнтр
развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна”