- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Вандруй у часе па Беларусі

На мінулым тыдні сталі вядомыя імёны дзесяці школьнікаў – фіналістаў конкурсу ідэй “Першыя”, які з пачатку навучальнага года праводзіцца кампаніяй “А1” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Старшакласнікам прапанавалі падзяліцца думкамі пра тое, што ім хацелася б змяніць да лепшага вакол сябе.

Сярод юных вынаходнікаў – і навучэнец сярэдняй школы № 21 Магілёва Павел Ананіч. Хлопец упэўнены, што беларускія гарады нічым не саступаюць па прыгажосці заходнееўрапейскім. І прапануе аднавіць страчаныя помнікі архітэктуры – няхай сабе толькі праз экран смартфона і з дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці.

       

Павел вучыцца ў 11 класе, цікавіцца гісторыяй Беларусі і сучаснай палітыкай, захапляецца вандроўкамі на веласіпедзе і шмат ездзіць па роднай Магілёўшчыне. А яшчэ юнак часта прагульваецца па вуліцах свайго горада, уяўляючы сабе, як яны выглядалі раней. Ён даўно разважае пра тое, як можна было б аднаўляць гістарычны выгляд беларускіх гарадоў і вёсак, а конкурс “Першыя” зматываваў яго сфармуляваць свае думкі ў ідэю і падзяліцца ёю з усімі. Адзінаццацікласнік прапануе скарыстацца тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці, каб даць магчымасць кожнаму жадаючаму ўбачыць, як нейкае месца выглядала шмат гадоў таму.

– Многія мае аднагодкі лічаць, што ў Беларусі няма чаго глядзець, таму трэба ехаць у краіны Заходняй Еўропы, – дзеліцца Павел. – Але пры гэтым мы не ведаем, што нашы гарады насамрэч нічым не саступалі замежным і развіваліся з імі ў адным кірунку. Проста нам не пашанцавала, і праз шматлікія войны і іншыя гістарычныя падзеі мы не здолелі захаваць свае помнікі архітэктуры. Напрыклад, раней у Беларусі налічвалася каля 150 замкаў, безліч цэркваў, касцёлаў, сінагог… Большасць з іх страчана, а на іх месцы стаяць ужо новыя будынкі. Уявіце, як цікава будзе паглядзець праз камеру свайго гаджэта на помнікі архітэктуры, што зараз існуюць толькі на чарцяжах, малюнках, фота ці ва ўспамінах.    

Пачаць старшакласнік хацеў бы са свайго горада – “аднавіць”касцёл езуітаў і халодную сінагогу XVII стагоддзя, сабор святога Іосіфа XVIII стагоддзя, Магілёўскі замак XVI стагоддзя.

– На жаль, старажытных будынкаў тут амаль не засталося, – разважае юнак. – Хаця храмы ці каменныя вежы, як тыя, што ствараюць сёння асаблівую атмасферу ў еўрапейскіх гарадах і прыцягваюць турыстаў, былі і тут. Але зараз іх ужо не ўбачыш. Таму мне падаецца, што было б добра нагадаць пра ўсё гэта хаця б у дапоўненай рэальнасці. Адбудаваць жа рэальна значна даражэй ды ў некаторых выпадках і немагчыма.

Як рэалізаваць сваю ідэю, Павел яшчэ не вызначыўся, бо пакуль мае толькі агульнае ўяўленне, што трэба зрабіць: знайсці фотаздымкі і іншыя архіўныя матэрыялы, сабраць інфармацыю, распрацаваць адпаведную праграму для смартфонаў, падрыхтаваць 3D-мадэлі будынкаў і гэтак далей. Ды і каманды, якая б дапамагла ў гэтым, хлопец пакуль не мае. Але ён перакананы, што такі праект дапаможа змяніць стаўленне беларусаў да сваёй краіны, яе мінуўшчыны і культурнай спадчыны, а таксама зрабіць значна цікавейшымі школьныя ўрокі гісторыі.

Святлана АЎЧЫННІКАВА

 

 

Поделиться ссылкой:

About Наталья

Read All Posts By Наталья

Пакінуць адказ