Як добра чытаць разам

- 15:52ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага Свіслачы надаецца вялікая ўвага фарміраванню і развіццю чытацкіх уменняў навучэнцаў. Галоўным саюзнікам у рашэнні гэтай праблемы з’яўляюцца бацькі. Мы разумеем, што сям’я і гімназія ствараюць наваколле, якое фарміруе чалавека чытаючага.

Праблеме прывіцця любові да чытання ў сям’і быў прысвечаны агульны бацькоўскі сход «Эфектыўныя прыёмы фарміравання і развіцця чытацкіх уменняў навучэнцаў у сям’і». Верш Валянціна Берастава «Як добра ўмець чытаць!» у выкананні вучаніцы 2 класа Пясецкай Караліны стварыў усім прысутным добры настрой і падкрэсліў разуменне важнасці і актуальнасці пытання.

«Сёння нашы дзеці большую частку вольнага часу праводзяць на прасторы інтэрнэта, а не за чытаннем кніг”, – адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Яўгеньеўна Балюк. Дзеці разглядаюць чытанне толькі як крыніцу інфармацыі і лічаць, што інтэрнэт – гэта рэсурс для запаўнення інфармацыйнага вакуума больш зручны, чым кнігі.

Калі гутарка ідзе толькі аб інфармацыі, то з імі можна пагадзіцца, а калі гаварыць аб выхаванні душы, то ў гэтым кантэксце і сёння яе вялікасць кніга незаменна. Бо толькі кнігі ўтрымліваюць мудрыя выслоўі і важны вопыт, накоплены чалавецтвам, з’яўляюцца лепшым суразмоўцам і лекамі душы.

Выратаваць усіх здольна добрая кніга, глыбокае ўдумлівае чытанне і адраджэнне традыцый сямейнага чытання. Як адбывалася фарміраванне і развіццё чытацкіх уменняў у сем’ях беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, разказалі вучні гімназіі ў літаратурна-музычнай кампазіцыі «Ад прадзедаў спакон вякоў…».

Эфектыўны вопыт прывіцця любові да чытання ў сям’і прадставілі бацькі гімназістаў: настаяцель храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы іерэй Сяргей Тарасевіч, маці трох сыноў Барычэўская Ларыса Аляксандраўна, настаўнік пачатковых класаў Талканіца Алена Уладзіміраўна. Усе прысутныя ўбачылі, што ў кожнай сям’і існуюць свае традыцыі, свае цікавыя і непаўторныя сродкі прывіцця любові да чытання, усім стала зразумела, што менавіта сям’я ўплывае на ўвесь працэс фарміравання асобы дзіцяці.

Аб тым, як з ранняга дзяцінства прывучыць дзіця да беражлівых адносін да кнігі, аб выніках гімназічнага конкурсу «Кнізе – доўгае жыццё» расказала бібліятэкар гімназіі Алена Анатольеўна Якута.

Вялікая дапамога бібліятэкі ў выхаванні чалавека. Відавочна, што абудзіць цікавасць дзяцей да творчага чытання здольны толькі творчыя людзі, якія самі адчуваюць радасць ад зносін з кнігай, здольныя весці дыялог з аўтарам. Аб рабоце Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі расказала яе загадчыца Тамара Мікалаеўна Янцэвіч.   

Вынік сходу падвялі дзяўчаты-сямікласніцы, якія прачыталі верш Сяргея Міхалкова «Як бы мы жылі без кніг?». Усім прысутным былі прапанаваны рэкамендацыі і прыёмы па адраджэнні традыцый сямейнага чытання.

Інэса СЕМЯНЯКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
гімназіі №
 1 г. Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий