- Метадычка, Пачатковая школа. Пазакласная работа

Факультатыўны занятак у школьным музеі “Роднае слова” з навучэнцамі 2 класа па тэме “Прыказкі”

Вольга ЗАБЛОЦКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 3 Ваўкавыска

З мэтай далучэння да гісторыка-культурнай спадчыны і выхавання маральнай асобы навучэнцаў пачатковых класаў у нашай школе выкарыстоўваюцца музейныя ўрокі. Такія ўрокі адрозніваюцца ад звычайных тым, што даюць магчымасць вучням стаць сведкамі мінулага, адчуць сябе ў гушчы гістарычных падзей.

На традыцыйным ўроку дзеці галоўным чынам сядзяць за партамі, а ў школьным музеі перамяшчаюцца па залах, знаёмяцца з прадстаўленымі экспазіцыямі, могуць не толькі ўбачыць, але і дакрануцца да прадметаў даўніны, успомніць мінулае і задумацца аб будучым.

У нашым школьным музеі “Вехі гісторыі” прадстаўлены экспазіцыі: “Пачатак пачаткаў”, дзе знайшла адлюстраванне гісторыя школы, “Нам завешчана памяць і слава”, прысвечаная настаўнікам-ветэранам, выпускнікам – воінам-інтэрнацыяналістам, “Гонар школы”, прысвечаная таленавітым выпускнікам, якія праславілі школу, “Вялікая Айчыная вайна”, “Традыцыі і быт беларускага народа”.

Арганізацыя экскурсій і музейных мерапрыемстваў – гэта жывы кантакт, узаемадзеянне з наведвальнікамі, здольнасць перадаць асаблівы свет гістарычнай памяці, захаванай у прадметах, якія гавораць на сваёй “маўклівай” мове пра гістарычныя падзеі. Пры правядзенні музейных урокаў выкарыстоўваюцца розныя формы: музейная майстэрня (стварэнне экспанатаў), урок-экскурсія, урок-гульня, музейны квэст, урок-падарожжа (віртуальная экскурсія), музейны лекторый. Эфектыўна выкарыстоўваюцца гульнёвыя тэхналогіі, тэхналогіі калектыўных творчых спраў, праблемнага і індывідуальнага навучання. З іх дапамогай магчыма ажывіць навучальны працэс, захапіць і зацікавіць навучэнцаў, пашырыць іх кругагляд, актывізаваць пазнавальныя здольнасці.

Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу з’яўляецца дзейсным сродкам павышэння якасці ведаў і ўменняў вучняў па вучэбных прадметах. Урокі такога тыпу дазваляюць звязаць выкладанне з сучаснасцю і з жыццём, пераадолець праблему разарванасці навуковых ведаў адзін з адным. Аб рабоце школьнага музея вядома жыхарам не толькі нашага горада, але і раёна. Усё больш неабыякавых людзей нясуць да нас вельмі каштоўныя і дарагія сэрцу рэчы, што выклікае цікавасць у вучняў і настаўнікаў школы.

Галоўнае на такіх уроках: музейнае асяроддзе стварае ўмовы для актыўнага супрацоўніцтва паміж усімі ўдзельнікамі ўрока. Гэта спрыяе паспяховаму фарміраванню неабходных метапрадметных кампетэнцый.

Тэма: Прыказкі

Мэта: арганізаваць дзейнасць вучняў па азнаямленні з экспанатамі музея, у выніку чаго яны будуць ведаць прылады працы, прадметы быту продкаў, іх заняткі, прыказкі аб працы, умець выкарыстоўваць іх у паўсядзённым жыцці.

Задачы:

– садзейнічаць развіццю творчай і пазнавальнай актыўнасці, ўвагі, памяці;

– спрыяць выхаванню павагі да беларускай культуры, цікавасці да гісторыі роднага краю.

Форма правядзення: падарожжа.

Абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка, люстэрка, клубочкі нітак, бумага, алоўкі або фламастэры, запісы песень “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”, “Спадчына”.

Ход занятка:

1. Арганізацыйны момант.

(Настаўнік і дзеці знаходзяцца за дзвярыма музея)

– Сёння я прапаную вам здзейсніць падарожжа ў мінулае і зазірнуць праз “люстэрка часу” (маленькае люстэрка) ў жыццё нашых продкаў. “Люстэрка часу” нам дапаможа перамясціцца ў мінулае, але час знаходжання ў ім будзе абмежаваны. Каб мы паспелі ўсё разгледзець і шмат чаго даведацца, нам трэба быць дружнымі, сабранымі, уважлівымі.

– Дзеці! Вы гатовы адправіцца ў мінулае? (Так)

–Для гэтага нам трэба ўзяцца за рукі, заплюшчыць вочы і ціхенька рухацца за мной, а я буду трымаць “люстэрка часу” перад сабой. Ітак… Адчыняю праход у мінулае.

(Дзеці становяцца адзін за адным, бяруцца за рукі і разам з настаўнікам заходзяць у музей)

2. Уступная гутарка.

– Дзе мы з вамі апынуліся? (у музеі)

– А што такое музей? (адказы дзяцей)

– Музей – гэта ўстанова, або месца, дзе назапашваюцца, захоўваюцца і выстаўляюцца для агляду розныя гістарычныя рэчы (экспанаты).

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Памiж сваiх i чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.

– Такімі словамі пачынаецца верш Янкі Купалы “Спадчына”. Як вы лічыце, што аўтар называе спадчынай? (адказы дзяцей)

У перакладзе на рускую мову спадчына – гэта “наследство”, усе тое, што нам перадалі нашы бабулі, дзядулі, прабабулі, прадзядулі, продкі.

– Час, калі па нашай зямлі не ездзілі машыны, калі гарады былі драўлянымі, сышоў ў далекае мінулае. Сёння мы можам адчуць асаблівасці побыту і нораваў нашых далекіх продкаў толькі ў музеі, паглядзеўшы праз шкло на прадметы, якія засталіся ад продкаў у спадчыну, вывучыўшы пісьмовыя крыніцы, якія дайшлі да нас. Дзякуючы экспанатам музея, мы можам уявіць, як жылі нашы продкі. Гэта свайго роду люстэрка, якое паказвае жыццё народа. 

– Давайце паглядзім у “люстэрка часу”. Што яно нам паказвае?

“Гутарка – гутаркай, ды за працу час!”

– Што гэта за сказ? Як яго назваць адным словам? (прыказка)

– Што такое прыказка? (прыказка гэта агульнавядомае кароткае выслоўе з павучальным сэнсам)

– Што азначае гэтая прыказка? (адказы дзяцей)

– Правільна, час ідзе хутка, а нам трэба не размаўляць, а хутчэй брацца за працу.

– Давайце паглядзім у “люстэрка часу”. Што яно нам паказвае?

3. Аб’яўленне тэмы і мэты занятка.

– Тэма нашага занятку – прыказкі. Паспрабуйце здагадацца па папярэдняй прыказцы, з чым будуць звязаны прыказкі на нашым занятку
(з працай).

– Так, з працай.

– Чаго вы чакаеце ад нашага занятку? (адказы дзяцей)

– Паглядзіце на ўсе экспанаты, якія прадстаўлены перад намі, прачытайце іх назвы і паспрабуйце працягнуць сказы.

  1. Папоўніць слоўнікавы запас прыказкамі аб… (працы);
  2. Даведацца аб прызначэнні прылады … (калаўрот, матавіла, рубель, чаўнок, маслабойка і г. д.).

4. Асноўная частка.

– Я ўпэўнена, што мы зможам з вамі дасягнуць пастаўленых задач, але толькі ў тым выпадку, калі вы будзеце мне дапамагаць.

а) ХАТА, ПЕЧ 

– Паглядзіце, калі ласка, як выглядала хата, у якой жылі нашыя прадзядулі і прабабулі. Слайд.

– Ці ведаеце вы, што слова «хата» у большасці людзей натуральна злучаецца са словам «вёска». Гэтая асацыяцыя верная. У мінулым «хатай» заўсёды называлася жыллё, размешчанае ў сельскай мясцовасці: на сяле, у вёсцы ці на хутары. Такога ж тыпу жыллё, але пабудаванае ў гарадской мяжы, насіла назву «дом», гэтая назва застаецца і цяпер.

Як вы разумееце прыказку “Хто працуе, той не сумуе”? (адказы дзяцей)

Вось і я бачу, што вам стала сумна.

– Давайце зазірнем зноў у наша “люстэрка часу”.

– Што гэта? (печ)

– Так. Пры ўваходзе ў хату нас сустракае печ. Яна займае ў сялянскай хаце важнае i пачэснае месца.

– Як вы лічыце, а чаму печцы адводзілася важнае месца? (адказы дзяцей)

– Так, яна абагравала хату, у ёй варылі ежу, на ёй спалі, адпачывалі і нават лячыліся. Да печы адносiлiся як да жывой iстоты. Забаранялася ўжываць «у яе прысутнасцi» грубыя або непрыстойныя словы: «Няможна гэтак казаць, бо печ у хаце», «Сказаў бы, ды печ у хаце».

– Паглядзім у “люстэрка часу”. Што яно паказвае?

– “Люстэрка часу” паказвае 4 гадзіны раніцы. А дзе ж гаспадары гэтай хаты? Чым яны могуць займацца ў такі ранні час? (адказы дзяцей)

– Жыццё ў вёсцы пачынаецца вельмі рана. Гаспадары напэўна ўжо на полі, жывёла накормлена, і мы з вамі можам ціхенька і акуратна агледзецца тут.

б) ПОСУД

– Глядзіце (паказваю на экспанаты посуду). Колькі тут рознага посуду!

– Хто з вас ведае, з чаго гэты посуд зроблены? (адказы дзяцей).

– Правільна. Большасць посуду рабілі з гліны. Матэрыял для вырабу посуду выбіралі з розумам. Было вядома, што вада і малако доўга застануцца халоднымі ў керамічных крынках. Тушыць стравы лепш у чыгуне. Салілі гародніну і квасілі капусту ў драўляных кадках. Гліняны посуд  i сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзiцца ён i на кухоннай палiцы, i на абедзенным стале. А ў нашых продкаў глiняныя вырабы былi на любы густ, для розных патрэб.

– Цікава, а чым жа гарлач адрозніваецца ад збана? Мне здаецца, што яны аднолькавыя. Дапамажыце мне знайсці адрозненні.

Гульня “Знайдзі адрозненні” 

(Дзеці параўноўваюць збан і гарлач і вызначаюць іх адрозненні: колер, носік-дзюбка, ручка.)

– Вы знайшлі адрозненні ў знешнім выглядзе. А я ведаю, што ў збане звычайна трымалi малако: доўга не скiсае, а ў гарачыню – халоднае. Носік-дзюбка быў патрэбны для таго, каб малако лёгка, роўным струменьчыкам лiлося ў мiску цi ў кубак.

– Вось перад намі маслабойка.  Гэта пасудзіна прызначалася для збівання масла. Калі малако адстойвалася ў збанках, гаспадыня збірала зверху смятану – густы, тлусты слой. Назапашвала смятаны ўдосталь і біла з яе ў бойцы масла. Масла білі ўручную. Калатоўка шпарка бегала зверху уніз, знізу уверх. Бегала доўга і без перадыху, каб смятана ў бойцы не астыла. Збіўшы, масла збіралі ў збанкі-маслёнкі.

– Прыгадваецца казка пра дзвюх жабак, якія трапілі ў пастку – збанок са смятанаю. Адна жабка адразу выдыхнулася, здалася і патанула ў смятане. А другая, упартая, доўга працавала лапкамі, як калатоўкаю, і збіла са смятаны масла. Стала на грудку масла і выскачыла са збанка на волю. Казка цікавая і павучальная: ніколі не падайце духам, сябры, верце ў свае сілы – і зможаце выбрацца з любой пасткі.

– Растлумачце прыказку “Не хваліся пачаткам, а хваліся канчаткам”.

– Так гавораць пра таго, хто пачаў справу спраўна, весела, бадзёра, але не закончыў яе.

в) ТКАЦТВА

– Адгадаўшы загадку, вы даведаецеся, якая любімая справа ў гаспадыні гэтай хаты.

Спраўна на сваім вяку я для вас тканіну тку

На сукенкі, на штаны, сарафаны, кафтаны,

На кашулі, на спадніцы – вось якая я майстрыца. (Ткачыха)

– Як называецца рамяство, якім займаецца ткачыха? (Ткацтва)

– Ткацтва – найбольш развітая галіна народнай творчасці ў Беларусі. Прадзенне і ткацтва з’явіліся на нашых землях вельмі даўно. Гэтая нялёгкая жаночая праца лічылася абавязковай для гаспадыні. Ткацтву папярэднічала цяжкая праца па апрацоўцы лёну.

– Што вы ведаеце пра лён? (адказы дзяцей)

Фізхвілінка

– І зараз я прапаную вам пагуляць у гульню, якая называецца “Лянок”.

На палу намаляваны кругі – гэта “гнёзды”. Іх менш, чым удзельнікаў. Дзеці бяруцца за рукі і водзяць карагод пад песню “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”  і выконваюць розныя рухі (рукі не рашчапляць). Як толькі яны чуюць словы вядучага (настаўніка) “Садзі лянок!”, дзеці павінны заняць месца ў “гняздзе”. Той каму не хопіць, лічыцца “пасаджаным”. Гэты вучань займае любое “гняздо” і сядзіць да канца гульні. Перамагае той, хто зойме апошняе гняздо.

– Малайцы!

– Лён – гэта расліна, з сцябла якога вырабляюць ніткі. Усё рабілася ўручную. Спачатку лён сеялі, потым палолі, рвалі, мялі, трапалі (разрывалі сцябло на тонкія палосачкі), часалі, пралі ніткі, а пасля гэтага можна было садзіцца за кросны. Акрамя льну шырока выкарыстоўвалі воўну (шэрсць авечкі). З яе выраблялі шарсцяную тканіну. Падрыхтоўка шэрсці мела падобны працэс. Шэрсць таксама прамывалі, перабіралі рукамі, затым часалі. Так атрымоўвалі кудзелю, якую прымацоўвалі да прасніцы.

– Пазнаёміцца з прыладамі ткацтва нам дапаможа гульня “Знайдзі мяне”. Я буду вам апісваць прыладу, а вы яе знаходзіць сярод экспанатаў.

1. Гэтая прылада працы рабілася з цэлага куска дрэва. Нагадвае лапату, якая прамацавана да драўлянай ножкі. (Прасніца)

– Так. Прасніца гэта прылада для прадзення воўны. Менавіта на ёй умацоўвалася кудзеля.

– Як вы разумееце прыказку: “Вочы страшацца, а рукі робяць”? (адказы дзяцей)

– Гаворыцца гэта прыказка тады, калі даводзіцца брацца за працу, якой не відаць канца (многа). Пачынаючы вялікую працу, баішся, што не справішся, а прыступіўшы да яе, супакойваешся, разумееш, што здольны пераадолець усе цяжкасці. Гаворыцца, каб падбадзёрыць перад пачаткам вялікай або незнаёмай працы, або вымаўляецца з радасцю, калі такая праца зробленая.

2. Гэты інструмент для прадзення складаецца са стрыжня, размешчанай на ім шпулькі для намотвання пражы і маленькіх калёсікаў, злучаных пры дапамозе шнуроў з вялікім колам. (Калаўрот)

– Правільна. З дапамогай калаўрота атрымоўвалі ніці. Дакраніцеся да іх. Якія яны? (адказы дзяцей)

3. Наступны прадмет уяўляе сабой палачку даўжынёй 18–30 см. На ёй зроблены тры насечкі. (Верацяно)

– Малайцы! Верацяно – гэта прыстасаванне для прадзення, на якое наматвалі ніткі. Яго выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы і іншых парод дрэва. За самую верхнюю насечку замацоўвалі канец ніці, якую накручвалі на яго. Верацяно закручвалі рукой, як ваўчок, затым нітку намотвалі на сярэднюю частку верацяна. На ніжняй частцы верацяна рабілі патаўшчэнне ў выглядзе шара або дыска для надання яму ўстойлівасці пры кручэнні і большай сілы скручвання.

– А цяпер давайце пагуляем у гульню “Хто хутчэй”.

Гульня “Хто хутчэй”

– Вам трэба як мага хутчэй пераматаць ніткі з клубочка на верацяно. Спаборнічаць будзем у парах. Даўжыня ніткі ў клубочках аднолькавая. Хто перамагае ў пары, той працягвае наматваць ніткі далей. У каго атрымаецца больш маточкаў пераматаць, той і перамагае.

– Як вы разумееце прыказку “Узяўся за гуж – не кажы, што не дуж”? (адказы дзяцей)

– Калі ўзяўся за якую-небудзь справу, давядзі яе да канца, выканай яе, нават калі гэта цяжка зрабіць. Гаворыцца гэта прыказка, калі чалавек, добраахвотна ўзяўшыся за якую-небудзь справу, пачынае адчуваць цяжкасці, але не можа адмовіцца ад узятых на сябе абавязацельстваў і працуе далей, пакуль не зробіць усё да канца.

4. А гэтая прылада ўяўляе сабой невялікі драўляны стрыжань з перпендыкулярна прымацаванымі брускамі на абодвух канцах. (Матавіла)

-– Малайцы! Прынцып работы гэтай пралады быў такі: трымаючы ў левай руцэ стрыжань і паварочваючы яго то ўлева, то ў права, правай рукой намотвалі пражу на брускі.

– Ой! Мне здаецца, што мы з вамі ўжо тут затрымаліся доўга. Зазірнем у “люстэрка часу”.

– Што гэта за прылада? (ткацкі станок)

– Што на ім робяць? (тканіну)

5. Адшукайце наступную прыладу. Яна па выглядзе нагадвае мініяцюрны човен (лодочку). (Чаўнок)

– Правільна. Чаўнок – гэта ткацкая прылада для перакідвання ніткі ў працэсе ткання. Існуе некалькі разнавіднасцей, у нас човен з донцам, але ёсць яшчэ і полыя (пустыя ўнутры). Усярэдзіну чаўнака ўстаўлялася цэўка (бабіна, катушка), на якую намотваліся ніткі.

г) РУБЕЛЬ І КАЧОЛКА. ПРАС

– Паглядзіце на гэтыя прылады (рубель и качолка). Гэтыя прылады выкарыстоўваліся разам. Падумайце, што можна было рабіць з іх дапамогай? (адказы дзяцей)

– Іх выкарыстоўвалі для прасавання бялізны пасля мыцця. Аджатую ўручную бялізну, намотвалі на валік або качолку. Пасля таго, як уся тканіна накатана на качолку, атрыманая скатка катаецца рубелем ад краю стала і назад пакуль тканіна не разгладжвалася, ды так, што нават дрэнна памытая бялізна станавілася беласнежнай. Адсюль прыказка “Не мыццём, а катаннем”.

– Рубель і качолку выкарыстоўвалі да таго моманту, як прыдумалі вугальны прас (утюг). Прасы былі розных відаў, вельмі цяжкія, вагой каля 10 кілаграмаў. Прас трэба было награваць на печы або накладваць у яго вугаль.  Каб бялізна мела прыемны пах разам з вуглямі у яго клалі розныя пахучыя палявыя травы, або кветкі.

д) РУЧНІКІ

– Хоць і цяжка жылося нашым продкам, але не страцілі яны пачуцця прыгожага. Звярніце, калі ласка, увагу на саматканыя ручнікі і на ўзоры вышыўкі на іх.

– Як вы думаеце, для чаго людзям патрэбны ручнікі? (Выціраць рукі, твар, посуд і г. д.). Але ж, каб ручнік атрымаўся, трэба папрацаваць. I праца гэта нялёгкая.

– Якімі колерамі вышытыя ўзоры на ручніках? Дапамажыце мне вызначыць, што абазначае кожны колер.

Гульня “Знайдзі пару”.

– Прачытайце значэнні асноўных колераў: чырвонага, чорнага, жоўтага і белага (дзеці чытаюць словы на слайдзе).

– Вызначце, які колер абазначае зямлю, які жыццё, які сонца і які чысціню. (адказы дзяцей з разважаннямі)

– Чорны – зямля (толькі яна ў нас адзіная і нязменная, і на ёй мы працуем);

– чырвоны – жыццё;

–жоўты – надзея (яе чалавек нясе ў сэрцы праз усё жыццё);

–белы – чысціня душы і спраў.

– У народзе існуюць такія прыказкі: Па рабоце майстра відаць”, “Рабі не тады, калі хочаш, а калі можаш. Растлумачце іх.

– Ручнік лічыцца сімвалам чысціні, цяпла роднай хаты. Сапраўдны ручнік могуць вышыць людзі з чыстай душой, шчырым сэрцам.

5. Заключная частка.

– Уважліва разгледзьце ўзоры на ручніках, бо мы з вамі будзем зараз іх маляваць на паперы.

(Пад ціхую музыку дзеці разглядаюць узоры на ручніках. Затым падыходзяць да стала і малююць беларускія ўзоры на аркушах паперы. Пасля дзеці сумесна з настаўнікам разглядваюць малюнкі, адзначаюць лепшыя.)

– “Люстэрка часу” нагадвае, што час нашага знаходжання ў мінулым падыходзіць да завяршэння. Але верне яно нас назад, у наш час тады, калі ўпэўніцца, што мы гэты час правялі з карысцю. Яно падрыхтавала нам заданні. Першае заданне – загадкі. Адгадку вам будзе неабходна знайсці сярод экспазіцый.

1. Тапілі, білі, мялі, трапалі, рвалі, а потым з іх ткалі (лён, льняныя ніці).

2. Зімой усё жарэ, а летам спіць; цела цеплае, а крыві няма; сесці на яго сядзеш, а з месца не адвядзе (печ).

3. Вісіць, боўтаецца, кожны за яго хапаецца і выціраецца (ручнік).

4. Па возеры шпарка снуе карабель, як пройдзе – пакіне раўнюсенькі след, бо хвалі старанна разгладзіць усе (прас).

5. Чым больш вярчуся, тым больш таўсцею (верацяно).

– Другое заданне – Гульня “Даскажы слаўцо”. Наш народ склаў шмат прыказак аб працы. Я буду зачытваць прыказку, а вы дапаўняць яе апошнім словам.

  • Дзе няма ахвоты там няма … (работы).
  • Зямлю грэе сонца а чалавека (праца).
  • Дзе гультай ходзіць там зямля (не родзіць).
  • Сёння зробіш – заўтра як… (знойдзеш).
  • Гутарка – гутаркай, ды за працу… (час).
  • Хто працуе, той не… (сумуе).
  • Не хваліся пачаткам, а хваліся… (канчаткам).
  • Вочы страшацца, а рукі… (робяць).
  • Узяцца не цяжка, зрабіць… (цяжэй).

– Малайцы! Цяпер мы можам вярнуцца ў свой час.

6. Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія.

– На жаль, мы не дачакаліся гаспадароў. Шмат у іх работы. А нам пара вяртацца назад. Калі вам спадабалася падарожжа, пакіньце свой ручнік гаспадыні ў падарунак. (дзеці пакідаюць сваі ручнікі)

– Што новага вы даведаліся? (адказы дзяцей)

– Зараз вам трэба ўзяцца за рукі, заплюшчыць вочы і ціхенька на пальчыках рухацца за мной, “люстэрка часу” нас верне назад. Ітак… Адчыняю праход у сучаснае.

(Дзеці становяцца адзін за адным, бяруцца за рукі і разам з настаўнікам выходзяць з музея).

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий