- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Казачныя героі сваімі рукамі

 

У сёлетнія вясновыя канікулы Тыдзень дзіцячай кнігі ў Свіслацкім раёне праходзіў у новым фармаце: усе віктарыны і конкурсы для дзяцей школьныя бібліятэкары і педагогі праводзілі дыстанцыйна.

Для таго каб вучні змаглі цікава правесці вольны ад вучобы час, адарвацца ад смартфонаў і камп’ютараў, праводзіўся конкурс “Героі кніжных старонак” па стварэнні самаробных лялек (літаратурных герояў). Дзякуючы конкурсу вырашаліся і такія задачы, як папулярызацыя кнігі і чытання сярод навучэнцаў, фарміраванне агульнай культуры і мастацка-эстэтычнага густу сярод дзяцей і моладзі.

Удзельнікі конкурсу творча падышлі да стварэння выявы казачнага героя, выкарыстоўваючы пры гэтым разнастайныя тэхнікі. Усе працы прыемна здзівілі журы конкурсу: у кожнай адчувалася, што хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі стараліся і ўдыхнулі ў ляльку часцінку сваёй душы. Праз вобразы казачных герояў прасочвалася стаўленне да прачытанага твору. Адным з галоўных пытанняў падчас конкурсу было пытанне пра тое, ці вернуць работы ўдзельнікам. Гэта значыць, што цацкі рабіліся не дзеля ўдзелу і балаў, а сталі вельмі важнымі для юных мастакоў і дызайнераў.

Вядома, творчы працэс не абышоўся без сумеснай працы педагога і вучня, бацькі і дзіцяці. Для дзяцей гэта была магчымасць ажывіць у памяці любімых герояў, а для дарослых – акунуцца ў дзяцінства.

Самым цяжкім для журы стаў момант выбару лепшых.

Першае месца ў конкурсе прысуджана вучаніцы свіслацкай сярэдняй школы № 2 Арыяне Янушкевіч за работу “Ямеля на печы”. Першага месца ўдастоена і навучэнка Дворчанскага дзіцячага сада – базавай школы Кацярына Раманчук за работу “Чырвоны Капялюшык”, выкананую ў тэхніцы пап’е-машэ.

Другое месца раздзялілі вучаніца свіслацкай гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага Вераніка Андрушка, якая прадставіла на суд журы цэлую сцэнку на тэму “Ліса і Калабок” і навучэнкі Корнадскага дзіцячага сада – базавай школы Дыяна Навошчык і Ірына Лашкевіч. Дзяўчынкі дэманстравалі работы “Аленушка” і “Братка Іванка”.

Яшчэ адну перамогу, трэцяе месца, у скарбонку гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага Свіслачы прынесла за работу “Мальвіна” Лізавета Талола. Трэцяе месца таксама прысуджана вучаніцы Грынкаўскага дзіцячага сада –базавай школы Карыне Пекар за твор “Баба Яга”.

Конкурс так спадабаўся ўдзельнікам, што яны прапанавалі працягнуць стварэнне лялек і арганізаваць падобнае спаборніцтва ў сацыяльных сетках. Магчыма, вынікам сумеснай працы стане незабыўная выстава самаробнай цацкі ў Свіслацкім раённым музеі.

Давайце тварыць разам! Далучайцеся, чакаем і вашых творчых задумак па адрасе: [email protected]

Марта МІХАЛЬЧЫК,
метадыст Свіслацкага вучэбна-метадычнага кабінета

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ