Наша цудоўная “Спадчына”

- 21:48ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

 

У сярэдняй школе № 9 Жлобіна духоўнаму і эстэтычнаму выхаванню дзяцей на аснове беларускага фальклору адводзіцца значная роля. З 2008 года ў школе дзейнічае фальклорны калектыў “Спадчына”, удзельнікамі якога з’яўляюцца вучні 7—9 класаў. У 2014 годзе быў створаны яшчэ адзін дзіцячы фальклорны калектыў — “Валошкі”, у склад якога ўваходзяць вучні пачатковай школы.

 На занятках у межах праграмы дадатковага навучання дзеці знаёмяцца з народнымі песнямі, танцамі, гульнямі, адпаведнымі атрыбутамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і побыту, музычнымі інструментамі. Асаблівая ўвага — вырабу народных касцюмаў калінкавіцкага строю, які быў распаўсюджаны на Усходнім Палессі. У гэтым кірунку вядзецца вялікая праца. У школе створана майстэрня пад кіраўніцтвам настаўніцы працоўнага навучання Кацярыны Міхайлаўны Дорахавай, дзе вучаніцы 8-х класаў займаюцца пашывам і аздабленнем святочных традыцыйных касцюмаў. Гэта багата аздобленыя кашулі полікавага крою, прыталеныя безрукаўкі (гарсэты) чорнага колеру, упрыгожаныя нашыўкамі з каляровай тасьмы, палатняныя спадніцы (андаракі), вышытыя галаўныя ўборы (скіндачкі).

Не застаецца без увагі і даследчая праца. У гэтым навучальным годзе гурт “Спадчына” прымаў удзел у абласной канферэнцыі даследчых работ “Мележаўскія чытанні”, якая праходзіла ў гімназіі № 36 Гомеля. У секцыі “Родная старонка” вучаніца 9 класа Анастасія Маліноўская прадставіла вучэбна-даследчую работу “Традыцыйны жаночы касцюм Жлобіншчыны” і атрымала дыплом I ступені. Але галоўнай справай з’яўляецца пастаноўка каляндарна-земляробчых абрадаў (“Каляды”, “Стрэчанне”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”, “Саракі”, “Валачобніцтва”, “Вялікдзень”, “Юр’я”, “Сёмуха”, “Жніво”, “Багач”).

Удзельнікі калектываў неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. У гэтым годзе калектыву “Спадчына” выпала магчымасць прыняць удзел у Рэспубліканскім конкурсе фальклорных калектываў, які праходзіў у межах Рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі” 1 красавіка ў НДЦ “Зубраня”. Вучні паказалі два ўнікальныя абрады паўднёвага ўсходу Беларусі, якія да нашых дзён захаваліся на Гомельшчыне: “Пахаванне стралы”, вытокі якога ідуць з вёскі Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна, і “Жаніцьба коміна” — з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна.

Конкурснае выступленне калектыву “Спадчына” было высока ацэнена экспертамі ў галіне фальклору, этнаграфіі і сцэнічнага майстэрства. Калектыў атрымаў высокую ўзнагароду — дыплом I ступені і крыштальнага зубра. Пасля заканчэння конкурсу журы сустрэлася з удзельнікамі калектыву ў менш фармальнай абстаноўцы і падзялілася прафесійным майстэрствам. Старшыня журы загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вячаслаў Віктаравіч Калацэй правёў майстар-клас “Беларуская дуда”, прафесар кафедры беларускай народна-песеннай творчасці БДУКіМ Уладзімір Кузьміч Зяневіч навучыў тонкасцям абрадавых спеваў у ходзе майстар-класа “Вясновыя песні Беларусі”.

Мастацкая сутнасць фальклору дзецям зразумелая. Яны з радасцю ўдзельнічаюць у народных святах: тут і прыгожае слова, і танец, і карагод, і гучанне музычных інструментаў, і святочнае ўрачыстае дзеянне. Пры гэтым разам з прыгажосцю народнага мастацтва вучні засвойваюць найлепшыя рысы нашага працавітага народа.

Наталля САДЗІЛАВА,
мастацкі кіраўнік фальклорнага калектыву “Спадчына” сярэдняй школы № 9 Жлобіна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий