- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Скарбонка беларускага маўлення

 

 

Сёння дзяржавай пастаўлена задача падрыхтаваць новае пакаленне — актыўнае, цікаўнае. І дашкольныя ўстановы, як першая прыступка ў адукацыі, ужо ўяўляюць, якім павінен быць выпускнік дзіцячага сада, якімі якасцямі павінен валодаць. А дапаможа звязаць працэс навучання і выхавання з рэальнымі падзеямі праектная дзейнасць. Дзякуючы гэтаму аб’ядноўваюцца педагогі, дзеці, бацькі, мы вучымся працаваць у калектыве, супрацоўнічаць, планаваць. Кожнае дзіця зможа праявіць сябе, а значыць, адчуць патрэбным, значыць, з’явіцца ўпэўненасць у сваіх сілах. 

На канікулах у групе інтэграванага навучання і выхавання Хвінявіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы рэалізоўваўся кароткачасовы праект “Скарбонка беларускага маўлення”. Асноўная задача — развіццё беларускага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай фальклору.

Кожны дзень меў сваю тэматыку. У дзень загадак дзеці вучыліся не проста адгадваць звычайныя загадкі, але і загадкі, пабудаваныя на апісанні і параўнанні, правільна і выразна вымаўляючы словы. На працягу дня, прысвечанага беларускім народным казкам, была аформлена выстава беларускіх народных казак у кніжным кутку. Выхаванцы вучыліся пазнаваць казку па малюнках і ўрыўках, раскладваючы ілюстрацыі ў адпаведнай паслядоўнасці.

Найбольш захапіла тэатральная дзейнасць: вучыліся перадаваць настрой і характар персанажа з выкарыстаннем лялек. Вельмі спадабалася выхаванцам гульня-спаборніцтва “Ехалі з горкі скарагаворкі”, дзе яны вучыліся вымаўляць скорагаворкі ў розным тэмпе: спачатку павольна, затым хутчэй і зусім хутка, некалькі разоў запар.

Працягваючы знаёмства з дзіцячым фальклорам, вучыліся спяваць калыханкі падчас сюжэтна-ролевай гульні “Сям’я”. На прагулцы,  назіраючы за надвор’ем, выкарыстоўвалі заклічку “Сонца, зубкі пакажы”, “Сонейка-сонца”. Даведаліся нашы выхаванцы і аб тым, што прыказкі і прымаўкі маюць глыбокі сэнс, вучаць мудрасці.

Дзеці пашырылі ўяўленні аб прыгажосці беларускай музыкі і дзіцячых  песень, развучылі песню “Кукарэку, певунок”, пазнаёміліся з беларускімі кампазітарамі. У дзень, калі вялася гаворка аб беларускіх народных рамёствах, успомнілі экскурсію ў школьны музей “Скарбы дзядоў нашых”.

Падчас самастойнай выяўленчай дзейнасці выхаванцы вучыліся маляваць беларускія ўзоры. Цікава прайшоў на свежым паветры дзень здароўя, які пачаўся з гутаркі “Здароўе — наша багацце!”. Выхаванцы расказвалі, як яны клапоцяцца аб здароўі, што неабходна рабіць і як сябе паводзіць, каб быць здаровым і інш. На працягу дня ўсе дзеянні і выкананне ўсіх момантаў суправаджалася мастацкім словам.

Шмат цікавага чакала дзяцей на вуліцы: спаборніцтвы, эстафеты, выпрабаванні, гульні, а галоўнае — добры настрой. У апошні дзень праекта дзеці замацавалі першапачатковыя ўяўленні пра традыцыі і веснавыя святы беларускага народа, гулялі ў беларускія народныя гульні, разам рыхтавалі вербачку, упрыгожвалі яе, даведаліся, навошта яе асвячаюць. У сумесных гульнёвых дзеяннях выхаванцы вучыліся ўсвядомленп ставіцца да традыцый і свят беларускага народа.

Такім чынам, пры рэалізацыі праекта “Скарбонка беларускага маўлення” выхаванцы набылі значны вопыт творчай дзейнасці. Менавіта праз творчыя здольнасці чалавек можа найбольш поўна раскрыцца як асоба.

Тамара ГІЗОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі Хвінявіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ