- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Дапаможнікі сваімі рукамі

У сучасным свеце кампютэрных тэхналогій незаменнымі ў рабоце педагогаў з дзецьмі дашкольнага ўзросту паранейшаму застаюцца дапаможнікі, створаныя сваімі рукамі.

 У старшай “А” групе з цяжкімі парушэннямі ясляў-сада № 10 Навагрудка шырока выкарыстоўваюцца гульні і гульнявыя дапаможнікі з фетру, паколькі стварэнне дэталей і фігурак з гэтага матэрыялу вельмі простае і практычнае. Акрамя таго, такія дапаможнікі бяспечныя, нетаксічныя, трывалыя і прыемныя навобмацак, а яшчэ – яркія, маляўнічыя і цікавыя для малых.

Першы дапаможнік з фетру, які з’явіўся ў групе, – гэта дыдактычная гульня “Віды транспарту”. Праз дадзеную гульню ў дашкольнікаў фарміруюцца веды пра наземны, водны і паветраны транспарт, пра назвы машын спецпрызначэння, таксама можна замацоўваць сігналы святлафора і некаторыя правілы дарожнага руху. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім задавальненнем выкарыстоўваюць гульню ў самастойнай дзейнасці.

Характэрныя асаблівасці пор года дашкаляты пазнаюць з дапамогай асацыяцый. Так паўстала ідэя для стварэння дыдактычнага дапаможніка “Сезоннае дрэва”. У малодшым дашкольным узросце мы знаёмім дзяцей з такімі паняццямі, як холад – цяпло, сонца – дождж, снег – трава і інш. Выхаванцы старшай групы з дапамогай розных дэталяў, якія ўваходзяць у дапаможнік, могуць самі выбудоўваюць гэтыя асацыяцыі, прымячаючы характэрныя асаблівасці пор года. Таксама “Сезоннае дрэва” можа служыць фонам для паказу міні-спектакляў, для абыгрывання розных тэматычных сюжэтаў.

Зусім нядаўна куток развіццёвага асяроддзя ў групе папоўніла кніга з фетру “У гасцях у казкі”, якая складаецца з пяці вядомых казак: “Курачка Раба”, “Калабок”, “Рэпка”, “Церамок” і “Тры парасяці”. Выхаванцы з вялікай цікавасцю і жаданнем распавядаюць, інсцэніруюць казкі, прыдумляюць свае гісторыі з казачнымі героямі, бо ўсе фігуркі можна выкарыстоўваць і як пальчыкавы тэатр. Гэтая кніга зроблена такім чынам, што ў далейшым яе можна дапаўняць новымі казкамі для хлопчыкаў і дзяўчынак.

Усе дапаможнікі з фетру спрыяюць усебаковаму развіццю дашкольнікаў, дазваляюць у гульнявой форме фарміраваць розныя пазнавальныя функцыі, развіваюць псіхалагічныя працэсы, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, дробную маторыку, а самае важнае – гаворку нашых выхаванцаў.

Вольга  ЦІШУК,
выхавальнік ясляў-сада № 10 Навагрудка

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ