- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Падоўжаны дзень – для адкрыццяў

Працуючы выхавальнікам сярэдняй школы № 7 г. Смаргоні, я накіроўваю свае намаганні не толькі на забеспячэнне выканання дзецьмі рэжымных момантаў у групе падоўжанага дня, але і на тое, каб знаходжанне вучняў у групе было цікавым і карысным для ўсебаковага развіцця. Падоўжаны дзень – гэта падаўжэнне цікавага, творчага, нязведанага.

   Сумесныя калектыўныя справы ў групе аказваюць значнае выхаваўчае ўздзеянне на навучэнцаў. Спартыўныя гадзіны, прагулкі, творчыя майстэрні, інтэлектуальныя, рухомыя, сюжэтна-ролевыя, дыдактычныя і тэатралізаваныя гульні садзейнічаюць праяленню як індывідуальных здольнасцей навучэнцаў, іх унікальнасці і арыгінальнасці, так і здольнасцей да супрацоўніцтва, размеркавання роляў пры вырашэнні калектыўных задач.

Пры выбары развіваючых інтэлектуальных гульняў-спаборніцтваў мае выхаванцы аддаюць перавагу такім, як рускія шашкі, шахматы, “Паддаўкі” і “Куткі”. Такія гульні не толькі з’яўляюцца цікавымі для правядзення вольнага часу, але і развіваюць памяць, мысленне, прасторавае ўяўленне, уменне канцэнтраваць сваю ўвагу, адным словам, стымулююць мазгавую дзейнасць. З асаблівым хваляваннем і нецярпеннем вучні чакаюць турніры і спаборніцтвы па шашках, на якіх праяўляюць ўсе свае лепшыя якасці: сілу волі, імкненне да поспеху, упэўненасць у сабе, уменне з годнасцю не толькі перамагаць, але і прымаць паражэнне, паводзіць сябе стрымана, паважліва ставіцца да апанентаў.

Калектыўныя справы ў маёй дзейнасці – гэта не толькі арганізацыя святкавання адметных дат, упрыгожванне класнага памяшкання, творчыя майстэрні па вырабе сувеніраў, але і арганізацыя даследчай дзейнасці. Важна адзначыць ролю супрацоўніцтва ў гэтай справе выхавальніка і класнага кіраўніка. У бягучым навучальным годзе сумесна з класным кіраўніком 2 “Г” класа Лабковай Святланай Сяргееўнай мною рэалізуецца праект “Гэты дзіўны пясок”. Умовы групы падоўжанага дня спрыяюць правядзенню часткі мерапрыемстваў па арганізацыі пошуку і даследаванняў. Другакласнікі самі нарыхтоўвалі пясок для заняткаў, а на час эксперыментаў пераўвасабляліся ў навуковых супрацоўнікаў. Дзякуючы праведзеным доследам навучэнцы даведаліся пра ўласцівасці сухога і мокрага пяску, пра яго значэнне для чалавека і ўсяго навакольнага свету. Падчас працы над праектам дзеці не толькі пашырылі свае веды, набылі першапачатковыя ўменні правядзення даследванняў, але і зарадзіліся станоўчымі эмоцыямі ад здзяйснення адкрыццяў і плённасці сумеснай працы.

Ала МАНЧАК,
выхавальнік групы падоўжанага дня
сярэдняй школы № 7 Смаргоні

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий