Падарожжа ў Лягумію

- 22:34МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

Ці ведаеце вы пра існаванне незвычайнай краіны, якая не намалявана на вядомых нам картах, якую не знойдзеш на глобусе? Назва яе – Лягумія. Гэтая краіна можа быць такой вялікай, што вокам не акінуць, а часам, наадварот, такой маленькай, што змесціцца на звычайным падаконніку. А ці чулі вы пра яе жыхарароў – лягумаў?

Вучні 1 “Б” класа Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 адправіліся ў займальнае падарожжа ў гэтую краіну. Адкрыем вам таямніцу: “legume” у перакладзе з французскага азначае “гародніна”. Такім чынам, краіна Лягумія – гэта вядомы ўсім нам агарод, а лягумы – яго насельнікі.

На пачатку вандроўкі дзеці пазнаёміліся з сябрамі і вартаўнікамі Лягуміі: Пудзілам, Вожыкам, Жабай і Багоўкай. Яны загадвалі вучням загадкі, вучылі правілам паводзін у агародзе, а таксама рабілі разам вясёлую зарадку. Потым падарожнікі сустрэлі на сваім шляху саміх лягумаў. Кожны з агародных жыхароў расказаў пра сваю радзіму і паходжанне.

Дзеці даведаліся, што бульба прыехала да нас з Паўднёвай Амерыкі, а называлі яе спачатку “земляны арэх”. Высветлілі, што існуе больш за 35 гатункаў капусты, якая выкарыстоўваецца не толькі ў ежу, але і ў якасці сыравіны для лекаў, а таксама для ўпрыгожвання садоў і клумб. Пазнаёміліся з цыбуляй і яе дзікай сваячкай – чарамшой, якой лечацца лясныя жывёлы. Было цікава дазнацца, што людзі вырошчваюць агуркі ўжо на працягу 6 тысяч гадоў. А першыя памідоры, прывезеныя ў Еўропу, былі маленькія і жоўтыя, таму іх назва з італьянскага азначае “залаты яблык”.

Лягумы прапанавалі цікавыя заданні: “Знайдзі лішняе”, “Гародніна ў казках”, “Маленькі кухар”, “Вяршкі і карэньчыкі”. Дзеці чыталі вершы, пелі песні, паказалі невялікую тэатралізаваную пастаноўку і нават прынялі ўдзел у вясёлай эстафеце. Для пераадолення перашкод, якія сустракаліся на занятку, вучням былі патрэбныя такія якасці, як прыязнасць, знаходлівасць, кемлівасць, працавітасць.

Асаблівую зацікаўленасць выклікала выстава вырабаў з гародніны, якія дзеці рыхтавалі дома разам з бацькамі.

Падарожжа атрымалася вясёлым і займальным. Вучні прыйшлі да высновы, што агародніна, якую вырошчваюць на агародзе з любоўю, клопатам, будзе асабліва смачнай і карыснай.

Абапіраючыся на свой вопыт, я магу з упэўненасцю сказаць, што малодшыя школьнікі з ахвотай і радасцю згаджаюцца фантазіраваць і ўяўляць. Таму паглыбіць веды навучэнцаў пра, здавалась б, зразумелыя і знаёмыя рэчы можна падчас такіх выхаваўчых заняткаў, якія праходзяць ў форме фантастычнага падарожжа.

Алена ПРОНІЧАВА,
выхавальнік ГПД Магілёўскай гарадской гімназіі № 1

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий