“Зорны паход” маленькiх турыстаў

- 23:06МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

У Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Свіслачы наладжана аказанне дадатковай адукацыйнай паслугі “Прасцейшы турызм”. Нашы выхаванцы сродкамі дзіцячага турызму ўмацоўваюць здароўе, развіваюць навыкі здаровага ладу жыцця, вучацца бяспечным паводзінам у прыродзе, набываюць уменні арыентавацца ў прасторы.

   

Турызм ў сучасным разуменні – гэта не толькі аздараўленне, фізічнае развіццё, але і сродак пазнання роднага краю, выхавання патрыятычных пачуццяў. Падчас прагулак па вулiцах роднага горада выхаванцы пашырылі ўяўленні пра яго славутасці, наведалі Свіслацкі раённы цэнтр турызму і краязнаўства, пазнаёміліся з развіццём турызму ў раёне. Прагулка-экскурсія ў Свіслацкі дом рамёстваў і краязнаўства садзейнічала пашырэнню ведаў дзяцей пра землякоў-умельцаў.  

Напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогi быў арганізаваны “Зорны паход”. Падчас паходу выхаванцы пазнаёміліся з героямі Свіслаччыны; наведалі памятны знак на месцы гібелі Героя Савецкага Саюза Мікалая Масонава; брацкую магілу савецкіх воінаў і партызан, у якой пахаваны 398 воінаў, што загінулі пры вызваленні нашага горада; мемарыяльны комплекс “Асілак” у памяць пра землякоў, якiя загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны; памятны знак загінулым воiнам-iнтэрнацыяналiстам – ураджэнцам раёна.

Дашкольная ўстанова размешчана побач з гарадскім паркам імя графа Тышкевіча, што дазваляе праводзіць заняткі на свежым паветры. У прыродных умовах дзеці вучацца пераадольваць натуральныя перашкоды: груды, западзіны, пянькі, кусты, паваленыя дрэвы, лужыны; выконваюць фізічныя практыкаванні на хуткасць, гнуткасць, кемлівасць; рухальныя заданні з выкарыстаннем прыроднага асяроддзя (“Прабяжы змейкай вакол дрэў”, “ След у след”, “Хадзьба па легендзе”, “Трапны стралок”, “Хто больш збярэ шышак”).

Падчас экскурсій, прагулак, паходаў выхаванцы атрымліваюць сонечныя і паветраныя ванны, што дабратворна ўплывае на іх арганізм, павышае тонус нервовай сістэмы і павялічвае супраціўляльнасць арганізма. Турыстычныя прагулкі з заплечнікамі ў парк, да возера – гэта яшчэ і станоўчыя эмоцыі, радасныя зносіны, што таксама з’яўляецца важным фактарам аздараўлення.

Падчас паходаў выхаванцы не толькі вучацца турыстычным уменням і навыкам, але і клапоцяцца аб прыродзе: яны прыбіралі смецце, вучыліся берагчы расліны – не ламаць галінкі кустоў і дрэў, не вырываць з коранем кветкі і травы, не затоптваць іх, збіраць толькі апалае лісце. З захапленнем дзеці назіралі за паводзінамі вавёркі, якая пасялілася ў парку на магутных елках, за “санітарам” дзятлам, за дзікімі качкамі і лебедзямі, што аблюбавалі невялічкае возера ў парку.

У час пазнавальных гутарак выхаванцы пазнаёміліся з відамі турызму, з асабістай і групавой амунiцыяй, тапаграфічнымі знакамі, турыстычнымі даручэннямі. Яны вучыліся арыентавацца на мясцовасці па сонцы, компасе, карце, будаваць простыя планы, чарціць схемы, завязваць вузлы, выкладваць розныя віды вогнішчаў. Атрыманыя веды замацавалі ў дыдактычных гульнях “Што возьмем з сабой у паход”, “Тапаграфічная блытаніна”, “Збяры заплечнік”, “Што будзе, калі..?”, “Зялёная аптэка”, “Раскладзі вогнішча” і “Разумныя вузельчыкі”.

На занятку “Азбука бяспекі” дзеці замацавалі правілы паводзін падчас паходу, у лесе, каля вадаёмаў, правілы бяспечнага абыходжання з агнём, пазнаёміліся з аказаннем першай дапамогі.

Данута ЛОБАЧ,
выхавальнік інтэграванай групы Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий