- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Чай па-англійску

У рамках тыдня англійскай мовы “За сем дзён вакол англамоўных краін” была арганізавана і праведзена святочная праграма для вучняў 3–11 класаў “Англійскі чай і беларуская гарбата”.

Асноўная мэта мерапрыемства – забеспячэнне разумення культуры і ладу жыцця іншага народа, гатоўнасці ўспрымаць іншага ў яго непадобнасці, усведамленне вучнямі прыналежнасці да роднай культуры.

На працягу ўсяго свята побач крочылі дзве мовы, якія адлюстроўвалі гістарычныя і культурныя традыцыі народа ў вершах, загадках, песнях, прымаўках, тэатральных пастаноўках, прэзентацыях, відэа, конкурсах.

Мерапрыемства, прысвечанае традыцыям англійскага і беларускага чаяпіцця, адкрыла песня Пола Макартні “Англійскі чай”, а прэзентацыя “Аб правілах чайнага этыкету” дапамагла вучням адчуць сябе сапраўднымі англічанамі.

Свята прадоўжылася спаборніцтвам дзвюх каманд: адна прадстаўляла інтарэсы англічан і называлася “Чай з малаком”, а другая абараняла інтарэсы сваёй краіны, абраўшы назву “Чабарок”. Хатняе заданне абедзве каманды падрыхтавалі на дзясятку. Яны прадэманстравалі малодшым школьнікам тэатральныя пастаноўкі “Чаяпіцце ў Англіі і Беларусі”. Пазнавальным стала для ўдзельнікаў відэа “Тыпы чаю”, а вось з пытаннямі віктарыны “Аб карысці чаю для арганізма чалавека” вучні справіліся з некаторымі цяжкасцямі. Яны былі ўражаны, што такі просты напой у залежнасці ад кампанентаў набывае лекавыя ўласцівасці.

Для каманд было шмат выпрабаванняў: і адгадванне загадак, і пераклад прымавак з англійскай мовы на беларускую, і выразнае чытанне вершаў, і выкананне песні. Аднак з усімі заданнямі каманды справіліся паспяхова. Дух спаборніцтва, упартасці, зацікаўленасці і весялосці прысутнічаў на працягу ўсёй праграмы. У выніку перамагло сяброўства.

Завяршэннем святочнай праграмы стала сапраўднае чаяпіцце, якое сабрала ўсіх сяброў: і англійскіх, і беларускіх.

Іна АЛЬШЭЎСКАЯ,
настаўнік англійскай мовы
Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ