- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Каб гнёзды сталі мацнейшымі

Сям’я – гэта не толькі бацькі і дзеці, але і бабулі, дзядулі, прабабкі і прадзеды. Усе разам – гэта продкі, нашы карані. Кожнае пакаленне перадае свой вопыт, традыцыі, якія складаюцца ў сямейныя каштоўнасці. На мой погляд, адной з умоў захавання моцнай сям’і з’яўляецца веданне, зберажэнне і перадача такіх каштоўнасцей новаму пакаленню.

    З гэтай мэтай ў групе падоўжанага дня сярэдняй школы № 7 Смаргоні прайшоў тыдзень, прысвечаны беларускай сям’і. Дзеля таго каб дзеці ўсвядомілі, хто такія продкі, мы зрабілі фотаэкскурс у мінулае.

На пачатку тыдня была адкрыта фотавыстава “Мае продкі”. Дзеці прынеслі фотаздымкі сваіх прабабак і прадзедаў. Самы стары здымак, які трапіў у наш своеасаблівы музей, быў зроблены ў 1934 годзе. Выхаванцы разглядалі ўсе здымкі з вялікай цікавасцю, звяртаючы ўвагу на адзенне, прылады, уклад жыцця. Многія дзеці паведамілі цікавыя звесткі з жыцця сваякоў. Падводзячы вынікі экскурсіі, вучні адзначылі, што раней не было каляровых фотаздымкаў, а большую частку іх продкаў складалі сяляне.

Каб больш дасканала пазнаёміцца з выглядам сялянскай хаты, мы адправіліся ў імправізаванае падарожжа “У госці да бабы Васіліны”. Каларыт беларускай хаты падчас занятку дапамаглі адчуць размешчаныя ў кабінеце рэчы, якімі калісьці карысталіся нашы продкі. Дзеці з задавальненнем разглядалі дываны, ручнікі, абрусы, адзенне, карункі, а таксама першыя гузікі, якія былі выразаны з дрэва.

 

Дзякуючы нагляднаму матэрыялу, засваенне тэмы ідзе значна хутчэй. А калі гэты матэрыял сапраўдны і мае подых даўніны, працэс ідзе хутчэй удвая. Вывучаючы назвы рэчаў, дзеці з лёгкасцю і азартам гулялі ў “Перакладчыкаў”.

Для знаёмства вучняў з беларускімі народнымі гульнямі быў праведзены спартыўны час “Гульні нашых бабуль і дзядуль”. З азартам дзеці гулялі ў “Грушку”, “Лянок”. А “Вугалёк” вельмі нагадаў дзецям вядомы ім “Пярсцёнак”. Дзякуючы гэтым рухомым гульням деці атрымалі магчымасць развівацца фізічна і эстэтычна. Акрамя таго, яны пашырылі свой беларускі слоўнікавы запас.

Закончыўся тэматычны тыдзень падвядзеннем вынікаў. Удзел у разнастайных мерапрыемствах дапамог дзецям прыйсці да высновы, што рэчы даўніны, якія засталіся нам у спадчыну ад продкаў, трэба берагчы, бо гэта вялізны скарб, створаны рукамі чалавека ў нялёгкай працы.

Ведаць свае карані, звычаі і абрады недастаткова для моцнай, дружнай сям’і. Кожны яе член павінен таксама мець і ведаць свае абавязкі. Таму ўсе дзеці разам з мамамі і татамі распрацавалі правілы сваей сям’і і агучылі іх у групе.

Беларуская народная прымаўка кажа: “Па гнязду відаць, якая птушка”. Вельмі спадзяюся, што тыдзень беларускай сям’і, які прайшоў у нашай групе, зрабіў мацнейшым не адно гняздо.

Марына КОПАЧ,
выхавальнік групы падоўжанага дня сярэдняй школы № 7 Смаргоні

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий