- ВІЦЕБШЧЫНА, Рэгiёны

Школьная сімволіка

Дзеці, урокі, званкі, перапынкі… Усё гэта школа. Але ў кожнай установы адукацыі павінна быць сваё адрозненне.

Два гады назад была распрацавана эмблема нашай школы. Яна ўяўляе сабой белае кола, сімвал годнасці і чысціні, міру і ўзаемаразумення. У ім адлюстраваны чатыры колеры: зялёны, чырвоны, жоўты і сіні. На эмблеме намаляваны кніга, сонца, карабель.

Зялёны колер вызначае рост і развіццё, сімвалізуе здаровы лад жыцця. Жоўты колер – колер актыўнасці, імкнення да зносін, радасць, цяпло і паразуменне ў адносінах удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Чырвоны – колер адзінства, патрыятычнага руху ў школе. Сіні колер – мэтанакіраванасць, інтэлект, настойлівасць ў атрыманні ведаў.

Раскрытая кніга з’яўляецца сімвалам асветы, святла і мудрасці. Карабель – сімвал школы, якая дапамагае чалавеку пераадолець жыццёвае мора, напаўняючы яго ветразі ведамі. Сонца з’яўляецца сімвалам цяпла і прыязнасці, надзеі і радасці дзяцінства, а яго прамяні – поспехаў і дасягненняў удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Дадзеная эмблема ў форме значка – адметны знак навучэнцаў. Значок паспяхова красуецца на бардовай камізэльцы, якая стала элементам дзелавога стылю навучэнцаў нашай школы.

Было прынята рашэнне аб размяшчэнні эмблемы ў фае школы. Не першы год у нашай школе працуе не проста настаўнік, а майстар на ўсе рукі, Аляксандр Пятровіч Стрыжнёў. Задума, падбор матэрыялаў, выкананне – усё гэта яго. З вялікай любоўю, трапятаннем, творчасцю Аляксандр Пятровіч выразаў з драўніны праменьчыкі сонца, літары, карабель, кнігу, укладваючы ў іх глыбокі сэнс.

Працэс замацавання эмблемы на сцяне прынёс асаблівую радасць. З натхненнем мы ўяўлялі навучэнцаў, якія, прыходзячы ў школу, будуць дзівіцца, убачыўшы павялічаную ў некалькі разоў эмблему, намаляваную ў іх на значку. Вучні з задавальненнем фатаграфуюцца на яе фоне.

Святлана СТАНУЛЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Студзёнкаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Сенненскага раёна

 

 

 

Поделиться ссылкой: