- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Франтавы паштамт

Франтавыя лісты-трохкутнікі. Яны, нібы гарачыя вугольчыкі з топкі лёсавызначальнай бітвы пад назвай Вялікая Айчынная вайна, да гэтага часу працягваюць апальваць сэрцы нашчадкаў.

Напярэдадні Дня Перамогі навучэнцы сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны прынялі ўдзел у рэспубліканскім патрыятычным праекце “Гісторыя аднаго ліста. Франтавы паштамт”, прысвечаным 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Праект праводзіцца па ініцыятыве Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю разгарнулі ў сваіх класах імправізаваныя палявыя пошты па вырабе лістоў-трохкутнікаў ветэранам. У ваенныя гады такія лісты былі адзінымі нітачкамі, якія звязвалі франтавікоў з роднымі і блізкімі.

Дзеці пісалі віншаванні, шчырыя словы падзякі за мірнае неба над галавой, некаторыя нават самі складалі вершы ветэранам. Упрыгожвалі лісты кветкамі, стужкамі і іншымі дэкаратыўнымі матэрыяламі. Кожны ўклаў у ліст часцінку сваёй душы, пастараўся зрабіць яго арыгінальным і запамінальным.

Галоўным адрасатам дзіцячых лістоў стаў Павел Андрэевіч Шкулепа, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ветэран Дэпартамента аховы, ганаровы грамадзянін аграгарадка Пагранічны. У яго працоўным 64-гадовым стажы 15 гадоў складае праца ў пазаведамаснай ахове на пасадзе начальніка ўчастка аховы гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца.

У Дзень Перамогі супрацоўнікі Дэпартамента аховы ўрачыста ўручаць дзіцячыя лісты ветэрану.

 Таццяна ПАЛАНЕЙЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны
Бераставіцкага раёна

Поделиться ссылкой: