- Маладзёжны прэс-цэнтр

Воін. Настаўнік. Чалавек.

Анастасія ПРОШКІНА,
навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Жывое слова”
раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ветразь надзей” Хоцімска

У суровай вайне незвычайна лёгка забываецца асобны чалавек. Але ў жыцці, подзвігу, учынках асобнага чалавека часта бачыцца лёс цэлага пакалення і сам час.

 Якімі ж былі яны, нашы гераічныя прадзеды, якія крочылі ў самы горан вайны? У іх жыццях адбілася эпоха, і яны самі сталі яе ўвасабленнем.

Я хачу расказаць пра аднаго надзвычайнага чалавека, пра якога даведалася, вывучаючы матэрыялы сайта “Памяць народа”. Архіўныя дакументы: асабістыя дадзеныя, чарнільныя запісы пра яго подзвiгi і ўзнагароды, характарыстыкі… Усё выклікала непадробленую цікавасць да асобы гэтага чалавека. Так пачалася пошукавая работа пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, нашага земляка – Івана Андрэевіча Сотнікава.

У кнізе “Памяць. Хоцімскі раён” у раздзеле “Вызначыліся працай” ёсць скупая, але вельмі важная інфармацыя: “Сотнікаў Іван Андрэевіч, званне заслужанага настаўніка школ БССР прысвоена ў 1968 г.”. Тут жа, уверсе, сярод фатаграфій вядомых людзей, фота І. А. Сотнікава.

Адразу ж пазнаю ў ім маладога, бравага старшыну-ардэнаносца, знятага ваенным фатографам у сакавіку 1945 года. З асаблівым хваляваннем трымаю ў руках гэту каштоўную сямейную рэліквію, якой роўна столькі гадоў, колькі і нашай Перамозе – 75! Які бясцэнны архіўны дакумент! Ёсць і яшчэ адна пажоўклая, патрэсканая ад часу фотакартка, на якой радыст Сотнікаў у акопе разам са сваім таварышам. Гледзячы на гэтыя ваенныя здымкі, міжволі адчуваю душэўнае трапятанне.

За кожнай ваеннай узнагародай – а іх у І. А. Сотнікава чатыры – асабістая мужнасць, адвага, самаадданасць, пра што сведчаць архіўныя дакументы. Вось адзін з запісаў: “Старшына Сотнікаў знаходзіцца ў роце з дня фарміравання дывізіі, г. зн. з красавіка 1942 года, на пасадзе начальніка радыёстанцыі пры аператыўным аддзеле штаба дывізіі. За гэты час паказаў сябе адным з лепшых радыстаў першага класа. Да даручанай працы ставіцца выключна добрасумленна і сур’ёзна.

За час баявых аперацый пры моцным абстрэле і бамбёжцы з паветра праціўнікам па вёсцы Ямпаль, дзе знаходзіўся тав. Сотнікаў, працу рацыі не пакінуў, а працягваў прыём і перадачу радыёграм і загадаў камандавання ў момант моцнага бою за населены пункт. У наступных баявых аперацыях: фарсіраванне ракі Днепр, узяцце горада Крывы Рог і фарсіраванне ракі Днестр – у момант адсутнасці тэлефоннай сувязі рацыя т. Сотнікава працавала выразна і бесперабойна. Неаднаразова яму прыходзілася сядзець суткамі за радыёстанцыяй, выконваючы баявое заданне камандавання”.

Або вось яшчэ вытрымкі з архіўных запісаў: “Начальнік радыёстанцыі арт. сяржант Сотнікаў у самы напружаны момант бою – атакі вышыні 158.0, калі тэлефонная сувязь парушалася, – пераносіў радыёстанцыю на сабе па 10–15 км і забяспечваў бесперабойнай радыёсувяззю камандаванне на працягу ўсёй аперацыі, што давала кіраўніцтву магчымасць для далейшага руху дывізіі наперад. Тав. Сотнікаў у баях з нямецкімі захопнікамі праявіў мужнасць і адвагу, натхняў сваім прыкладам астатніх байцоў”.

“У баях за горад Днепрадзяржынск рацыя Сотнікава была выкінутая наперад для забеспячэння сувязі штаба дывізіі з яго часткамі…”.

“Тав. Сотнікаў за час знаходжання ў роце сувязі 1571 ОРС паказаў сябе як адзін з лепшых радыстаў першага класа, праявіў сваю дысцыплінаванасць і адказнасць у працы. У прарыўны момант абароны праціўніка ў раёне на поўдзень ад горада Ціраспаль забяспечыў бесперабойную радыёсувязь начштаба дывізіі з камандзірамі палкоў і адначасова з начштаба корпуса. Ні разу не меў выпадку адсутнасці сувязі…”.

Сапраўдны герой Вялікай Айчыннай вайны, Іван Андрэевіч Сотнікаў – заслужаны настаўнік школ БССР, ветэран працы – усё жыццё заставаўся вельмі сціплым, непатрабавальным чалавекам, які не расказваў пра свае подзвігі, не задаваўся ордэнамі, медалямі, шматлікімі граматамі і іншымі ўзнагародамі.

Біяграфія І. А. Сотнікава – гэта біяграфія чалавека, які мужна і гераічна перажыў ўсе нягоды вайны, унёс важкі ўклад у нашу Вялікую Перамогу. Біяграфія франтавіка, які атрымаў у цяжкі пасляваенны час педагагічную адукацыю, працаваў на ніве асветы ў розных пасадах да выхаду на пенсію, дастойная таго, каб яе ведалі і памяталі землякі.

Іван Андрэевіч нарадзіўся 25 верасня 1923 года ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Рана застаўся без бацькі, дзяцей выхоўвала маці, Агаф’я Іванаўна. У чэрвені 1941 года скончыў Хоцімскую сярэднюю школу. А ўжо 12 ліпеня 1941 года з’явіўся ў Хоцімскі райваенкамат для адпраўкі ў 23 запасны полк сувязі, куды быў залічаны курсантам. Навучаўся да снежня 1941 г., атрымаў ваенную спецыяльнасць – радыёспецыяліст радыёстанцый сярэдняй і вялікай магутнасці. Ваенную прысягу прыняў 1 снежня 1941 года. Ваенныя дзеянні пачынаў у 3-ім Украінскім Паўднёва-Заходнім фронце на берагах ракі Дон. У красавіку 1942 года быў прызначаны на пасаду начальніка радыёстанцыі 564 асобнага батальёна сувязі. Прайшоў усю вайну. Пастаянна праяўляў смеласць і мужнасць. Быў узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. Дзень Перамогі сустрэў у Балгарыі. На тэрыторыі гэтай краіны праходзіў воінскую службу да 23 красавіка 1947 года.

Пасля дэмабілізацыі Іван Андрэевіч вярнуўся ў свой родны край. Працаваць стаў настаўнікам пачатковых класаў Гаўрылаўскай пачатковай школы Хоцімскага раёна. У 1949 годзе І. А. Сотнікаў паступіў у Віцебскі дзяржаўны настаўніцкі інстытут імя С. М. Кірава і завочна скончыў яго па спецыяльнасці “гісторыя”.

Іван Андрэевіч працаваў загадчыкам Іўка-Слабадской пачатковай школы, загадчыкам Хоцімскім райпедкабінетам, школьным інспектарам Хоцімскага раённага аддзела адукацыі, дырэктарам Бяседавіцкай і Трасцінскай школ. За сваю шматгадовую працу ўзнагароджваўся граматамі Хоцімскага райкама партыі, раённага аддзела адукацыі, граматамі Магілёўскага абкама партыі, Магілёўскага аддзела адукацыі, Ганаровай граматай Міністэрства асветы за дасягнутыя поспехі ў рабоце па выхаванні падрастаючага пакалення, за актыўны ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне і ў сувязі з 30-годдзем са Дня Перамогі. За плённую працу, дасягнутыя поспехі ў народнай асвеце Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 22 сакавіка 1968 года яму было прысвоена званне заслужанага настаўніка БССР. Яго імя занесена ў народную Кнігу Памяці людзей, якія праславілі Хоцімскі раён.

Сёння вучні Івана Андрэевіча Сотнікава пражываюць у розных кутках Беларусі і Расіі. У сваіх успамінах пра яго як пра настаўніка і дырэктара школы яны сыходзяцца ў меркаванні, што гэта быў вельмі добры, разумны педагог, настаўнік моладзі. Сціплы чалавек, ён нікога не абцяжарваў сваімі праблемамі, быў непатрабавальны ў побыце, заўсёды падтрымліваў карысныя ініцыятывы вучняў і настаўнікаў.

Надзея Яфрэмаўна Рабцава, дзелячыся ўспамінамі пра Івана Андрэевіча, прызнаецца: “Я добра ведала і цаніла гэтага чалавека. Спачатку ён быў маім настаўнікам гісторыі, вельмі эрудыяваным, усе ўрокі ілюстраваў цікавымі прыкладамі з жыцця, тлумачыў матэрыял даходліва. Пазней, калі я працавала сакратаром Бяседавіцкага сельсавета, спазнала Івана Андрэевіча ўжо як дэпутата і сакратара партарганізацыі калгаса “Іскра”. Будучы дырэктарам школы, ён выконваў гэтую адказную грамадскую працу, на якой праявіў сябе выдатным арганізатарам розных мерапрыемстваў. Памятаю яго вельмі ветлівым чалавекам, дасведчаным пра праблемы кожнай вясковай сям’і. Сярод аднавяскоўцаў карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і павагай. Жыў з сям’ёй у прышкольнай кватэры для настаўнікаў, не меў ніякіх прадметаў раскошы ў побыце. Усе адзначалі яго сціпласць і сумленнасць. Шмат зрабіў для школы як кіраўнік. Быў добрым сем’янінам, яго дзеці раслі разам з вясковымі, нічым не вылучаліся, былі ветлівымі і выхаванымі”.

Валянціна Аляксееўна Сычова, выпускніца Бяседавіцкай школы, памятае яго не толькі як настаўніка, але і як арганізатара, удзельніка школьных вечароў, цікавага суразмоўцу.

Тамара Ігнацьеўна Цвяткова, ветэран працы, настаўнік хіміі і біялогіі, прапрацавала ў Трасцінскай сярэдняй школе дзевяць гадоў, шэсць з якіх – пад кіраўніцтвам І. А. Сотнікава.

Ніколі нікога з настаўнікаў не абразіў, не прынізіў, ні на каго не павысіў голас. Дабрадушны чалавек. У любых абставінах абараняў і адстойваў сваіх педагогаў, ішоў усім насустрач, улічваў жыццёвыя праблемы кожнага, спачуваў і дапамагаў у цяжкіх сітуацыях. Беражліва ставіўся да маладых педагогаў, цаніў нялёгкую працу вясковага настаўніка”.

Іван Андрэевіч не любіў успамінаць і расказваць пра вайну, але свята захоўваў у сваім сэрцы памяць пра франтавых сяброў. На працягу некалькіх гадоў ён шукаў іх, а потым да канца жыцця падтрымліваў сувязь са сваімі баявымі таварышамі. У 1973 годзе ў Маскве, на Краснай плошчы, адбылася сустрэча ветэранаў 195 Навамаскоўскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі. Фотаздымак захоўвае памяць пра тую сустрэчу хлопцаў-франтавікоў, пасталеўшых на 30 гадоў… Іван Андрэевіч Сотнікаў быў узнагароджаны ганаровым знакам “Ветэран 195 стралковай дывізіі”.

Выдатны настаўнік, умелы кіраўнік, сумленны і прыстойны чалавек, які з вялікай адказнасцю ставіўся да сваёй працы. Любячы бацька, добры сем’янін… Прайшоўшы праз горан самай страшнай вайны, Іван Андрэевіч Сотнікаў застаўся чалавекам, годным шанавання і павагі ў мірны час. Яго дзеці, унукі, праўнукі па праву павінны ганарыцца ім.

…Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова, першы паверх галоўнага будынка. Кожны дзень студэнтаў сустракаюць вядомыя выпускнікі ВНУ. Сярод фатаграфій тых, хто ў розныя гады скончыў гэтую навучальную ўстанову, ёсць і фота Сотнікава Івана Андрэевіча – заслужанага настаўніка Беларусі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ардэнаносца, чалавека складанага, цікавага лёсу, у чыім жыцці адбілася жыццё цэлага пакалення. Пакалення франтавікоў, якія адстаялі мір на зямлі, якія паднялі разбураную краіну з попелу, явілі нам годны прыклад мужнасці, гераізму, гонару, сумленнасці.

Ніхто не забыты, нішто не забыта! Пакуль мы памятаем нашых герояў, яны жывыя, а значыць жывая і гістарычная памяць. Мы ўдзячныя загінулым. І наша памяць пра іх – залог неўміручасці пераможцаў.

 

 

Поделиться ссылкой: