- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Запалкі дзецям не цацкі

Адна з задач дашкольнага цэнтра развiцця дзiцяцi Свiслачы – фарміраванне навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці ў выхаванцаў праз сацыяльна-педагагiчнае партнёрства ў працэсе праектнай дзейнасці.

Важна не толькі абараніць дзіця ад небяспекі, але і падрыхтаваць яго да магчымых цяжкасцей, сфармiраваць прадстаўленнi аб найбольш небяспечных сітуацыях, неабходнасці выконваць меры засцярогі, прывіць яму навыкі бяспечных паводзін у паўсядзённым жыцці.

Для знаёмства дзяцей з пачатковымі асновамі бяспекі ў нашай групе быў рэалiзаваны кароткатэрміновы адукацыйны праект «Запалкі дзецям не цацкі». Праект ўключаў у сябе сумесную працу дзяцей, бацькоў і выхавальнiкаў. Задача дарослых заключалася ў тым, каб дапамагчы дзецям даведацца як мага больш пра навакольны свет, а таксама засцерагчы ад магчымых небяспек, якія чакаюць іх на шляху пазнання. Дзеці ў лёгкай гульнявой форме даведаліся, як трэба паводзіць сябе правільна і бяспечна ў той ці іншай сітуацыі.

На занятках дзеці пазнаёміліся з паняццем «агонь», атрымалі ўяўленне пра карысць і шкоду, якую ён прыносiць, замацавалi веды аб правілах пажарнай бяспекі, правілах паводзін пры пажары («Ведай, памятай, шануй», «Падарожжа ў краіну бяспекі», «Ведае кожны грамадзянін пажарны нумар 101»). Усе заняткі праходзілі ў гульнявой форме з выкарыстаннем сюрпрызных момантаў, дыдактычных гульняў («Гэта я, гэта я, гэта ўсе мае сябры», «Тупаем, пляскаем», «Выбяры прадмет», «Запоўніць пустыя клеткі», «Хто каму сябар », «Закончы сказ»).

Мастацка-маўленчая дзейнасць ўключала ў сябе чытанне мастацкай літаратуры (К.Чукоўскi «Блытаніна», «Як чалавек з агнём пасябраваў»), завучванне вершаў, прымавак пра агонь, праслухванне прыпевак «Азбука пажарнай бяспекі», маляванне, аплiкацыю («Пажарная машына», «Вядзерца для курачкi»). Для дзяцей паказаны прэзентацыі з наступным абмеркаваннем («Што неабходна пажарным для тушэння пажару», «Небяспекі дома»).

Актыўнымі ўдзельнікамі праекта сталі бацькі нашых выхаванцаў. З іх дапамогай была аформлена выстаўка кніг «Агонь вакол нас», а таксама выстаўка сямейных творчых работ «Асцярожна, агонь!».

Вялікую ўвагу надалі арганізацыі розных відаў дзейнасці і набыццю вопыту дзецьмі. Куток па пажарнай бяспецы быў папоўнены дыдактычнымi гульнямі («Бяспека і дзеці», «Адзень пажарнага», «Вучымся бяспецы»), лэпбукам «Пажарная бяспека».

Прадуктам праектнай дзейнасці сталі калектыўная праца «Загарэўся кошкін дом», кніжная выстаўка «Агонь вакол нас» і выстаўка творчых дзіцячых работ «Асцярожна, агонь!», афармленне кутка пажарнай бяспекі.

Мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках праекта, спрыялі запамінанню дзецьмі правілаў бяспечных паводзін падчас надзвычайных сітуацый, выхаванню пачуцця самазахавання.

Ала ДАНІЛЬЧЫК,
выхавальнiк дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы

Поделиться ссылкой: