- Метадычка, Пазакласная работа

Краязнаўства як сродак навучання і выхавання

 

Таццяна ДЗЕНІСЕНЯ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства,
кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея
Дзяніскавіцкага ясляў-сада – сярэдняй школы
Ганцавіцкага раёна

 

З мэтай вывучэння і захавання гісторыі роднага краю, а таксама адраджэння і зберажэння матэрыяльнай, духоўнай і культурнай спадчыны вёскі ў Дзяніскавіцкім яслі-садзе – сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна быў адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей.

Работа па стварэнню музея пачалася даўно. Настаўніца гісторыі Марыя Канстанцінаўна Пупач, заснавальніца школьнага музея, расказвала, што з нагоды 25-годдзя Вялікай Перамогі над фашысцкай Германіяй удзельнікі гуртка “Краязнаўчы” пачалі збіраць матэрыялы аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Кіравала гэтай работай Дамашык Соф’я Мікалаеўна, якая ў 1970 г. працавала арганізатарам пазакласнай работы ў нашай школе, а з 1973 г. на працягу чатырнаццаці гадоў яна шчыравала на пасадзе дырэктара Дзяніскавіцкай сярэдняй школы.

Работы было шмат, нярэдка інфармацыя была вельмі супярэчлівай і патрабавала часу для ўдакладнення. Школьнікі хадзілі па вёсцы і гутарылі з жыхарамі-старажыламі, пісалі запыты ў Дзяржаўны архіў Літоўскай ССР і Дзяржаўны архіў БССР, збіралі экспанаты для будучых экспазіцый. Былі сабраны дакументы, фотаздымкі, адзенне, прадметы хатняга ўжытку, посуд, прылады працы, манеты, школьныя прыналежнасці (падручнікі, сшыткі, чарніліцы). У выніку пошукавай работы былі высветлены цікавыя падзеі з гісторыі вёскі і забытыя імёны аднавяскоўцаў, якія сваім жыццём заслужылі права застацца ў памяці людзей.

Да 1987 года было сабрана шмат звестак і 485 экспанатаў для будучага музея, а ў тым, што музей будзе створаны, работнікі школы не сумняваліся. Стварэннем музея займалася ўжо Марыя Канстанцінаўна Пупач, паколькі ініцыятар і кіраўнік гэтай работы Дамашык Соф’я Мікалаеўна пайшла на пенсію і пераехала на сваю радзіму ў горад Баранавічы. Настаўніца гісторыі працавала непасрэдна з дакументацыяй, матэрыяламі, рэчамі, а ўся арганізацыйная работа выконвалася новым дырэктарам школы – Уладзімірам Міхайлавічам Шахраем. Марыя Канстанцінаўна і Уладзімір Міхайлавіч не адзін раз ездзілі ў Мінск, дзе сустракаліся з работнікамі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і з мастакамі-афарміцелямі.

І вось, пасля доўгіх гадоў упартай працы, 20 лістапада 1997 года на базе Дзяніскавіцкай сярэдняй школы адчыніў свае дзверы гісторыка-краязнаўчы музей, экспанаты якога прысвечаны мінуламу і сучаснаму вёскі Дзяніскавічы.

За некалькі гадоў да святкавання 20-годдзя музея была пачата шматгранная работа па больш дасканаламу даследаванню гісторыі вёскі Дзяніскавічы па блоках: “З глыбіні вякоў”, “Памяць мацней за смерць”, “Маўклівыя сведкі мінулага”, “След Радзівілаў на дзяніскавіцкай зямлі”. Работа вялася з 2013 года па сакавік 2017 года на аснове музейнай педагогікі.

Стала відавочна, што такая справа прыцягвае навучэнцаў, таму было вырашана займацца даследчай дзейнасцю па краязнаўству ў суботу. Шосты школьны дзень найлепшым чынам падыходзіць для гэтай шматграннай работы, таму што навучэнцы свабодныя ад урочнай дзейнасці. Спрыяла правядзенню даследчай работы па краязнаўству і тое, што ў суботу навучэнцы наведвалі аб’яднанне па інтарэсах “Юны экскурсавод” на базе гісторыка-краязнаўчага музея.

Дзякуючы праведзенай рабоце, навучэнцы атрымалі нямала пераможных месцаў у канферэнцыях і конкурсах рознага ўзроўню.

10 красавіка 2019 года нашаму школьнаму гісторыка-краязнаўчаму музею быў прысвоены статус “народны”. Адпаведную пастанову №20 у гэты дзень падпісаў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь . Даведаўшыся аб гэтым, яшчэ з большым інтузіазмам навучэнцы сталі адносіцца да арганізацыі краязнаўчай пазакласнай работы ў школе. Настаўнікі, а таксама жыхары вёскі Дзяніскавічы, сталі прыносіць новыя экспанаты: тканыя палатняныя кашулі і ручнікі з вышыўкай, жорны і дзіцячыя драўляныя санкі. За невялікі прамежак часу асноўны фонд музея папоўніўся адразу 11 экспанатамі. Таксама былі арганізаваны дзве выставы: “Бессмяротны полк вёскі Дзяніскавічы” і “ Сваіх героеў не забудзем мы імёны” (да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў). Вучаніцамі 8-га класа Дар’яй Нагорнай і Анастасіяй Папекай распрацаваны экскурсіі “Земляробства – справа складаная” і “Заняткі нашых аднавяскоўцаў у сярэдневякоўі”. Экскурсіі запатрабаваны для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

У маі вучні 8–10 класаў сталі ўдзельнікамі велапаходу “І памяць сэрца беражэ…”. Велапаход ладзіўся сумесна з прадстаўнікамі рэдакцыі раённай газеты “Савецкае Палессе”. Удзельнікі паходу наведалі 5 помнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Дзяніскавіцкага сельскага савета: помнік расстраляным у гады Вялікай Айчыннай вайны людзям яўрэйскай нацыянальнасці; Брацкую магілу; Курган Славы; помнік ва ўрочышчы Грузкія расстралянай сям’і лесніка А.І.Зялёнкі і помнік ва ўрочышчы Лавіцы расстралянай сям’і лесніка С.С. Кляўчэні. Усе гэтыя помнікі – маўклівыя сведкі падзей ваеннага ліхалецця. Ля кожнага помніка навучэнцы расказвалі гісторыю яго ўзнікнення і ўшаноўвалі памяць тых, хто там пахаваны, кветкамі.

Ведаць гісторыю сваёй краіны – гэта святы абавязак кожнага сапраўднага грамадзяніна Беларусі. Патрыятызм з’яўляецца асновай мужнасці, доўгу і вернасці, якіх у наш час многім людзям не хапае, таму выхаванне патрыятызму праз краязнаўчую работу з’яўляецца важным складальнікам пазакласнай работы ў нашай школе.

 

 

Поделиться ссылкой: