- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Нашы сэрцы побач

Вялікая колькасць яркіх мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Дня Перамогі, праводзіцца ў нашай краіне. Навучэнцы сярэдняй школы № 8 Гродна таксама прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскіх, гарадскіх, раённых і школьных мерапрыемствах і акцыях.

Большасць мерапрыемстваў была прымеркавана да акцыі «Мы вялікай Перамогі часцінка!». Навучэнцы рабілі віншавальныя паштоўкі ветэранам, слухалі гісторыі пра Вялікую Айчынную вайну, пра трагічныя падзеі і гераічныя ўчынкі нашых продкаў, дапамагалі арганізаваць выставу «Вялікай Перамозе – 75» у бібліятэцы, і вядома, упрыгожвалі вокны да свята 9 Мая. Упрыгожаннем фае школы стала выстава «Мы ведаем… Мы памятаем… Мы паважаем…» – 75 малюнкаў, аформленых у выглядзе кінастужкі. Пачынаецца наша кінастужка чорна-белымі малюнкамі, якія распавядаюць пра нягоды вайны, а яе працяг, каляровая частка, – пра радасць Перамогі.

Лес… Цішыня … Адпачынак перад боем. Такія гераічныя і ў той жа час звычайныя будні пастараліся мы адлюстраваць у фотазоне «Прывал. 1942», размешчанай у школьным холе.

1 мая члены БРСМ сярэдняй школы № 8 Гродна далучыліся да праекта па добраўпарадкаванні помнікаў і ваенных пахаванняў. Яны прывялі ў належны выгляд брацкую магілу воінаў Савецкай Арміі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў ліпені 1944 года, і брацкую магілу 570 воінаў Савецкай Арміі, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў ваенныя гады.

Дзякуючы раённай патрыятычнай акцыі «Відэапасланні ветэрану» акцябратам і піянерам піянерскай дружыны імя А. Марэсьева выдалася магчымасць сказаць словы падзякі ад дзяцей ХХІ стагоддзя за мужнасць, доблесць, гонар, адвагу і за мірнае неба. Хлопцы і дзяўчаты падрыхтавалі серыю віншавальных відэаролікаў з Днём Перамогі ўдзельнікам вайны, працаўнікам тылу.

У 1945 годзе мірныя жыхары сустракалі салдат-вызваліцеляў букетамі бэзу, які стаў сімвалам мірнага жыцця і павагі да абаронцаў Айчыны, што загінулі на вайне. Высаджваць бэз Перамогі напярэдадні свята 9 Мая стала добрай традыцыяй. Нашы навучэнцы працягнулі догляд за бэзам Перамогі ў Каложскім парку. А 5 мая піянеры дружыны ім. А. Марэсьева прынялі ўдзел у сацыяльным чэленджы «Пасадзі бэз Перамогі». На тэрыторыі школы з’явілася сваё бэзавае дрэва, якое ў будучыні стане велізарным букетам памяці пра удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

7 мая члены піянерскай дружыны імя А. Марэсьева і актывісты ГА «БРСМ» павіншавалі нашых ветэранаў – Зарадаву Ірму Аляксееўну і Далідовіча Яўгена Мікалаевіча. Васьмікласнікі, якія да гэтага неслі вахту памяці ля Вечнага агню ў Гродне, прайшлі ўрачыстым маршам перад вокнамі ветэранаў у гонар 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Самыя маленькія ўдзельнікі «Маладзёжнай агітбрыгады», піянеры і акцябраты, выступілі з музычна-літаратурнай кампазіцыяй. З велізарнай цікавасцю дзеці выслухалі гісторыі Ірмы Аляксееўны і Яўгена Мікалаевіча і ўручылі памятныя падарункі, зробленыя сваімі рукамі кветкавыя кампазіцыі. У завяршэнні свята ўсе разам выканалі песню «Дзень Перамогі».

– Мне вельмі прыемна прымаць вашыя віншаванні, мы ганарымся падрастаючым пакаленнем! – расчуліўся Яўген Мікалаевіч і пажадаў усім прысутным моцнага здароўя і мірнага неба над галавой.

Вельмі важна нам, цяперашняму пакаленню, не забываць і перадаваць нашчадкам усю гісторыю Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг. Распавядаць моладзі праўду пра вайну, пра яе герояў і іх гераічныя ўчынкі, пра той боль і нястачы, самаадданых жыхароў нашай Радзімы, якія, прайшоўшы праз цяжкія выпрабаванні, захавалі мужнасць, добрае сэрца і любоў да Радзімы. Мы ўспамінаем з глыбокай павагай і пашанай сваіх продкаў, якія ваявалі за нашу Радзіму супраць фашысцкай Германіі. Нашы сэрцы – побач з нашымі ветэранамі.

Сняжана КIСЯЛЁВА,
намеснiк дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 8 Гродна

Поделиться ссылкой: