Памятаем і шануем

- 8:24ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Каб не перарывалася сувязь часоў, жыла памяць пра подзвіг народны, наша школа актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, прымеркаваных да святкавання 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.  

На тэрыторыі школы аформлены кветнік “Паклонімся вялікім тым гадам”, створаны ў рамках раённага этапу абласнога агляду-конкурсу добраўпарадкавання і азелянення тэрыторыі ўстановы адукацыі “Квітней, мой край!”. У хуткім часе абазначацца лічбы ярка-жоўтага колеру – 75 – на белым фоне квітнеючага алісіума. У красавіку ва ўрочышчы Барысаўшчына каля пахавання ваенных лётчыкаў, якія загінулі ў 1941 годзе, педагогі, навучэнцы школы і старшыня Гудзевіцкага сельскага выканаўчага камітэта Басінская К. В. пасадзілі 20 елак і 15 соснаў. У рамках акцыі “Ад помніка да помніка” наведзены парадак на дзвюх брацкіх магілах: ачышчаны і пафарбаваны агароджы, абноўлены запісы на памятных плітах, пасаджаны кветкі.

У мікрараёне аграгарадка Гудзевічы навучэнцамі сумесна з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ЗАТ “Гудзевічы” Палубятка М. М., дырэктарам школы Валюшка В. С. і старшынёй Гудзевіцкага сельвыканкама Басінскай К. В. пасаджаныя 75 маладых соснаў. У рамках акцыі “Мы памятаем” навучэнцы і супрацоўнікі Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея ў месцах пахаванняў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў вёсках Семірэнкі, Радзевічы, Гудзевічы ўстанавілі 120 памятных зорак, вырабленых старшакласнікамі і настаўнікам працоўнага навучання Лаўровым В. І. Члены пярвічнай арганізацыі БРСМ у рамках акцыі “Міру – сад!” на прышкольным участку пасадзілі яблынькі як старт дабрачыннага праекта “Беларусь памятае. Ніхто не забыты, нішто не забыта”.

Навучэнцы і педагогі прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах, эстафетах, прымеркаваных да 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У сацыяльных сетках размешчана відэа, на якім педагагічны калектыў школы выконвае песню “Дзень Перамогі”. Праведзены конкурсы малюнкаў “Малюем Перамогу разам”, “Масты Перамогі” з размяшчэннем фотаздымкаў малюнкаў у сацыяльных сетках.

Завяршальным акордам у гэтым ланцужку добрых спраў плануецца ўскладанне шасцімятровай гірлянды з яловых галінак да падножжа мемарыяла загінулым воінам у аг. Гудзевічы падчас правядзення ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага святкаванню Вялікай Перамогі.

Наш абавязак – захаваць гістарычную памяць пра Вялікую Айчынную вайну, не пакінуць у забыцці ні аднаго загінулага салдата, аддаць даніну падзякі за гераічны подзвіг у Вялікай Айчыннай вайне ветэранам вайны і працоўнага фронту.

Напярэдадні вялікага свята Дня Перамогі хочацца выказаць вялікую падзяку за подзвіг, патрыятызм, веру, сілу і гераізм нашым ветэранам, пажадаць ім здароўя на шмат гадоў, мірнага яснага неба над галавой, дабра і шчасця.

Рыта ВАЙЦЯХОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.