- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Сямейны анлайн-праект

Мы часта чуем: “Вайна ўвайшла ў кожны дом, у кожную сям’ю”. Вось і вырашылі навучэнцы 4 “А” класа сярэдняй школы № 1 Навагрудка даведацца, як Вялікая Айчынная кранула сем’і нашага класа. Напярэдадні Дня Вялікай Перамогі ў класе быў дадзены старт сямейнаму анлайн-праекту “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй сям’і”.

Разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі вучні знаходзілі інфармацыю пра сваякоў-ветэранаў: распытвалі родных і блізкіх, наведвалі бібліятэкі і музеі, звярталіся да сайтаў “Памяць народа”, “Подзвіг народа”. Кожны стараўся даведацца як мага больш, каб захаваць памяць пра герояў сваёй сям’і.

Праца па праекце працягваецца і зараз, але ўжо ёсць першыя вынікі: навучэнцы Максім Раманюк, Ягор Хоміч, Алена Кухарэвіч, Вікторыя Байко, Валерыя Бірук, Соф’я Сідарок сабралі інфармацыю пра сваіх прадзедаў-ветэранаў, падрыхтавалі цікавыя апавяданні-прэзентацыі, якія прадставілі на класнай гадзіне “Салдатам Перамогі прысвячаецца!”, а таксама размясцілі іх на сэрвісе Google-клас. На класным сходзе было вырашана стварыць Кнігу памяці “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі сем’яў 4 “А” класа”.

Мы вельмі спадзяемся, што ў нас усё атрымаецца і да нашага праекту далучацца іншыя класы, а можа нават і іншыя школы! Чым далей адыходзіць той час, тым усё менш застаецца ў жывых ветэранаў, сведкаў страшных падзей. Што мы, унукі і праўнукі, можам зрабіць для іх? Паважаць, аберагаць, дапамагаць тым, хто побач, і шанаваць памяць тых, каго няма з намі, каб слава іх подзвігаў не згубілася ў стагоддзях.

Вольга ПАДМАЗАВА,
настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий