Напярэдадні 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на Свіслаччыне прайшоў раённы этап рэспубліканскага фестывалю-конкурсу творчасці дзяцей і моладзі “Вянок славы”. Усе ўстановы адукацыі актыўна ўключыліся ў калектыўную творчую дзейнасць.
На конкурс “Вянок славы” навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна прадставілі індывідуальныя творчыя работы – жывапіс, скульптурныя міні-формы, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вырабы тэхнічнай творчасці, а таксама калектыўныя творчыя работы (мемарыяльны вянок).
Так удзельнікі конкурсу аддалі даніну памяці баявым і працоўным подзвігам беларускага народа, выказалі падзяку цяперашняга пакалення за мірнае неба над галавой.
У працэсе стварэння мемарыяльнага вянка ў кожным класе гучалі песні ваенных гадоў, праходзілі гутаркі настаўніка з вучнямі пра фестываль, абмяркоўваліся дэталі вырабу вянка.
Увесь працэс абмеркавання і стварэння творчай работы суправаджаўся фота- і відэаздымкай, што дазволіла стварыць выдатныя фотаальбомы, а таксама кароткія дакументальныя фільмы.
Прыемна адзначыць, што кожнаму навучэнцу знайшлася справа, якая яму па сілах, што дазволіла стаць асабіста датычным да ажыццяўлення акцыі памяці.
Цырымонія ўскладання вянкоў – гэта неад’емная частка фестывалю-конкурсу. Вянкі славы былі ўскладзеныя, а некаторыя яшчэ будуць ўскладацца ва ўрачыстых абставінах на магілы воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленне Свіслаччыны, а таксама да помнікаў – сімвалаў мужнасці і славы беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Алеся ПЯСНЯК,
педагог-арганізатар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Свіслачы