- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Памяць: жывая, цёплая, трывожная

Чалавеку не дадзена жыць вечна. Затое яму дадзена іншае: пакідаць пра сябе памяць. Жывую. Цёплую. Трывожную.

Мы, настаўнікі, а таксама навучэнцы нашай школы, захоўваем памяць пра абаронцаў Айчыны праз свае справы. Праз сэрца кожнага з нас праходзяць словы “Каб памяталі”.

Ні адзін конкурс, ні адно мерапрыемства, прысвечанае 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, не прайшло міма нас. Так, за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі работы шостага школьнага дня настаўнікі І.В.Шпакаў і А.С.Кулікоў былі ўзнагароджаны абласным дыпломам III ступені ў намінацыі “Зорачка на карце раёна”.

Асаблівасць гэтай работы стварэнне інтэрактыўнай карты, якую можна знайсці ў сетцы Інтэрнэт праз QR-код. Кожны жадаючы можа азнаёміцца з каталогам помнікаў абаронцам Краснапольшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У намінацыі “Трохвугольнікі з вайны” у раённым этапе абласнога конкурсу даследчых і творчых работ прынялі ўдзел навучэнцы 5-га класа разам з класным кіраўніком І.В.Шпакавым. Імі была праведзена велізарная работа. Лісты з вайны закранулі душы дзяцей. Вынік працы перамога ў конкурсе.

Яшчэ адна перамога дасягнута ў літаратурным конкурсе “Вялікая Перамога: спадчына і нашчадкі”. У творчым спаборніцтве былі адзначаны вершы “Памяці прадзеда Паўла” Станіслава Занудзенка (кіраўнік – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Т.М.Жыхарава), “Дзяцінства, апаленае вайной” Паліны Аўсяннікавай (кіраўнік – настаўніца рускай мовы і літаратуры Н.А.Кузьміцкая) і іншыя.

Урокі мужнасці “Нам гэты мір завешчана берагчы”, класныя гадзіны “Беларусь памятае”, віртуальныя экскурсіі па месцах баявой славы, удзел у анлайн-праекце “Спяваем песні Вялікай Перамогі”, конкурсы малюнкаў “Табе, абаронца”, застануцца ў памяці нашых навучэнцаў.

Своеасаблівым месцам фарміравання грамадзянска-патрыятычных якасцяў з’яўляецца школьны гісторыка-краязнаўчы музей. З захапленнем навучэнцы збіралі і збіраюць для яго матэрыял. У сваю працу яны ўкладаюць настойлівасць, цікавасць, час. Матэрыялы нашага музея расказваюць пра важнейшыя гістарычныя падзеі, пра выдатных людзей. Адзін з галоўных раздзелаў музея – “Вялікая Айчынная вайна”. У ім дакументы і матэрыялы пра нашага земляка, Героя Савецкага Саюза А.Д.Шамянкова, фатаграфіі і матэрыялы пра партызан і падпольшчыкаў Краснапольшчыны. Напярэдадні 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне экскурсаводамі былі праведзены тэматычныя экскурсіі для навучэнцаў і бацькоў.

Наша паўсядзённая праца, нашы перамогі, нашы ўзнагароды гэта падзяка тым, хто даў нам магчымасць жыць пад мірным небам. І мы верым: калі трэба, нашы дзеці ніколі не здрадзяць Радзіме. Ніякія нягоды, ніякія небяспекі не змогуць заглушыць у іх сэрцах пачуццё адказнасці за сваю Айчыну, свядомасць свяшчэннага доўгу перад ёй.

Жанна СОКАЛАВА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Ленінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Краснапольскага раёна

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ