Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Навагрудскага раёна традыцыйна арганізуе летні адпачынак сваіх навучэнцаў. У мінулым годзе гэта быў лагер дзённага знаходжання “Вясёлыя вандроўнікі”.
Вывучэнню гісторыі роднага краю і яго сучаснасці спрыялі арганізаваныя экскурсіі да Навагрудскага замку, азёр Свіцязь і Літоўка, у Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, дэндрарый на базе Валеўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа. Гэта было не толькі цікава і пазнавальна, але, у першую чаргу, вучні пашырылі веды пра навакольны свет, умацавалі здароўе, атрымалі станоўчыя эмоцыі і добры настрой.
Вось і ў цяперашні час педагогі цэнтра распрацавалі праект летняга аздараўленчага лагера, які пачне працаваць з 1 чэрвеня.
Што незвычайнае чакае нашых выхаванцаў? Цікавыя прагулкі на свежым паветры з элементамі квэсту, назіранне за пастаянна квітнеючай клумбай і напрамкамі ветру з дапамогай самастойна зробленых флюгераў. Карыснай працай стане стварэнне, сумесна з бацькамі, тэрэнкура з зонай пясочных пабудоў, сцежкай здароў’я і фітааптэкай. Магчымасці тэрэнкура дапамогуць папоўніць дэфецыт эмацыйна-пачуццёвых зносін з прыродай у дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Увогуле, прыродатэрапія знімае напружанне, страх, агрэсіўнасць, дапамагае зразумець каштоўнасць існавання, палепшыць каардынацыю, раўнавагу і мелкую маторыку. Для бацькоў гэта магчымасць цеснага ўзаемадзеяння са сваімі дзецьмі. Толькі сумеснымі намаганнямі можна выхаваць чалавека, які ўмее радавацца жыццю і перамагаць.
А наведванне коннага клуба ў вёсцы Поўбераг Навагрудскага раёна і пасільная дапамога ў прытулку для бяздомных жывел ў вёсцы Ладзенікі стане часам атрымання новых сацыяльных навыкаў, магчымасці зносін з жывёламі і набыцця асабістага вопыту.
Менавіта таму адпачынак ў лагеры дасць магчымасць кожнаму вучню раскрыцца, прыблізіцца да прыродаадпаведнай дзейнасці, усвядоміць адзіны вобраз навакольнага свету як дома, свайго уласнага і агульнага, для усіх людзей.
Упэўнены, што за 18 дзён лагера кожны з навучэнцаў нешта адкрые для сябе, атрымае сацыяльныя навыкі і веды. Гэта будзе яшчэ адным крокам да пазнання сябе ў соцыуме, неабходнасцю рухацца ўперад і адчуваць, што бар’еры – не для нас!
Аксана КАНАШ,
настаўнік Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага
навучання і рэабілітацыі Навагрудскага раёна