- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Памятаем кожнага

Вучні і настаўнікі Гудагайскай сярэдняй школы актыўна далучыліся да рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага!”.

   Брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных у пасёлку Гудагай вядома далёка за межамі Астравецкага раёна. Штогод да месца, дзе знайшлі спачын сотні салдат, ваеннапалонных канцэнтрацыйнага лагера “Шталаг-342”, прыязджаюць сваякі тых, хто тут пахаваны.

Напярэдадні свята ля помніка адбыўся мітынг, прысвечаны 75-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Актыўнымі ўдзельнікамі мітынгу былі навучэнцы 11-га ваенна-патрыятычнага і 9-га прававога класаў Гудагайскай сярэдняй школы. Рабяты выказалі словы падзякі тым, хто змагаўся за Радзіму і перамог. З прывітальнымі словамі і віншаваннямі звярнуліся да прысутных Трошка Максім Сяргеевіч, камендант пагранкамендатуры “Гудагай” і Крывец Уладзімір Мікалаевіч, дырэктар школы, які адзначыў, што ў школе праводзіцца вялікая работа па ўшанаванні памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Дзякуючы намаганням педагогаў і школьнікаў адноўлены імёны многіх, хто пахаваны ў брацкай магіле. Удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых у гады вайны, затым адбылося ўскладанне вянкоў, кветак і гірлянды да помніка. У выкананні аркестра Смаргонскай пагранічнай групы прагучалі мелодыі ваенных гадоў.

Таксама ў школе далучыліся да акцыі «Памяць. Адзінства. Перамога» і ўвекавечылі імя земляка Канстанціна Голубева: на будынку Гудагайскай сярэдняй школы размясцілі памятную дошку ў гонар земляка – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Канстанціна Голубева. Пасля вайны і да выхаду на пенсію ён працаваў у раённым аддзеле ўнутраных спраў і многае зрабіў для забеспячэння парадку як у самім пасёлку, так і ў раёне. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця памятнай дошкі ўдзельнічалі камандаванне пагранкамендатуры, кіраўніцтва школы і актывісты ваенна-патрыятычнага і прававога класаў. Цяпер памяць пра Канстанціна Голубева будзе захоўвацца не толькі ў школьным музеі, пра яго змогуць даведацца ўсе, хто будзе праходзіць ці праязджаць каля школы.

Жанна ЯНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна

Поделиться ссылкой: