- Педагагiчны лайфхак

Беларускія прыказкі – люстэрка нацыянальнага менталітэту

Таццяна ДАВІДОВІЧ,
выхавальнік групы падоўжанага дня Магілёўскай гарадской гімназіі № 1

Фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцей і нацыянальнай ідэнтычнасці падрастаючага пакалення на сучасным этапе развіцця нашай краіны – адна з першачарговых задач выхавання.

У якасці сродка вырашэння гэтай задачы я выкарыстоўвала праектна-даследчую дзейнасць, якая найбольш эфектыўна дапамагае вучням самастойна шукаць адказы на свае пытанні і, што вельмі важна, набываць суб’ектыўную пазіцыю ў адносінах да іх. У выніку атрымаўся даследчы праект “Беларускія прыказкі – люстэрка нацыянальнага менталітэту”, які быў прызваны садзейнічаць узмацненню цікавасці малодшых школьнікаў да гісторыі беларускай зямлі і яе народа, далучэнню іх да нацыянальных каштоўнасцей.

Вядома, што кожны народ унікальны і непаўторны, са сваім асабістым характарам менталітэтам, які фарміруецца пад уплывам геаграфічнага становішча зямель, клімату, ландшафту, гістарычных падзей. Нам з вучнямі стала цікава, які ж менталітэт склаўся ў беларусаў і з якіх крыніц можна пра яго даведацца. Мы высветлілі, што вельмі добра менталітэт народа адлюстроўваецца ў прыказках. Вось як пра гэта пісаў літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік: “Збор народных прыказак, створаных дасціпнымі і мудрымі людзьмі, гэта матэрыялізаваная ў слове народная душа, філасофія жыцця, апраўданне чалавечай прысутнасці на зямлі, абгрунтаванне сэнсу індывідуальнага, асабістага і грамадскага, гістарычнага існавання, духоўная хартыя народа, яго пашпарт на нацыянальную тоеснасць і несмяротнасць у свеце. Прыказка нясе ў сабе маральна ўзважаны, мудры погляд на жыццё як сістэму адносін чалавека да свету прыроды, да грамадства, радзімы і да роду, сям’і…”.

У бібліятэцы мы набылі некалькі зборнікаў з прыказкамі і пачалі іх падрабязна вывучаць. Каб правільна трактаваць іх сэнс, мы паралельна знаёміліся з гісторыяй нашага народа, яго традыцыямі, побытам. Дзеля гэтага  пабывалі ў этнаграфічным музеі, паглядзелі фільм пра гісторыю Беларусі, які быў зняты па заказе Белтэлерадыёкампаніі, шмат інфармацыі знайшлі ў падручніку “Мая Радзіма – Беларусь”.

Усе адабраныя прыказкі, якія, на наш погляд, найбольш яскрава адлюстроўвалі характар беларусаў, мы размеркавалі па рубрыках. Кожнай з іх далі сваю назву. Напрыклад, “Талерантныя”, “Працавітыя”, “Гасцінныя” і інш. Усяго атрымалася 17 рубрык, у якіх было змешчана 107 адабраных намі прыказак.

Пасля адбору, аналізу і размеркавання сабранага матэрыялу мы прыступілі да творчай часткі праекта – стварэння ментальнай карты. На ёй мы размясцілі назвы найбольш характэрных асаблівасцей менталітэту беларусаў з прыкладамі прыказак у якасці пацвярджэння сваіх меркаванняў. Назвы чатырох рубрык, якія адлюстроўваюць адмоўныя рысы менталітэту, пазначылі чорным колерам. Астатнія рубрыкі адлюстроўваюць станоўчыя рысы, іх назвы мы пазначылі чырвоным колерам.

Такім чынам, у нас атрымаўся своеасаблівы ментальны партрэт беларусаў, які мы змаглі ўбачыць праз прызму народнай творчасці. Праект выклікаў цікавасць да тэмы сярод вучняў 4-га класа, быў паспяхова прадстаўлены на гімназічным, а потым на гарадскім конкурсе даследчых работ.

Работу над праектам, у якім прымалі ўдзел вучні 4-га класа, я лічу актуальнай і своечасовай, бо, як сцвярджаюць псіхолагі, нацыянальная ідэнтычнасць у поўным аб’ёме фарміруецца прыкладна ў дзесяцігадовым узросце. Актуальнасць можна растлумачыць тым, што самастойнай і незалежнай Рэспубліка Беларусь стала адносна нядаўна, і таму працэс станаўлення нацыянальнай самасвядомасці беларусаў яшчэ працягваецца. Я пераканана: для таго, каб наша краіна паспяхова развівалася, а наш народ упэўнена адчуваў сябе сярод іншых народаў, мы павінны цікавіцца і ганарыцца сваёй гісторыяй, бачыць і разумець унікальнасць і спецыфіку нацыянальнай культуры, валодаць роднай мовай і далучаць да гэтага нашых дзяцей. Такім чынам, наш праект можна лічыць маленькім укладам у фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці падрастаючага пакалення беларусаў.

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ