- Метадычка, Пачатковая школа. Iдэi

Гульня павышае якасць навучання

 

Надзея ВІТКОЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
Свіслацкай сярэдняй школы
Асіповіцкага раёна

 

Галоўнай задачай настаўніка пачатковых класаў з’яўляецца развіццё ў вучняў індывідуальных асаблівасцей, ключавых кампетэнцый, умення бачыць перспектыву прымянення ведаў на практыцы. Дзеці павінны ўмець лёгка адаптавацца ў сучасным свеце, мець здольнасць рэалізаваць сябе ў будучыні.

Адным са шляхоў вырашэння гэтых задач з’яўляецца прымяненне адукацыйных тэхналогій, якія дазваляюць разнастаіць урок. У першую чаргу, гэта гульнявыя адукацыйныя тэхналогіі, бо гульня вельмі сугучная прыродзе дзіцяці. Дзеці малодшага школьнага ўзросту лёгка ўключаюцца ў любую дзейнасць, асабліва ў гульнявую. Для іх гульня – гэта праца, гульня – гэта вучоба, гульня – гэта адпачынак і зносіны.

Вядома, падрыхтоўка да гульні патрабуе на парадак больш часу, чым яе правядзенне, але гэта таго варта. З асабістага вопыту ведаю: толькі скажаш: «А зараз пагуляем!», як вучні імгненна зменьваюцца, у іх у вачах загараецца цікавасць, з’яўляецца імкненне хутчэй і лепш за іншых выканаць заданне.

Як паказвае практыка, навучэнцы вельмі любяць гульні, у якіх прысутнічае кантрольная дзейнасць: «Я – настаўнік», «Кантралёр». Напрыклад, на ўроках рускай ці беларускай мовы дзеці могуць пагуляць у гульню «Рэдактар». Увесь клас дзеліцца на групы, і кожная выконвае заданне. Напрыклад: скласці 3–4 сказы па малюнку. У кожнай групе вызначаецца свой рэдактар, які ўсё правярае і выносіць свой вердыкт: друкаваць гэта ў часопісе ці не. У такіх гульнях навучэнцы адчуваюць сябе дарослымі, дасведчанымі і адказнымі.

На ўроку матэматыкі вельмі эфектыўныя гульні «Чароўны мех з падарункамі» (Навучэнцам дэманструюцца 8–10 прадметаў рознай формы, функцыянальнай прыналежнасці, колеру. На працягу хвіліны дзеці разглядаюць і запамінаюць іх. Потым гэтыя прадметы хаваюцца ў мех, а дзеці адказваюць на пытанні: якога колеру шар? колькі сініх прадметаў? і г.д.), «Убачыў, пачуў – запомні!» (Адзін з гульцоў запісвае 5 адназначных лікаў, затым выразна іх прамаўляе, лічбы закрывае. Пасля гэтага кожны вучань павінен запісаць іх сябе ў сшытку ў тым жа парадку. Той, хто дыктаваў, правярае іх ва ўсіх удзельнікаў. Пасля лікі піша той, хто першым справіўся з заданнем. Далей з гэтымі лікамі можна працаваць: запісаць у парадку змяншэння, узрастання, скласці іх, знайсці цотныя).

Гэта так званыя «кароткія гульні», на ўроку яны займаюць мала часу, але іх роля вялікая. Яны добра трэніруюць памяць, лагічнае мысленне, хуткасць рэакцыі. І ўжываць іх можна на ўсіх вучэбных прадметах.

А вось «доўгія гульні», якія займаюць 20 і больш хвілін, я лічу, часта прымяняць не трэба. Такія гульні не павінны стаць штодзённасцю. Гэтая гульня павінна быць вельмі цікавай і вельмі чаканай. Каб павысіць цікавасць навучэнцаў, можна абвясціць пра яе загадзя, тады рыхтавацца да гульні можа не толькі настаўнік, але і навучэнцы. Дзецям вельмі падабаюцца гульні-падарожжы, дзе яны могуць ажыццявіць палёт фантазіі, дзе шмат нагляднасці і часта шмат нечаканасцяў. Напрыклад, на ўроках вучэбнага прадмета «Чалавек і свет» маршруты нашых падарожжаў могуць быць такімі: «Падарожжа Лунціка па зімовым лесе», «Смяшарыкi ідуць на дапамогу», «Дапаможам Блюму і Стэле сабраць ураджай». Часам даводзіцца нават здзіўляцца, як падчас гэтай гульні лёгка засвойваецца нават даволі складаны вучэбны матэрыял. А правілы і формулы запамінаюцца надзейна і надоўга. Самае галоўнае – ніводнага абыякавага вучня на ўроку. З часам я заўважаю, як дзякуючы такім гульням у дзяцей пашыраецца кругагляд, развіваецца цікавасць да вучобы.

На ўроках навучання чытанню вельмі добра сябе паказалі гульні-драматызацыі. Яны фарміруюць уяўленне, робяць змест апавяданняў больш відовішчным і наглядным. Падчас інсцэніровак дзеці трэніруюць інтанацыю, міміку, жэсты, раскрываюць свае эмоцыі. Гэта вельмі добра дапамагае падрыхтаваць пераказ тэксту, стымулюе эмацыйнае развіццё дзіцяці. Пачынаць знаёмства з такім прыёмам лепш з інсцэніроўкі казак, а з часам дзеці вучацца паказваць і больш складаныя творы.

І вядома ж, на фізкультхвілінках можна выкарыстоўваць гульнявы момант. Напрыклад, можна загадаць загадку, адказ на якую дзеці павінны паказаць у руху. Або ўжыць заданне «Запомні рух і паўтары». Для яго выканання добра выкарыстоўваць тэлевізар ці інтэрактыўную дошку, дзе рухі дэманструюцца героямі любімых мультфільмаў.

Яшчэ адзін важны і чаканы момант – у канцы гульні трэба абавязкова вызначыць пераможцу і заахвоціць яго. Гэта стымулюе імкненне быць лепшым у наступнай гульні. Заахвочванне можа быць разнастайным, напрыклад, пераможца можа не рыхтаваць на заўтра хатняе заданне. Вельмі падабаецца навучэнцам і так званы сертыфікат «Антыдвойка», які дае права яго ўладальніку павысіць любую адзнаку на 1 бал ці не выставіць непажаданую ацэнку.

У выніку прымянення гульнявых тэхналогій мы бачым, што ўдзел малодшых школьнікаў у гульнях спрыяе іх самасцвярджэнню, развівае настойлівасць, імкненне да поспеху. Часам бывае, што менавіта ў гульні праяўляюць сябе навучэнцы, якія на звычайным ўроку паказваюць сярэдні ўзровень ведаў. Гульня дазваляе ім раскрыцца, праявіць уменне працаваць у камандзе, лідарскія якасці, сфарміраваць больш устойлівую базу ведаў.

У цяперашні час гульняў для малодшых школьнікаў распрацавана вялікае мноства. Безумоўна, ёсць спакуса паспрабаваць іх як мага больш, але, як кажуць, галоўнае не перашчыраваць, а ўжываць гульнявыя тэхналогіі апраўдана і дазавана.

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ