- Метадычка, Пачатковая школа. Iдэi

Як мы вучымся быць здаровымі

 

Святлана ГАЛАБУРДА,
настаўнік пачатковых класаў
Субочскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці

 

Адным з напрамкаў маёй працы з’яўляецца захаванне і ўмацаванне здароўя навучэнцаў. І тэму па самаадукацыі – “Фарміраванне ў малодшых школьнікаў навыкаў здаровага ладу жыцця” – абрала невыпадкова. Як жа быць здаровым? Што можа зрабіць кожны чалавек, каб быць здаровым? Менавіта на гэтыя пытанні мы з дзецьмі  і шукаем адказы на ўроках, класных гадзінах і ў пазаўрочнай дзейнасці.

Навыкі здаровага ладу жыцця фарміруюцца, у асноўным, у практычнай дзейнасці: у паўсядзённым жыцці, у паводзінах на экскурсіях, прагулках, занятках, у сям’і. Таму працаваць стараюся весці па сістэме, якая ўключае ўрокі «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», «Чалавек і свет», а таксама пазакласную работу.

Выкарыстоўваю актыўныя формы і метады працы ў навучанні здароваму ладу жыцця. Недастаткова проста даць веды, напрыклад, расказаць пра небяспеку навальніцы. Імкнуся сфарміраваць у дзяцей навыкі бяспечных паводзін у час навальніцы. Якія формы і метады выкарыстоўваю? Сезонныя экскурсіі і мэтавыя прагулкі. Падчас экскурсій звяртаю ўвагу дзяцей на тое, як яны апранутыя, ці адпавядае адзенне надвор’ю. У канцы экскурсіі дзеці ацэньваюць сябе самі, ці правільна апрануліся, ці было зручна, цёпла, камфортна або, наадварот, холадна, горача, нязручна. У ходзе кожнай экскурсіі расказваю пра ўменне весці сябе ў прыродзе, памятаць праправілы дарожнага руху.

Выкарыстоўваю такія метады, як назіранне, практычная дзейнасць, парная і групавая праца, сюжэтна-ролевыя і дыдактычныя гульні, дыскусіі, рашэнне сітуацыйных задач. Практычная дзейнасць уключае ў сябе працу ў сшытку (маляванне, наклейванне), працу з раздатачным матэрыялам, заняткі па пераходу вуліц і дарог. Для работ у парах выкарыстоўваю такія заданні: раскажы таварышу, як ты выконваеш парады Доктара Закалкіна або Нехварэйкі, прыдумай загадку пра кветку, ягаду, а таксама праводжу гульні ў парах, калі адзін чытае пытанні, другі – адказвае.

Методыку «Навучанне практыкай дзеяння» ужывала пры вывучэнні тэмы «Прастудныя захворванні». Разыгрывалася такая сітуацыя: два хлопчыкі з градуснікамі пад пахай, занадта цёпла апранутыя, захутаныя, заходзяць у клас. Дзеці аналізуюць: чаму хлопчыкі часта хварэюць? На ўроках вучні разбіралі і аналізавалі жыццёвыя сітуацыі, на прыкладзе якіх вучыліся адрозніваць паводзіны, карысныя для здароўя. У дзяцей выхоўвалася адказнасць за свае думкі, пачуцці, учынкі, выпрацоўваліся навыкі здаровага ладу жыцця, прычым не толькі назапашваліся звесткі пра здароўе, але і фарміраваліся ўменні прымяняць свае веды ў жыцці: папярэджваць прастудныя захворванні, правільна паводзіць сябе ў прыродзе, ведаць лекавыя і атрутныя расліны, арганізоўваць распарадак дня, апранацца ў адпаведнасці з надвор’ем.

Адзін з важных кампанентаў у сістэме фізічнага развіцця школьнікаў –арганізацыя правільнага, навукова-абгрунтаванага харчавання. У гэтым дапамагае факультатыўны занятак «Па прыступках правілаў здаровага харчавання». Для таго каб дзецям было цікава, на занятках з’яўляліся розныя персанажы: Паваронкін, Доктар Вітамінкін, Айбаліт і іншыя. Гэтыя персанажы задавалі пытанні, давалі парады, заданні, дасылалі лісты, ацэньвалі веды дзяцей. На занятках дзеці вучыліся адрозніваць карысную і не вельмі карысную ежу, выбіраць для харчавання карысныя прадукты, абмяжоўваць сябе ва ўжыванні не карысных для здароўя прадуктаў, разнастаіць свой рацыён.

Фарміраванню навыкаў здаровага ладу жыцця спрыяюць тэматычныя класныя гадзіны. На гэтых класных гадзінах дзеці навучыліся правільна даваць самаацэнку сваіх учынкаў і дзеянняў, адрозніваць паводзіны, якія спрыяюць умацаванню здароўя, ад тых, якія яму шкодзяць (заняткі «Злы чараўнік-алкаголь», гадзіна здароўя «У гасцях у доктара Айбаліта», «Курыць –здароўю шкодзіць», гульнявая праграма «Я здароўе берагу», «НЕ – шкодным звычкам» і інш.).

Спрыялі гэтаму і мерапрыемствы па рэалізацыі дзіцячых ініцыятыў «Хатнія расліны – нашы сябры» (1кл.) і «Гародніна і садавіна – карысныя прадукты» (2 кл.), правядзенне гульняў «Здароўе на талерцы», «Падарожжа па краіне правільнага харчавання», «Вітаміны на градцы». Дзеці разам з бацькамі стварылі кнігу рэцэптаў смачных і карысных салатаў з гародніны.

Адным з найбольш універсальных сродкаў умацавання здароўя чалавека з’яўляецца сістэматычная рухальная актыўнасць. На ўроках чытання, матэматыкі магчымасцяў для адвольных дзеянняўне шмат, таму падбіраю фізкультхвілінкі, якія патрабуюць больш энергічных рухаў. Часам на ўроках выкарыстоўваю фізкультхвілінкі, звязаныя з матэрыялам урока. Напрыклад, пасля прачытання апавядання Я.Чарушына «Што за звер?» прапаноўвалася дзецям праілюстраваць рухі розных звяроў.

Выкарыстоўваю практыкаванні для вачэй. Для развіцця дробнай маторыкі прымяняю гімнастыку для рук.

Прыклад дарослых, бацькоў – адзін з вырашальных фактараў, які спрыяе станаўленню ў школьнікаў здаровага ладу жыцця. Таму ўсю працу стараюся будаваць у цесным кантакце з бацькамі, яны атрымліваюць рэкамендацыі па ўмацаванні здароўя школьнікаў, індывідуальныя і групавыя кансультацыі «Здароўе». Былі праведзены бацькоўскія сходы «Роля сям’і ў фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця», «Рэжым дня і яго значэнне для здароўя малодшых школьнікаў».

Працуючы над фарміраваннем ў малодшых школьнікаў навыкаў здаровага ладу жыцця, я прыйшла да высновы, што школа можа і павінна быць  месцам ўмацавання здароўя навучэнцаў.

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ