- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Добры настрой – шлях да супрацоўніцтва

Як арганізаваць работу, каб яна прыносіла станоўчыя вынікі і задавальненне не толькі педагогам і выхаванцам дашкольнай установы адукацыі, але і іх бацькам? Адказ просты – неабходна заўсёды працаваць з добрым настроем.

У Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Свіслачы наладжана работа клуба па арганізацыі вольнага часу “Клуб вясёлага настрою”, членамі якога з’яўляюцца бацькі з кожнай групы. Асноўная мэта клуба – усебаковае супрацоўніцтва педагогаў і бацькоў у арганізацыі і правядзенні сумеснага вольнага часу. Вынiкамi работы клуба сталі падрыхтаваныя агульнымі намаганнямі святы (“Беларускія пасядзелкі”, “Масленiца”, “Пад матулiным крылом», “Бравыя салдаты”), выстаўкi (“Восеньскія дары”, “Мышыны горад”, “Велікоднае яйка”), мерапрыемства “Мы – юныя дызайнеры”, выраблены атрыбуты і касцюмы да навагодніх святаў. Перад кожнай такой падзеяй музычная зала набывала асаблiвы вобраз і надавала добры настрой у любую пару года.

 Самым незабыўным стаў конкурс “Маленькая Дзюймовачка”, на якім сваё хатняе заданне “Прыгожы капялюш” паказалі дзяўчынкі інтэграванай групы. Прэзентацыя вырабленых сваімі рукамі з дапамогай матуль капялюшыкаў уразіла журы і ўсіх удзельнікаў мерапрыемства не толькі прыгажосцю, але і арыгінальнасцю прадстаўлення маленькіх удзельніц конкурсу. Разам з матулямі дзяўчынкi чыталі вершы, спявалі і танцавалі.

У хуткім часе нашых выпускнікоў чакае развітанне з дзіцячым садам. Як зрабіць так, каб апошнія дні знаходжання ў дзіцячым калектыве сталі самымі яскравымі і непаўторнымі для дашкалят – гэтае пытанне абмяркоўвалася на апошнім пасяджэнні клуба.

Сумесная праца педагогаў і бацькоў дае свае станоўчыя вынікі, неабмежаваная фантазія і актыўнасць удзельнікаў клуба яднае нас і дорыць вясёлы настрой.

Алена БАЛЕЙКА,
музычны кiраўнiк, кiраўнiк клуба па арганізацыі вольнага часу
“Клуб вясёлага настрою” Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ