- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Дзень здароўя – гэта здорава

Педагогі Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Свіслацкага раёна ведаюць, як дапамагчы навучэнцам з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці жыць, усміхацца, імкнуцца ды новых дасягненняў у сілу сваіх магчымасцей. Адным з сацыяльных паказчыкаў якасці жыцця такіх дзяцей, інтэграцыі іх у соцыум з’яўляецца здаровы лад жыцця. Адна з форм работы з навучэнцамі – Дзень здароўя.

Пры правядзенні дзён здароўя выкарыстоўваюцца разнастайныя віды фізічных практыкаванняў, такія як хадзьба, бег, скачкі, практыкаванні з мячом, абручамі, гімнастычнымі палкамі. Навучанне рухальным дзеянням і развіццё фізічных здольнасцей ствараюць у навучэнцаў запас простых рухаў з паступовым ускладненнем, арыентуюць на ахоўныя функцыі арганізма, павышаюць патэнцыяльныя магчымасці навучэнцаў. Для развіцця наглядна-вобразнага мыслення, пазнавальнай дзейнасці, пашырэння слоўнікавага запасу выкарыстоўваюцца вершаванкі, загадкі-адгадкі ў выглядзе дыдактычнага матэрыялу, гульні. Даспадобы вучням прышліся гульні: “Грыбнік”, “Мышалоўка”, “Сумна так сядзець”, “Дружныя будаўнікі”, “Пападзі ў кошык” і іншыя. Эмацыянальная атмасфера гульні захапляе дзяцей і стымулюе выкананне фізічных практыкаванняў.

Асаблівую цікавасць выклікае ў дзяцей прыход Доктара Айбаліта, цыркавых клоўнаў, лясных гасцей Ваўка і Лесавіка. Разам з імі вучні замацоўваюць веды пра правілы харчавання, фарміруюць навыкі гігіены, рэжыму дня, загартоўвання. За старанне навучэнцаў госці частуюць іх яблыкамі, грушамі, апельсінамі. І самае галоўнае, вучні чакаюць, калі зноў да іх завітаюць казачныя героі і прынясуць ім хвіліны радасці.

Ірына БАРЭЛЬ,
сацыяльны педагог ЦКРНіР Свіслацкага раёна

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ