- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

У яго дзяцінстве была вайна…

Дзеці вайны… Хто яны? Праз што давялося ім прайсці? Як склалася іх жыццё? Сёння мы хочам расказаць пра аднаго чалавека, дзяцінства якога прыпала на страшныя ваенныя гады. Іван Сямёнавіч Васілеўскі нядаўна адзначыў сваё 85-годдзе. Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Сучаснік” інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна прыйшлі павіншаваць юбіляра.

Іван Сямёнавіч вельмі ўзрадаваўся прыходу жаданых гасцей. Вучні сардэчна павіншавалі дзядулю з днём нараджэння, чыталі яму вершы, спявалі песні і нават вадзілі карагоды. Напярэдадні Дня Перамогі дзецям выпала магчымасць бачыць і чуць жывога сведку той далёкай вайны. Іван Сямёнавіч вельмі добра памятае ваеннае ліхалецце, яно жыве ў яго памяці, нягледзячы на тое, што прайшлі дзясяткі гадоў.

Вайна ўварвалася нечакана, няпрошана ў шчаслівае басаногае дзяцінства шасцігадовага Вані. Гэта яна зрабіла яго, маленькага хлапчука, на ўсё жыццё інвалідам.

Ён добра памятае той дзень. Немцы, адыходзячы, узарвалі чыгуначную станцыю ў яго роднай вёсцы Андрэевічы. Усе мясцовыя хлапчукі, адганяючы страх, нягледзячы на забарону бацькоў, з цікаўнасцю пабеглі туды. Ад станцыі засталіся адны руіны. Відовішча было жудаснае. Сярод абломкаў цаглін на сонцы блішчаў прыцягальнай сілай серабрысты круглы прадмет. Як тут было прайсці міма? Дзіцячая цікаўнасць ўзяла верх над разважлівасцю. І вось прыгожая скрыначка ў дзіцячых руках. Выбух прагрымеў нечакана. Маленькі Ваня крычаў ад болю, па твары разам са слязьмі бегла кроў, але самае страшнае – ён нічога не бачыў. Ногі самі ўсляпую пабеглі дадому. Бацька хутка прыняў рашэнне, тэрмінова запрог каня і што было сілы памчаў з сынам у Ваўкавыск, у бальніцу да ўрача. Доктар зрабіў усё, што мог, але вярнуць зрок леваму воку так і не атрымалася. Хлапчук тады яшчэ не ведаў, што праз гэтае раненне яго потым не возьмуць у войска, ён не зможа атрымаць жаданае пасведчанне трактарыста, ды і шмат чаго іншага ў яго жыцці ўжо не будзе…

Іван Сямёнавіч успомніў і пачатак вайны, як ляцелі нямецкія самалёты, як потым у вёску ўвайшлі танкі, як немцы пабудавалі за вёскай бункер. Як яны, нахабныя, расхаджвалі па хатах мясцовых жыхароў у пошуках смачнай ежы. Як страшна было яго бацькам… Як забіралі моладзь у Германію… Як у 44-м праводзілі на фронт аднавяскоўцаў, і як потым прыходзілі ў вёску пахавальныя лісты… Успомніў, як рана яны, пасляваенныя хлопцы, станавіліся дарослымі. Расказаў, як з 14 гадоў ён стаў працаваць у калгасе, як так і не памяняў месца працы да пенсіі. Як ажаніўся, а потым разам з жонкай выгадавалі і выхавалі сына і дачку, далі ім вышэйшую педагагічную адукацыю. У гутарцы са школьнікамі сказаў, што сваіх дзяцей вучыў быць працавітымі, сумленнымі, добрымі і справядлівымі. Такімі яны і выраслі.

Не забыўся Іван Сямёнавіч пацікавіцца, што цяпер чытаюць школьнікі. Успомніў, як ён, нягледзячы на праблемы са зрокам, кожную нядзелю хадзіў у суседнюю вёску за 3 кіламетры ў бібліятэку і прыносіў адтуль цэлы стос кніг, як збіраліся потым у вясковай хаце і, нягледзячы на стомленасць пасля працоўнага дня, чыталі ўзахлёб “Ціхі Дон”, “Узнятую цаліну”, “Людзі на балоце” і многія іншыя творы. А ён сам асабліва любіў чытаць кнігі пра вайну і таму параіў вучням прачытаць раман Д.Мядзведзева “Моцныя духам” пра савецкага разведчыка Мікалая Кузняцова, які для яго быў і застаецца прыкладам сапраўднага патрыёта. І па сённяшні дзень Іван Сямёнавіч з’яўляецца актыўным чытачом перыядычных выданняў.

Дзеці з вялікай цікавасцю слухалі ўспаміны дзядулі Івана. Потым разам спявалі песні ваенных гадоў: “Кацюшу”, “Смуглянку”, “У зямлянцы”. На развітанне Іван Сямёнавіч пажадаў школьнікам добрай вучобы, шчаслівага дзяцінства, мірнага неба, наказаў памятаць і ніколі не забываць пра тое, якой цаной дастаўся нам мір, а яшчэ – цаніць, любіць і абараняць Радзіму.

Ала СКІБІЦКАЯ,
загадчык інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра
Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ