- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Далучаемся да беларускіх абрадаў

Беларуская культура багатая традыцыямі, абрадамі, звычаямі, якія дзеляцца на каляндарныя і сямейна-бытавыя. Да каляндарных адносяцца такія, як святкаванне Масленіцы, Каляд, Купалля, а да сямейна-бытавых – вяселле, хрэсьбіны, пахаванне. Навучэнцы 8-га класа і члены аб’яднання па інтарэсах “Крыніца” нашай школы інсцэніравалі вясельны абрад “Зборная субота”.

 Вяселле – цыкл абрадаў і ўрачыстасцяў, якія суправаджалі шлюб. Адным з этапаў вяселля з’яўлялася зборная субота. Напярэдадні вяселля да нявесты прыходзілі сяброўкі, суседкі і рыхтавалі яе да шлюбу. У народзе гэты абрад яшчэ называюць “паненскі вечар”, “вянкі”, “дзявічкі”, “суборы”.

Школьнікі даведаліся, што нават на збіранне нявесты неабходна было атрымаць бацькоўскае блаславенне; што вянок і вэлюм для нявесты рыхтавалі сяброўкі або суседкі, а ў час падрыхтоўкі нявесту саджалі не на крэсла, а на дзяжу – драўляную ёмiстасць, у якой ставiлi цеста (рошчыну) для хлеба – ежы, якую славянскiя народы лiчылi сакральнай. Пасадзiць нявесту на “пасад” азначала не што iншае, як пасадзiць на дзяжу, пакрытую кажухом. У беларускіх рытуалах дзяжа ўвасабляла жаночае чэрава. Рост дзіцяці ў чэраве жанчыны атаясамліваўся з падыманнем цеста. Таму дзяжа часта выкарыстоўвалася ў абрадах, накіраваных на спрыянне нараджэнню.

Не абыходзіўся гэты вечар і без варажбы. У пастаноўцы апісалі спосаб варажбы з курыцай.

Відэа пастаноўкі можна ўбачыць тут:

https://www.youtube.com/watch?v=NxM-g_lp9xM.

Алена РУСЯЛЕВІЧ,
настаўнік гісторыі Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ