Разьбяная ліштва Кіраўскага раёна

- 8:50Исследовательская деятельность

Таццяна ЛЫБЗІКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага

 

Праходзячы па вуліцах горада, праязджаючы па тэрыторыі раёна, нашы навучэнцы з цікавасцю разглядвалі старыя дамы і іх архітэктуру. Асабліва прываблівалі позірк драўляныя дамы і розная ліштва на вокнах з простымі і мудрагелістымі ўзорамі. А чаму вокны ў старыя часы так ўпрыгожвалі? Напэўна, драўляная ліштва вакол вокнаў стваралася не толькі для прыгажосці, але і мела нейкі асаблівы сэнс?

Са з’яўленнем у навучэнцаў 4-х класаў гэтых пытанняў мы вырашылі правесці ў нашай установе адукацыі творчы праект «Узоры роднага краю». З мэтай выяўлення ведаў пра ўзоры на вокнах, у класах прайшло анкетаванне. Аказалася, што разьбяная ліштва навучэнцам падабаецца, але яны не ведаюць, што абазначаюць узоры. Навучэнцы правялі конкурс малюнкаў «Карункавыя ўзоры», літаратурную віктарыну «Ліштва ў казках».

Ліштва на акне робіць кожны дом не падобным на іншыя, захоўвае гісторыю. Хацелася б зрабіць яе зразумелай будучым пакаленням. Упрыгожванне дома драўлянымі карункамі ператварае яго ў помнік архітэктуры. Для захавання багацейшай культурнай спадчыны Беларусі і нашага раёна, навучэнцы сабралі калекцыю фатаграфій і стварылі фотаальбом ліштвы Кіраўскага раёна для музея школы.

Вывучыўшы кнігі ў школьнай бібліятэцы, навучэнцы даведаліся, што кожны населены пункт адрозніваецца сваімі стылявымі асаблівасцямі драўлянай ліштвы, таму вырашылі вывучыць гэтыя асаблівасці на тэрыторыі Кіраўскага раёна. Яны даведаліся пра цікавыя падрабязнасці паходжання слова «ліштва».

Каб зразумець сімволіку разьбы, навучэнцы высветлілі, з якіх элементаў яна складаецца. Чатыры кампанента ліштвы: бакавыя, верхні і ніжні – сімвалізавалі чатыры пары года і чатыры бакі свету. Кожны ўзор, які ўплятаўся ў арнамент, меў строга вызначанае месца. Пэўныя элементы арнаменту можна было ўбачыць на ўсіх дамах адной вуліцы ці вёскі. Узоры маюць пэўнае значэнне. З даўніх часоў кожны гаспадар стараўся абараніць свой дом. Кожны хацеў, каб у сям’і ўсе былі здаровыя, сытыя, каб сям’я была ў бяспецы. А як чалавек мог гэта зрабіць? Аказваецца, ён абкружаў сябе ахоўнымі знакамі.

Навучэнцы правялі сацыяльнае апытанне жыхароў горада і вёсак, каб высветліць: ці ведаюць яны стылявыя асаблівасці ліштвы? З апытання даведаліся, што ліштва не толькі хавае шчыліны паміж сцяной і аконнай рамай, але і мае дэкаратыўнае і эстэтычнае значэнне, а таксама абараняе хату ад пранікнення нячыстай сілы. Іншымі словамі, калі на доме ёсць драўляная ліштва, зло не можа пракрасціся ў гэты дом.

На Кіраўшчыне захавалася прыгажосць і разнастайнасць драўлянага дойлідства. Прычым, у розных населеных пунктах можна назіраць розныя стылі афармлення. На фотаздымках драўлянай ліштвы нашага раёна, якія сабралі навучэнцы, адлюстравана вялікая разнастайнасць узораў: ёсць падобныя, але няма зусім аднолькавых. Аналіз фатаграфій паказаў, што часцей за ўсё сустракаюцца такія сімвалы ва ўзорах, як: берагіня, сонца, крылы, знакі вады і зямлі, раслінны арнамент, фігуркі птушак і жывёл, сімвалы савецкай эпохі.

Самая распаўсюджаная фігура на тэрыторыі нашага раёна – жанчына-маці або берагіня. Яшчэ адзін важны магічны знак нашых продкаў – гэта сонца. А звярыныя знакі, дарэчы, былі патрэбныя для таго, каб у гаспадарцы не гінулі і не хварэлі хатнія жывёлы.

Творчым праектам «Узоры роднага краю» нашы навучэнцы імкнуліся прыцягнуць увагу да гэтай тэмы, каб людзі, якія валодаюць дамамі, дзе ёсць разьба і ліштва, шанавалі і бераглі іх. Пакуль веданне сімвалізму зусім не страчана, яно павінна быць захавана. Гэта дазволіць не страціць сувязь ні паміж пакаленнямі, ні паміж рэгіёнамі нашай краіны.

Каб захаваць разьбёную прыгажосць, трэба прыкласці нямала намаганняў, а каб падзяліцца гэтай прыгажосцю з усімі, можна сфатаграфаваць або намаляваць яе. Гэтак жа паступілі і вучні нашай навучальнай установы, якія прымалі ўдзел у праекце «Узоры роднага краю».



Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий