- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Умацоўваем здароўе навучэнцаў

Сярод шматлікіх фактараў, якія ўплываюць на здароўе дзяцей у групе падоўжанага дня, на першым месцы аказваецца рухальная актыўнасць.

Рэжым дня прадугледжвае заняткі на свежым паветры: прагулкі-назіранні, экскурсіі, фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, спартыўныя гадзіны. Яны садзейнічаюць умацаванню здароўя, гартаванню арганізма, стварэнню станоўчага эмацыйнага фону. Правядзенне ў памяшканні інтэлектуальна-пазнавальных гульняў пра здаровы лад жыцця дапамагае дзецям усвядоміць значнасць здароўя. Гэта гульні «Калі хочаш быць здаровы», «Здаровы лад жыцця – шлях да поспеху, конкурсы чытальнікаў на тэму «Мы за ЗЛЖ», віктарыны, гульнявыя праграмы на веданне правіл здаровага ладу жыцця.

Для таго каб дзеці не стамляліся на занятках, праводзяцца фізхвілінкі і спецыяльныя практыкаванні для зняцця напружання апорна-рухальнага апарату, практыкаванні для рук і пальцаў, фарміравання правільнага дыхання, умацавання цягліц вачэй і паляпшэння зроку, комплекс фізічных практыкаванняў для прафілактыкі захворванняў органаў дыхання.

Выкарыстанне здароўезберагаючых тэхналогій дазваляе навучэнцам больш паспяхова адаптавацца ў адукацыйнай і сацыяльнай прасторы, раскрыць свае творчыя здольнасці.

Важнае месца адводзіцца стварэнню спрыяльнага мікраклімату ў групе. Добрая атмасфера, спакойная размова, пазітыўная рэакцыя выхавальніка на жаданне вучня выказаць сваё меркаванне, тактоўнае выпраўленне памылак, зацікаўленасць у самастойнай разумовай дзейнасці – усё гэта таксама спрыяе ўмацаванню здароўя навучэнцаў. Важна навучыць дзяцей радавацца сваёй маленькай перамозе, умець радавацца чужому поспеху.

Калі нельга выгадаваць дзіцяці, каб яно зусім не хварэла, то, ва ўсякім разе, падтрымліваць у яго высокі ўзровень здароўя цалкам магчыма. Таму клопат пра здароўе выхаванцаў – адна з прыярытэтных задач выхавальніка групы падоўжанага дня.

Вольга БАЯРЧУК,
выхавальнік ГПД Вялікабераставіцкай сярэдняй школы
імя С.В.Прытыцкага Бераставіцкага раёна

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий