Музейны квэст

- 9:14МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

Кожны год 18 мая адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. У гэтае свята ўжо традыцыйным стала правядзенне акцыі “Ноч музеяў”. У Быхаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі таксама ўжо некалькі гадоў праходзіць гэтая акцыя. А вучні з нецярпеннем чакаюць любога мерапрыемства, прапанаванага супрацоўнікамі нашага музея.

 

Навучэнцы 8-га класа Вараніноўскага дзіцячага сада – базавай школы – сталыя наведвальнікі Быхаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Мы ўсім класам заўсёды стараемся наведваць розныя выставы, якія там экспануюцца. А пастаянную экспазіцыю вучні глядзелі ўжо шмат разоў. У адзін з вясновых дзён яны выказалі жаданне ў чарговы раз наведаць музей. Але ў гэты час не было ніякай новай выставы, і мы звярнуліся ў музей з просьбай аб правядзенні музейных заняткаў. Нам прапанавалі яшчэ раз пабываць у залах музея, але паколькі мы з імі былі ўжо знаёмыя, то не проста паглядзець і паслухаць экскурсію, а згуляць у займальны квэст. Школьнікі з радасцю пагадзіліся, бо былі ўпэўненыя, што ведаюць музей як свае пяць пальцаў.

У пачатку квэста кожны атрымаў заданне з загадкамі, адказы на якія знаходзіліся ў залах музея. Потым трэба было адгадаць крыжаванку, знайсці адпаведныя прадметы ў экспазіцыі. Прычым выявы гэтых прадметаў былі на лісточку, але асноўная праблема для дзяцей заключалася ў тым, што часам яны шукалі вялікі прадмет, а ён аказваўся памерам з пазногаць. Пасля запаўнення першай карткі з загадкамі і крыжаванкі вучні змаглі расшыфраваць слова, якое называла адну са славутасцей Быхаўскага раёна: замак Сапегаў, сядзіба Талстых у Грудзінаўцы, сінагога, Баркалабаўскі манастыр. І тут ужо ля макетаў гэтых збудаванняў іх чакала новае выпрабаванне: на аркушы паперы была намаляваная частка адной з карцін, якія знаходзяцца ў музеі. Неабходна было не толькі знайсці яе, але і дамаляваць. Як аказалася, гэта зрабіць не так лёгка. А самай “незаўважнай” аказалася карціна-трыпціх, якая размяшчалася ў рыцарскай зале і займала амаль усю сцяну.

Калі дамаляваць карціну атрымлівалася годна і яна была вядомая, то ўдзельнікі квэсту атрымлівалі скрутак, у якім неабходна было аднавіць “згублены” тэкст. Аднак і гэта было справай няпростай, бо для пачатку трэба было па падказцы ўсталяваць дату, якая з’яўлялася ключом для вызначэння залы, кнігі, у якой быў згублены тэкст, старонкі ў гэтай кнізе. Для выканання гэтага задання таксама прыйшлося нямала папрацаваць. Але ўсе справіліся з пастаўленай задачай, ніхто не спыніўся на паўдарозе. Пасля праходжання квэсту дзеці прызналіся, што музей адкрыўся для іх з асаблівага боку. А назва, размяшчэнне, прызначэнне прадметаў, якія з’яўляліся адказамі да заданняў, яны цяпер ужо сапраўды будуць ведаць і памятаць.

Такія мерапрыемствы дапамагаюць развіваць дзяцей духоўна, разнастаіць іх светапогляд, выхоўваюць любоў да малой і вялікай Радзімы. Ды і фізічна прыйшлося даволі вялікую адлегласць прабегчы па залах музея. І мы з вучнямі ўжо запланавалі чарговае наведванне такога знаёмага, але да канца нязведанага музея, бо, як аказал

ася, ён захоўвае ў сваіх залах яшчэ шмат неабгрунтавана незаўважных наведвальнікамі рэчаў.

Таццяна ЖЫЖЫЯН,
класны кіраўнік 8-га класа Вараніноўскага дзіцячага сада – базавай школы Быхаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий