- Метадычка, Пазакласная работа

Ствараюць школьны летапіс

 

Наталія ШВАКЕЛЬ,
настаўнік гісторыі,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 9 Ліды

 

Музей у нашай школе выступае важным фактарам фарміравання грамадскай актыўнасці навучэнцаў, спрыяе захаванню і ўмацаванню школьных традыцый. Гісторыя школьнага музея «Памяць» сярэдняй школы № 9 Лідыпачалася ў 2011 годзе. Музейны фонд зараз налічвае281 экспанат, у тымлікуасноўны фонд – 139.

Профіль музея – гісторыка-краязнаўчы. Маюцца тры тэматычныя экспазіцыі: ваенна-гістарычная распавядаепрападзеі Вялікай Айчыннай вайны і гераізм савецкага народа; этнаграфічная ўзнаўляе інтэр’ер беларускай хаты і прадстаўляе прылады працы і прадметы побыту сялян, краязнаўчая экспазіцыя распавядае пра мінулае і сучаснасць школы, знакамітых землякоў,славутасці лідскага краю.

Дзейнасць музея прадугледжвае правядзенне розных мерапрыемстваў, арганізацыйна-метадычную і экскурсійную работу, работу з фондамі музея, пошукава-даследчую дзейнасць. У музеі праводзяцца ўрокі і факультатыўныя заняткі па гуманітарных дысцыплінах, прадметах эстэтычнай накіраванасці. Гэта дапамагае не толькі больш наглядна вывучыць тэму, але і адчуць сваю прыналежнасць да гістарычнага працэсу і духоўнай культуры свайго народа.

Музейны матэрыял задзейнічаны ў навучальным працэсе галоўным чынам у якасці ілюстрацыі. Так, на ўроку гісторыі ў X класе, калі вывучаецца раздзел «БССР у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў», навучэнцы знаёмяцца з матэрыяламі пра цяжкі ваенны час. Асноўныя раздзелы, якія пры гэтым выкарыстоўваюцца: «Памятаем і ганарымся», дзе сабраны сведчанні вайны (лісты, падзякі, ваенныя білеты), кніга-памяць з успамінамі ветэранаў, запісанымі і аформленымі навучэнцамі школы; раздзел «Рэха вайны» – тут прадстаўлены прадметы ваеннага часу (рамяні, салдацкая каска, рэчмяшок, пляшкі, кацялок, пілотка і інш.). Урокі-экскурсіі з інтэрактыўнымі элементамі дапамагаюць адчуць подых эпохі, актыўна ўзаемадзейнічаць з экспазіцыйным матэрыялам. У музеі знаходзіцца і дапаможны фонд, які складаецца з літаратуры ваенна-гістарычнай тэматыкі, некаторыя выданні датуюцца першым пасляваенным дзесяцігоддзем.

Шмат мерапрыемстваў на базе музея праходзіць у фармаце тэматычных вечароў, сустрэч з ветэранамі, урокаў мужнасці, літаратурна-музычных кампазіцый, фальклорных святаў, пры гэтым выкарыстоўваюцца памяшканні актавай залы, бібліятэкі, класных кабінетаў. Цікава і змястоўна арганізуюцца тэматычныя выставы «Вялікі подзвіг народа», «Маленькія героі вялікай вайны», «І памяць рэхам адгукнецца», якія выступаюць у ролі як асобнага мерапрыемства, так і ў якасці складовай часткі больш маштабных праектаў.

Этнаграфічная экспазіцыя пачынаецца з прылад працы людзей каменнага стагоддзя: каменныя сякеры, рубілы, таксама сабраны прылады працы і прадметы побыту сялян: драўляныя лыжкі, міскі, збаны, самавар, серп, прасніца, матавіла.

Сярод навучэнцаў асаблівай папулярнасцю карыстаюцца гульнявыя формы работы. Так, стала традыцыяй правядзенне бліц-турніру «Забыты куфэрак», у ходзе якога вывучаецца змесціва куфара, прызначэнне кожнай рэчы (аналіз можна рабіць па прапанаванай схеме і пэўнай тэме). У працэсе работы мы даём характарыстыку прадметаў, якія знаходзяцца ўнутры куфара, і складаем партрэт чалавека і прыкладную эпоху, у якой ён жыў.

У гэтым годзе хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем прымаюць удзел у акцыях, прымеркаваных да Года малой радзімы: «Гэта наша з табой гісторыя, гэта наша з табой малая радзіма», «Невядомыя старонкі гісторыі роднага краю». Кожны з іх імкнецца падрыхтаваць матэрыял, звязаны з гісторыяй краю, побытам народа, даведацца пра нацыянальныя і культурныя традыцыі. Сабрана папка-дасье «Выдатныя нашы ваенныя» аб гісторыі легендарнай 206-й штурмавой авіябазы, размешчанай на лідскім аэрадроме. У пачатку XX стагоддзя нашаму гораду пашчасціла стаць родапачынальнікам базіравання самых магутных на той час вінтакрылых машын «Ілля Мурамец».

Асаблівы гонар для музея – стварэнне імяннога стэнда, прысвечанага нашай зямлячцы Веры Станіславаўне Курыла, выдатніку адукацыі, кавалеру міжнароднага Ордэна Усмешкі. Гэтым незвычайным ордэнам дзеці ўзнагароджваюць дарослых, якія прыносяць ім радасць.  

У апошнія гады навучэнцы працуюць над зборам успамінаў пра гісторыю школы і стварэннем «Школьных летапісаў», вывучаюць гісторыю развіцця школы, збіраюць мясцовы фальклор, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Цікавай формай работы сталі краязнаўчыя чытанні «Іх імёнамі названы…», падчас якіх хлопцы і дзяўчаты выступаюць з паведамленнямі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра нашых землякоў, якія праславіліся ў тыя далёкія гады.

Навучэнцы з задавальненнем наведваюць музей. А некаторыя праяўляюць асаблівую зацікаўленасць і становяцца актыўнымі членамі групы «Актывісты школьнага музея». Удзельнікі групы праводзяць экскурсіі, займаюцца пошукава-даследчай дзейнасцю, афарміцельскімі работамі. З гэтых актывістаў арганізаваны савет музея, які аднаўляецца кожны год. Да правядзення экскурсій прыцягваюцца вучні, пачынаючы ўжо з 5-х класаў.

У сучасных умовах роля школьных музеяў стала значна ўзрастаць. Шмат у чым гэта звязана з тым, што напрамкі работы школьных музеяў даволі шырокія, што дазваляе актыўна ўключаць іх у адукацыйны і выхаваўчы працэс.

 

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ