- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Святкавалі Дзень нараджэння Scratch

 

 

У сярэдняй школе № 40 Магілёва адзначылі сусветны Дзень нараджэння Scratch.

Тэматычнае мерапрыемства правяла настаўнік пачатковых класаў, выкладчык факультатыва па Scratch Валянціна Музарава. Свята адбылося ў супрацоўніцтве з Паркам высокіх тэхналогій і ў рамках Тыдня Scratch, які прайшоў па ўсёй Беларусі. Удзельнікамі свята сталі навучэнцы 2 “Ж” класа.

Пад кіраўніцтвам свайго настаўніка дзеці выконвалі заданні на развіццё логікі: праходзілі лабірынты і будавалі маршруты з дапамогай алгарытмаў розных тыпаў. Навучэнцы, якія займаюцца на факультатыве ў В.В.Музаравай і ўжо ўмеюць працаваць са Scratch, пазнаёмілі з гэтым асяроддзем праграмавання сваіх аднакласнікаў. Акрамя гэтага, Валянціна Васільеўна прадэманстравала вучням, як з дапамогай Scratch можна кіраваць дронам і нават праграмаваць яго палёт па вызначаным маршруце.

– Гэта было першае падобнае прымяненне візуальнага асяроддзя праграмавання Scratch для кіравання дронам у школах Беларусі. Scratch лічыцца дзіцячай мовай праграмавання, але атрымліваецца, што з яго дапамогай дзеці могуць кіраваць такім высокатэхналагічным апаратам, як дрон. Калі казаць прасцей, дрон можна праграмаваць, як камп’ютар. Калі напішам правільную праграму, дрон, як паслухмяны робат, будзе ляцець і выконваць тыя рухі, на якія мы яго запраграмуем. На нашым свяце дрон лётаў па квадраце, але магчыма запраграмаваць яго палёт па любым палігоне. Дзеці з захапленнем назіралі, як пасля націску кнопкі запуску праграмы Scratch на экране ноўтбука дрон, як па чараўніцтве, самастойна ўзлятаў, пралятаў па квадраце і прызямляўся на падлогу класа. Дрон выконваў і яшчэ адну праграму Scratch: узлятаў, рабіў фліп-пераварот на 360 градусаў вакол сваёй восі, пасля чаго мяўкаў і прызямляўся. Дзеці маглі паспрабаваць самастойна кіраваць дронам з дапамогай віртуальнага Scratch-штурвала, – паведаміла Валянціна Васільеўна.

Паводле яе слоў, навучэнцы былі ў захапленні ад свята, асабліва іх уразіў дрон і магчымасць самастойна ім кіраваць. На памяць пра свята ўсе дзеці атрымалі выяву з сімвалам візуальнага асяроддзя праграмавання Scratch.

Scratch – гэта простая і даступная ўсім у выкарыстанні візуальная мова праграмавання, якой займаюцца мільёны дашкольнікаў і школьнікаў па ўсім свеце. Гэта пачатак навучання праграмаванню, з вывучэння якога дзіця ўваходзіць у свет прафесійнай распрацоўкі – як будучы праграміст, схематэхнік, канструктар або тэхнічны дызайнер. У Беларусі дзяржава ў асобе Парку высокіх тэхналогій і Міністэрства адукацыі ўсяляк падтрымлівае выкладанне праграмавання на Scratch. Дзеці пачынаюць вывучаць Scratch у школах у выглядзе факультатываў з 2-га класа. Распрацаваны афіцыйныя школьныя праграмы па Scratch для 2–6 класаў сярэдняй школы, Паркам высокіх тэхналогій вядзецца бясплатнае навучанне асновам выкладання Scratch усіх жадаючых настаўнікаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий