- Педагагiчны лайфхак

Майстар-клас па вырабу дыдактычных дапаможнікаў для стымуляцыі маўленчай актыўнасці дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы

 

Людміла ВЯРСТАК, 
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 6 Ваўкавыска

 

Мэта: павышэнне прафесійнага ўзроўню ўдзельнікаў майстар-класа па арганізацыі актыўнага педагагічнага ўзаемадзеяння і абмену вопытам па вырабу дыдактычных дапаможнікаў для стымуляцыі маўленчай актыўнасці выхаванцаў.

Задачы: пазнаёміць удзельнікаў майстар-класа з тэхнікай арыгамі як сродкам стымуляцыі маўленчай актыўнасці; навучыць практычным навыкам вырабу цацак у тэхніцы арыгамі.

Матэрыял і абсталяванне: узоры цацак-арыгамі, нажніцы, клей, фламастэры, схемы вырабу цацкі (для кожнага ўдзельніка).

Катэгорыя ўдзельнікаў: настаўнікі-дэфектолагі спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы ўстаноў дашкольнай адукацыі.

 

Ход майстар-класа

Мова не з’яўляецца прыроджанай здольнасцю чалавека, яна складваецца ў дзіцяці паступова з яго развіццём. Менавіта ў дашкольным узросце пачынаецца мэтанакіраваная праца па развіцці ўсіх кампанентаў мовы, удасканаленні ўменняў выказваць свае думкі, будаваць дыялог.

Па словах В.А. Сухамлінскага “Дзеці разумеюць ідэю толькі тады, калі яна выказана ў яркіх вобразах”. А стварыць гэтыя яркія вобразы дапаможа старажытнае японскае мастацтва арыгамі, якое спалучае ў сабе ўсе неабходныя сродкі для развіцця вобразнага мыслення і ўяўлення, аказвае жыватворны ўплыў на развіццё мовы дзіцяці.

Асаблівае значэнне арыгамі набывае для развіцця дзяцей з агульнымі парушэннямі мовы. Гэта блізкае і даступнае ім мастацтва. Дзеці сутыкаюцца з чымсьці звычайным і выдатным. За кароткі час яны могуць навучыцца ператвараць паперу ў дзіўныя вырабы.

Сутнасць арыгамі раскрыта ў шэрагу даследаванняў замежных і айчынных педагогаў і псіхолагаў. Гэта мастацтва, якое:

  • дапамагае развіваць мастацкі густ і логіку;
  • спрыяе фарміраванню прасторавага ўяўлення;
  • развівае памяць, спрыяе канцэнтрацыі ўвагі і самадысцыпліне (каб атрымаць жаданы вынік, трэба засяродзіцца на працэсе вырабу);
  • актывізуе разумовыя працэсы;
  • удасканальвае дробную маторыку, дакладныя рухі пальцаў;
  • развівае вакамер;
  • выхоўвае ўседлівасць, адказнасць, акуратнасць, беражлівыя адносіны да прадметаў і матэрыялу;
  • спрыяе фарміраванню добрых пачуццяў да блізкіх і дае магчымасць выказаць гэтыя пачуцці праз зробленыя сваімі рукамі падарункі;
  • уплывае на фарміраванне самастойнасці, упэўненасці ў сабе, самаацэнкі;

Каштоўнасці арыгамі ў развіцці дзіцяці:

  • даступнасць паперы як матэрыялу, прастата яе апрацоўкі робяць працэс вырабу фігурак захапляльным і цікавым;
  • абсалютная бяспека заняткаў арыгамі, нават для самых маленькіх дзяцей;
  • арыгамі не патрабуе вялікіх матэрыяльных выдаткаў;
  • арыгамі – калектыўная творчасць.

Матэрыял па арыгамі можна выкарыстоўваць у адпаведнасці з лексічнымі тэмамі заняткаў па развіцці мовы. Што можа быць цікавей, як стварыць нешта сваімі рукамі і расказаць пра гэта? Яркія вобразы персанажаў даюць магчымасць выкарыстоўваць іх для пераказаў і аповедаў знаёмых дзецям твораў і казак, для ўласнага складальніцтва, развіваюць дыялагічную і маналагічную мову дзяцей. І што каштоўна, матэрыял для заняткаў створаны самімі дзецьмі.

Навучыць дзяцей складаць базавыя формы – залог поспеху ў дасягненні выніку. Навучанне складанню базавых формаў лепш праводзіць індывідуальна. У далейшым гэта палегчыць выраб і скароціць час на выкананне цацкі, дзеці навучацца чытаць схемы і выконваць цацкі па ўласным жаданні без дапамогі дарослага.

Важна падчас прымянення любога з прыёмаў выкарыстоўваць правільную агульнапрынятую тэрміналогію. Нават пры навучанні дзяцей дашкольнага ўзросту трэба аперыраваць такімі тэрмінамі як: вугал (называючы яго прасторавае размяшчэнне), бок, цэнтр, лінія, дыяганаль. У гэтым узросце гэтыя паняцці назапашваюцца ў пасіўным слоўніку, што ў далейшым палягчае раскрыць паняцце тэрмінаў і іх засваенне, уменне прымяняць у дзейнасці.

Для стварэння матывацыі можна выкарыстоўваць гульнявыя прыёмы, праблемныя сітуацыі, ролевыя гульні. Для стварэння творчай атмасферы можна ўжываць мастацкае слова.

               Што такое арыгамі,
               Зараз я вам раскажу:
               Гэта значыцца з паперы
               Вырабляю, што хачу.
               Прастакутнікі, квадраты
               Я згінаю шмат разоў.
               Атрымаеш у руках цацку –
               Забаўлянку і гульню!

Фігуры, складзеныя з паперы, можна эфектыўна ўжываць у тэатралізаванай дзейнасці. Разнастайнасць і нескладанасць выканання дазваляе інсцэніраваць розныя мастацкія творы. Дзеці з вялікім задавальненнем рыхтуюць дэкарацыі і персанажаў да пастаноўкі. Такая дзейнасць падахвочвае выхаванцаў актыўна карыстацца атрыбутамі тэатральнага кутка, развівае творчыя здольнасці і псіхічныя працэсы.

Персанажы, выкананыя ў тэхніцы арыгамі, выкарыстоўваюцца ў розных відах тэатра: тэатр на палачках, з выкарыстаннем фланэлеграфа, тэатр на магнітах…. Дзеці любяць сваіх папяровых герояў і часта самастойна арганізуюць паказ казкі або назіранняў з навакольнага жыцця. Дзеці беражліва ставяцца да фігурак з паперы, праяўляюць ініцыятыву, калі патрабуецца рамонт або замена героя.

Існуе некалькі варыянтаў арыгамі-казак:

     1) казкі, у якіх выкарыстоўваюць фігуркі (працэс складвання можа быць падзелены на некалькі этапаў). Гэта свайго роду «цацкі-трансформеры».

     2) казкі-падказкі, практыкаванні ў казачнай форме. Напрыклад, складаючы «Кніжку» (сагнуты папалам квадрат), мы гаворым дзецям: «Чароўны квадрат ператвараецца ў прастакутнік, адзін яго бок ідзе ў госці да другога, прагладжваецца лінія згіну ад цэнтра да аднаго краю, затым да іншага».

     3) казкі, працэс складвання ў якіх асаблівым спосабам «зашыфраваны» ў тэксце.

Геаметрычныя тэрміны замяняюцца на знаёмыя паняцці або дзеянні. Калі замяніць працэс складвання расповедам, гульнёй, то фігурка атрымліваецца “сама па сабе”, непрыкметна для дзіцяці. Пасля засваення вырабу фігурак, дзеці маюць магчымасць прапанаваць свае казкі на аснове тых жа мадэляў ці падабраць іншыя найпростыя формы традыцыйных фігурак арыгамі. Вось у такую казку я і прапаную вам сёння пагуляць.

 

Казка «Ліска»

Уявім сабе, што просты ліст паперы стаў казачнай краінай, у якой жывуць Прынц і Прынцэса. Жывуць яны ў розных канцах краіны.

     1) паказваем на два супрацьлеглыя вуглы квадрата.

Аднойчы юнак і дзяўчына сустрэліся.

     2) злучаем два супрацьлеглыя вуглы квадрата.

Яны палюбілі адзін аднаго і вырашылі пажаніцца. А пажаніўшыся, яны пабудавалі дом ля высокай горы.

     3) згінаем складзены ліст так, каб ён стаў падобны на гару.

Яны жылі шчасліва, і ў іх нарадзіліся два сыны.

     4) паказваем на два ніжніх вуглы трохвугольніка і злучаем іх.

Аднойчы браты пасварыліся і разбегліся з бацькоўскага дома ў розныя бакі, у горы. Адзін пабег у адзін бок, а другі – у іншы.

     5) разводзім вуглы трохвугольніка.

І прапалі абодва ў лесе.

     6) дэманструем тры верхніх вуглы фігуры.

Бацькі былі няўцешныя і вырашылі: што б там ні стала, знайсці сваіх сыноў. Толькі дарогі ў горы яны не ведалі. Таму яны вырашылі папрасіць дапамогі ў самога хітрага звера. І звер пайшоў па дарожцы.

     7) складываем паласу на трохвугольніку.

Дарожка, па якой пабег звер, была то вузкая, то шырокая.

     8) раскрываем паласу, павялічваючы шырыню.

І вось, нарэшце, у дрымучым лесе знайшоў звер братоў. Яны даўно ўжо памірыліся, але не ведалі, як ім вярнуцца дадому. Звер пысачкай паказаў ім шлях дадому і нават хвастом памахаў.

     9) выконваем мыску лісічкі і выконваем хвост.

А зараз можна спытаць дзяцей, якія глядзелі і слухалі гэту гісторыю, які ж звер знайшоў і выратаваў братоў? Хто дапамог ім вярнуцца дадому?

Ствараючы фігуркі арыгамі, педагог атрымлівае магчымасць стаць у вачах дзіцяці сапраўдным чараўніком, а дзіця – радасць ад незвычайных заняткаў.

Цацкі-арыгамі можна выкарыстоўваць для:

  • пашырэння пасіўнага і актыўнага слоўніка дзяцей;
  • аўтаматызацыі пастаўленых гукаў;
  • развіцця граматычнага ладу маўлення;
  • знаёмства з выглядам гука пры навучанні дашкольнікаў грамаце.

 

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий