- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Дзень дзяцінства ў анлайн-фармаце

 

 

Набліжаецца 1 чэрвеня. Дзень, калі пачынаецца лета, а з ім – час новых знаёмстваў, новых адкрыццяў, новых уражанняў. А яшчэ гэта Міжнародны дзень абароны дзяцей.

Штогод у гэты дзень па ўсёй краіне дарослыя ладзяць разнастайныя мерапрыемствы для маленькіх дзяўчынак і хлопчыкаў, ствараюць сапраўднае свята дзяцінства. У гэтым годзе ў Зэльвенскім раёне мерапрыемствы пройдуць у новым, але ўжо даволі папулярным анлайн-фармаце.

Педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Зэльвы падрыхтавалі шмат цікавых прапаноў, як весела і карысна сустрэць дзень дзяцінства. А пачнецца святкаванне ў 11.00, калі на галоўнай старонцы сайта ЦТДіМ Зэльвы будзе актывізаваны банэр #Дзень_дзяцінства_разам#, і ўсе ахвотнікі змогуць далучыцца да святочнага анлайн-марафону.

Сваімі ўсмешкамі і прывітаннямі дзеці змогуць падзяліцца ў рамках чэленджа “Прывітанне, лета!”.

Маленькія эрудыты змогуць праверыць свае веды ў анлайн-віктарыне “Тэрыторыя дзяцінства” і медыяазбуцы “Горад майго дзяцінства”, прысвечанай 80-годдзю ўтварэння Зэльвенскага раёна.

Юных спевакоў і ўвогуле ўсіх аматараў спеваў запросяць далучыцца да караоке-марафону дзіцячых песень, а тым, хто не можа сядзець склаўшы рукі, а ўвесь час цягнецца да hand-made творчасці, прапануюць наведаць віртуальную творчую лабараторыю “Дома не сумна!”.

Ну і, канечне, што за свята без фотаздымкаў! Фотакросінг у сацыяльнай сетцы “УКантакце” “Калясім турысцкімі маршрутамі” заахвоціць да падарожжаў па малой радзіме.

Дарэчы, для аматараў падарожжаў і роднай гісторыі арганізатары падрыхтавалі і віртуальную экскурсію “Зорачка на карце раёна”.

Спадзяемся, што новы фармат правядзення Дня абароны дзяцей прыцягне яшчэ больш удзельнікаў, чым у мінулыя гады. А мы запрашаем на марафон не толькі маленькіх зэльвенцаў, але і ўсіх тых, хто нават праз доўгія гады ў душы застаецца маленькім хлопчыкам ці дзяўчынкай.

Алена ЦЯРЭШЧАНКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Зэльвы

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ