- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Сапраўдны грамадзянін паважае сваю родную мову

 

Выхаванцы малодшай групы ясляў-сада № 81 Магілёва пачынаюць далучацца да роднай мовы праз спецыяльна арганізаваную і нерэгламентаваную дзейнасць. 

У другой малодшай групе былі праведзены заняткі па маляванні на тэму “Упрыгожым спадніцу беларускім арнаментам”. Дзеці даведаліся, што народнае адзенне часцей за ўсё ў нас вышывалі чорным і чырвоным арнаментам па белым.

У сярэдніх групах прайшлі заняткі: “Падарожжа ў сялянскую хату” (міні-музей дзіцячага сада). Дзеці пазнаёміліся з гісторыяй сялянскага быту, асноўнымі рэчамі, іх ужываннем і выкарыстаннем у сялянскай хаце. Вялікую зацікаўленасць у дзяцей выклікала прасніца – драўляная прылада для прадзення воўны, кудзелі. Збаны, гарлачыкі, глякі і міскі не засталіся без увагі дзяцей.

У старэйшых групах прайшло цікавае мерапрыемства – віктарына “Мы ведаем родную мову”. Нягледзячы на цяжкасць заданняў і складанасць фармату гульні, выхаванцы “лузгалі пытанні, як семкі”. Пачалі з размінкі: гульня “Скажы па-беларуску” з малюнкамі. Потым былі гульня “Здагадайся, што гэта” (дзецям задаваліся малазнаёмыя словы), “Падбяры рыфму да прапанаванага слова”, “Прадоўжы радок з вядомага беларускамоўнага верша”, “Чаму так называецца?” (адгадвалі значэнне матываванага слова), “Скажы правільна” (ужывалі цяжкія формы знаёмых слоў). Скончылася мерапрыемства падвядзеннем вынікаў, узнагароджваннем пераможцаў і музычным нумарам: праслухоўваннем аўдыязапісу беларускай песні “Родная мова” (у выкананні ансамбля “Песняры”).

Праведзеныя мерапрыемствы яшчэ раз падкрэсліваюць: каб лічыцца сапраўдным беларусам, трэба да роднай мовы далучацца з калыскі.

Вольга КУШЛЯНКОВА, Наталля МІТЛАЧЭЎСКАЯ,
выхавальнікі ясляў-сада № 81 Магілёва

Поделиться ссылкой:

Пакінуць адказ