- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Тэатральныя вячоркі для маленькіх

 

 

З мэтай далучэння дзяцей да тэатральнай дзейнасці і беларускай культуры у час канікул у нашай дашкольнай установе былі арганізаваны тэатральныя вечары на роднай мове. Праграма прайшла пад назвай “Па старонках казак” і была накіравана на развіццё мастацкіх здольнасцей выхаванцаў, іх творчага патэнцыялу.

Можна сказаць, што тэатралізаваная дзейнасць з’яўляецца крыніцай развіцця пачуццяў, глыбокіх перажыванняў і адкрыццяў дзіцяці, далучае яго да духоўных каштоўнасцей. Але не менш важна, што тэатралізаваныя заняткі развіваюць эмацыянальную сферу дзіцяці, прымушаюць яго спачуваць персанажам, суперажываць.

Наогул, ва ўстанове добра наладжана тэатральная дзейнасць па розных кірунках: тэатр маленькіх пальчыкаў, тэатр на стале, на лыжках, напарсткі, тэатр “Бі-ба-бо”. З некаторымі з іх бацькі выхаванцаў пазнаёміліся на адкрыцці сезона тэатральных вечароў.

Я была вядучай праграмы і давала карысныя парады, як выкарыстоўваць тэатральныя гульні дома, як разам з дзецьмі можна зрабіць тэатр, у гульнёвай форме пазнаёміла з тэрміналогіяй па тэме. Асаблівую цікавасць выклікаў практыкум па кіраванні лялькамі. Гэта сапраўдны цуд: надзяваеш ляльку на руку – і ў жыццё прыходзіць казка.

Выхаванцы сярэдніх і старэйшых груп падрыхтавалі і паказалі для ўсіх дзяцей цыкл беларускіх народных казак: “Коцік, пеўнік і лісіца”, “Зайкава хатка”, “Пшанічны каласок”, “Церамок”, сярод якіх былі музычныя казкі “Рэпка”, “Муха-пяюха” і іншыя. Дзеці падрыхтавалі і прачыталі вершы беларускіх аўтараў.

Бацькі ўпэўніліся, што на сцэне ў час тэатральнай дзеі дзеці забываюцца пра ўсё, трапляюць у свет фантазіі, раскрываюцца. Сарамлівыя малыя ў час спектакля могуць іграць ролю забіяк і задзіраў, рэзкія і прыткія – становяцца ціхімі і спакойнымі. Лялькі дапамагаюць выхаванцам стаць на месца іншага чалавека. Удзел дзяцей у тэатралізаваных гульнях дастаўляе ім радасць, выклікае актыўную цікавасць, захапляе, стварае псіхалагічны камфорт.

Нашы выхаванцы з дапамогай тэатральна-гульнёвай дзейнасці атрымліваюць новыя ўражанні, уяўленні, уменні. Дзякуючы вопытным педагогам, у дзяцей развіваюцца цікавасць і любоў да літаратуры, тэатра, музыкі, фарміруюцца тэатральна-мастацкія здольнасці, актывізуецца слоўнік, дыялагічная, эмацыянальна-насычаная мова.

Вольга КУШЛЯНКОВА,
выхавальнік ясляў-сада № 81 Магілёва

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий